Never get old


50: узрост шчасця або адчаю?

Знаходзячыся за мяжой, заўсёды міжволі звяртала ўвагу на тамтэйшых пенсіянераў: стыльныя, вясёлыя і, галоўнае, актыўныя. Здаецца, яны паўсюль: у кафэ і рэстаранах, на экскурсіях, у музеях, на пляжах. Гэтыя мілыя старыя — асноўны кантынгент турыстычных агенцтваў.

путешествие

Аднак ці можна іх назваць старымі? Па класіфікацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў дыяпазоне ад 25 да 44 гадоў - чалавек малады; ад 44 да 60 - мае сярэдні ўзрост; з 60 да 75 - людзі лічацца пажылымі; з 75 да 90 - гэта ўжо прадстаўнікі састарэлага ўзросту. Ну, а звыш таго лічацца доўгажыхарамі.

Дарэчы, пра лічбы. Апошнім часам ў аэрапортах Германіі і Амерыкі ў мяне ўзнікаюць праблемы з электроннай рэгістрацыяй на рэйсы - іх камп’ютары не разумеюць, як можа быць тэрмін дзеяння пашпарта да 100 гадоў. А ў нас такое прадугледжана! Тамтэйшыя служачыя заўсёды ўсміхаюцца і жартуюць наконт гэтага.

Калі мне было 18, трыццацігадовыя жанчыны выклікалі ў мяне шкадаванне - яны здаваліся бабулькамі. Я ўжо не кажу пра пяцідзесяцігадовых: семкі, вядро і смаркатыя ўнукі - вось і ўся цікавасць! Напэўна, і цяпер так думаюць многія маладыя. Хоць, на шчасце, час мяняецца: з развіццём тэхналогій працягласць жыцця даволі моцна ўзрасла, а сучасная касметалогія можа стварыць цуд: часам 50-гадовыя кабеты выглядаюць лепш аднагодак сваіх дарослых дзяцей.

01

Іншае пытанне, што стаўленне грамадства да лічбаў у пашпарце не змянілася. Дагэтуль, многія наймальнікі пры працаўладкаванні вызначаюць узрост будучага работніка: «да 25-30 гадоў, з вопытам работы ад 10 гадоў». А эксперты па модзе падкрэсліваюць: гэта, маўляў, моладзевы стыль, людзям пасля 30 гэта насіць ня трэба.

04

Мая сваячка, якая некалькі гадоў таму пераехала ў Канаду, распавядала, як пры ўладкаванні на працу яна сумленна папярэджвала работадаўцаў: мне 48 гадоў. У адказ чула: «Ну і што? Нешта не так з вамі?» Пасля пятага званка яна зразумела, што людзям цалкам усё роўна, колькі табе гадоў, галоўнае – кампетэнтнасць і прафесіяналізм. Не раз даводзілася чуць ад нашых кіраўнікоў, што пасля сарака стымул да развіцця кар'еры ў работнікаў ужо не той, таму укладваць веды і грошы ў іх бессэнсоўна. Маўляў, “вочы ў іх не так гараць”.

Вось тут я пагаджуся. Не гараць! Вось чаму ва ўсім свеце ў начных клубах і кафэ можна сустрэць шмат людзей, якім далёка за 50, а ў нас гэта музейная рэдкасць? Аднойчы ў Хельсінкі, напрыклад, разгаварылася за барнай стойкай з суседам, адзначыўшы яго прыгожы яркі гальштук-матылёк на голым торсе. Гэтаму ў шортах і моднай камізэльцы спадару, з добрай стрыжкай і татуіроўкай на плячы, было 70! Высветлілася, што ён рэгулярна ходзіць у спартзалу, гуляе ў тэніс, яны з жонкай (ёй 65) любяць актыўны адпачынак.

05

У Манрэалі вялізарная колькасць кафэ і рэстаранаў. Манрэальцы любяць публічнасць: ходзяць туды снедаць, абедаць, вячэраць і проста пагаварыць з сябрамі. У адным пабе я назірала жыццёвую карцінку, як перад уваходам у піўную рэзка спынілася машына і адтуль выйшлі тры жвавыя кабеты пад 70 гадоў, па нашаму разуменню «бабулькі». Акуратненькія такія, у добрым настроі. Як яны весяліліся! Такой энергіі можна пазайздросціць маладым. Наведвальнікі паба ўсміхаліся, апладзіравалі жанчынам і ўсяляк іх падбадзёрвалі, калі тыя, выпіўшы па бакалу Guinness, танчылі пад рок-кампазіцыю. Скажыце, у Мінску вы часта сустракаеце пенсіянераў у клубах ці ў барах?

бабушки

Чамусьці ў нас іншае ўяўленне пра маладосць і актыўнасць пасля 50-ці.  Выглядаць молада — гэта абавязкова ботакс і мезатэрапія, а за мяжой - проста прытрымлівацца ўласнага стылю, хадзіць у спартзалу, на канцэрты і прэм'еры. У нас пенсія асацыіруецца з беднасцю і хваробамі, у ніх — гэта магчымасць пажыць для сябе, павандраваць.

03

Мне могуць пярэчыць: у нас іншы менталітэт. Якое тут падарожжа, калі пенсіянеры лічаць капейкі? Адсутнасць зберажэнняў, моўны бар'ер, страх валютна-грашовых аперацый, ды і проста няправільны выбар прыярытэтаў. Часта можна пачуць: «Выдаткоўваць грошы на падарожжа амаральна. Ўнуку трэба дапамагчы з кватэрай, адкласці нейкую суму на пахаванне. Падарожнічаюць толькі багацеі альбо бацькі алігархаў»!

наши бабушки

Яны і слухаць не жадаюць, што дзеці ўжо дарослыя, яны і самі  радыя будуць дапамагчы, што ў міжсезонне можна «злавіць» вельмі танную пуцёўку, што можна аптымізаваць выдаткі на падарожжа пры дапамозе разнастайных гасцявых сетак, накшталт каучсёрфінга, ці пошуку прапаноў нізкабюджэтных авіяперавозчыкаў. Галоўнае - было б жаданне! Менавіта яно робіць нас маладымі.

Ёсць такі выдатны канадскі паэт, пісьменнік, спявак і аўтар песень Леанард Коэн. Калі яго спыталі: як удаецца захаваць такую добрую форму (яму 81 год), выканаўца адказаў: «Я прытрымліваюся парады свайго дзядзькі: NEVER GET OLD (ніколі не старэй)».

02

Падчас сацыялагічнага даследавання заходнія навукоўцы высветлілі, што ў чалавека ў жыцці ёсць два яскравых перыяды, калі ён адчувае найбольшае шчасце. Першы прыпадае з 15 да 23 гадоў, затым ідзе даволі працяглы спад. Самы «няшчасны» перыяд, калі нам па 40-50 гадоў. Аднак затым адбываецца эмацыянальны ўздым, які доўжыцца да 69 гадоў.

бабушки 10

Калі ўлічыць, што ў Беларусі кожны чацвёрты — пенсіянер, мы краіна вельмі шчаслівых людзей? Спытайце аб гэтым сваіх старых...

Таша ЗОРНАЯ

Фота: snob.ru, adme.ru

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.