Вы тут

Індывідуальны падыход


Што можа змяніцца пасля падпісання Канвенцыі аб правах інвалідаў?

У канцы верасня Беларусь далучылася да Канвенцыі аб правах інвалідаў. Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Падзея, важная для паўмільёна грамадзян (менавіта столькі людзей з асаблівасцямі ў развіцці пражывае ў нашай краіне). Канвенцыя лічыцца адным з самых перадавых дакументаў па правах чалавека, які ўлічвае досвед папярэдняга заканадаўства. У ёй акцэнтуецца ўвага на тым, што праблема інваліднасці не ў парушэнні здароўя, а ў дыскрымінацыі. Бар'еры ў асяродку, а не хвароба, перашкаджаюць чалавеку ўключыцца ў грамадства і робяць недаступнымі шэраг правоў. Падпісаўшы канвенцыю, Беларусь бярэ на сябе пэўныя абавязкі: не ствараць дыскрымінацыйных нормаў у дачыненні да інвалідаў, імкнуцца да інклюзіі, прымяняць універсальны дызайн. Якія канкрэтныя дзеянні патрэбны ў гэтым напрамку і чаму ўмяшанне дзяржавы ў сітуацыю абавязковае?

Не новыя правы, а ўдакладненне папярэдніх

Прапанова далучыцца да канвенцыі гучала ад грамадскіх арганізацый яшчэ сем гадоў таму. Пазней, у 2009-2010 гадах, Мінпрацы сумесна з ААН правялі маштабнае даследаванне. Вывучылі становішча людзей з інваліднасцю ў краіне, прааналізавалі, наколькі наша заканадаўства адпавядае канвенцыі. І не знайшлі супярэчнасцяў.

— Некаторыя баяцца, што інваліды праз гэту канвенцыю спрабуюць выбіць сабе новыя прывілеі, — кажа каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей ДРАЗДОЎСКІ. — Але канвенцыя не нясе ніводнага права, якога б не было ў беларускай Канстытуцыі. Яна проста ўдакладняе гэтыя правы, прапаноўвае канкрэтныя меры вырашэння праблемы інваліднасці. Праграмы па паляпшэнні ўмоў жыцця людзей з асаблівасцямі ў развіцці павінны распрацоўвацца не ў вярхах. Не ведаеш на мясцовым узроўні, што варта зрабіць, — спытай у самога інваліда. Размовы пра тое, што адпавядаць патрабаванням канвенцыі вельмі дорага, таксама няпраўда. Як паказвае замежная практыка, колькі грошай грамадства раней траціла на вырашэнне праблем інваліднасці, столькі будзе выдаткоўваць і цяпер. Пытанне ў тым, каб іх аптымальна выкарыстаць.

Падпісанне канвенцыі — толькі першы крок. Далей неабходна ратыфікаваць дагавор (уключыць у заканадаўства краіны) і прывесці да яго нормаў беларускае права і практыку. Сяргей Драздоўскі мяркуе, што ратыфікацыю можна зрабіць ужо ў наступным годзе: Беларусь гатова да яе больш за многіх суседзяў. Аднак, на думку эксперта, у айчынным заканадаўстве ёсць недахопы. Мы дэкларуем недыскрымінацыю і кажам, што арганізуем грамадства так, што будуць забяспечвацца роўныя правы. У той жа час у заканадаўстве адсутнічае інстытут забароны дыскрымінацыі (для тых сітуацый, калі нормы не выконваюцца), уласцівы сусветнай практыцы. Не зусім карэктная і працэдура пазбаўлення дзеяздольнасці. Яна не ўлічвае, што кожны выпадак псіхічнага захворвання індывідуальны. Такі падыход выводзіць вялікую колькасць людзей з грамадзянскага стану. Фактычна чалавек, прызнаны недзеяздольным, пазбаўляецца доступу да 17 правоў!

Камфорт не патрабуе звышвыдаткаў

Паводле канвенцыі, дзяржава павінна ствараць умовы, каб людзі з асаблівасцямі ў развіцці жылі самастойна, у звычайных месцах, а не ў спецыяльна адведзеных для гэтага ўстановах.

— Інтэрнаты не спрыяюць інклюзіі, бо вымаюць чалавека з грамадства, — звяртае ўвагу Сяргей Драздоўскі. — Калі сям'я жыве і ведае, што як толькі іх родзіч стане хворым, яна зможа ад яго пазбавіцца, гэта падрывае салідарнасць.

На незалежны лад жыцця і поўную рэалізацыю сваіх правоў інваліды могуць разлічваць толькі ў безбар'ерным асяродку. І ў гэтым пытанні сістэмнасць абавязковая. Будаўніцтва не павінна зводзіцца да стварэння нейкай колькасці спецыяльных элементаў: так мы не зробім горад цалкам даступным. Канвенцыя абавязвае таксама старацца забяспечыць аб'екты, адкрытыя для насельніцтва, знакамі, выкананымі Брайлем у чытабельнай і зразумелай форме. Будынак, камфортны для ўсіх, не патрабуе нейкіх звышвыдаткаў. Калі закладваць даступнасць на этапе праектавання, узвядзенне дома ці офіса падаражэе толькі на 2-10 працэнтаў. Два працэнты — гэта на ўзроўні звычайных страт, ад дажджоў ці крадзяжоў матэрыялаў. Дзесяць працэнтаў у нас на будоўлі губляецца і цяпер. Для параўнання: зрабіць зручным для інвалідаў ужо гатовае памяшканне можа каштаваць палову ад сумы, выдаткаванай на сам будынак. Таму прыстасаванне аб'ектаў потым амаль ніколі немагчыма ў поўнай меры.

Навучанне ў інтэграваных класах

Асобны артыкул канвенцыі тычыцца інклюзіўнай адукацыі. Галоўны яе прынцып — усе вучацца па агульнай праграме, але з індывідуальнымі планамі. І, трэба сказаць, дзяржава ўжо ўзялася за гэты напрамак. Сёлета з'явілася канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі для асоб з асаблівасцямі ў развіцці. Пакуль гэта толькі агульны план дзеянняў. Каб сістэма запрацавала належным чынам, трэба прыняць яшчэ шэраг лакальных дакументаў, якія канкрэтызавалі б патрабаванні да навучальных устаноў і задачы педагогаў.

— Да адукацыі нельга падысці аднабока, — каментуе дырэктар грамадскай арганізацыі «Дзеці. Аўтызм. Бацькі» Таццяна ЯКАЎЛЕВА. — Усё павінна рэгулявацца па асобных катэгорыях. Сёння школьнікі з аўтызмам, напрыклад, вымушаны вучыцца па праграмах для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю ці з затрымкай псіхічнага развіцця. Што, вядома, не ўлічвае іх разумовых здольнасцяў. Патрэбна нацыянальная міжведамасная праграма, дзе б спалучаліся пытанні адукацыі, медыцыны, сацыяльнай дапамогі.

Вопыт інтэграваных класаў у Беларусі ўжо ёсць. Адкрыць іх, зразумела, складаней, чым звычайныя. Хаця б з фінансавага боку: адзін такі клас — абсталяванне і падрыхтоўка спецыялістаў — абыдзецца ў дзясяткі тысяч долараў. Для тых жа дзяцей з аўтызмам абавязковы рэсурсны пакой. Неабходны псіхолагі, што займаюцца паводзінамі; цьютары, без якіх сістэма не запрацуе. Трэба павышаць кваліфікацыю спецыялістаў, пачынаючы ад дэфектолага і заканчваючы кожным настаўнікам-прадметнікам, каб тыя ведалі аб асаблівасцях той ці іншай катэгорыі дзяцей. Ва ўсім гэтым маюць патрэбу і звычайныя школьнікі, толькі не ў такой ступені.

— Сярод задач педагогаў не толькі навучанне, але і выхаванне. На сістэме адукацыі вялікая адказнасць, бо тое пакаленне, якое будзе развіваць ідэі інклюзіі, расце цяпер, — мяркуе Таццяна Якаўлева.

Не забарона, а рэкамендацыі да працы

Па статыстыцы, большасць інвалідаў, што працуюць, заняты на пасадах, якія не прадугледжваюць кар'ернага росту. З розных прычын, аб'ектыўных і не вельмі, людзі з асаблівасцямі ў развіцці займаюць непрэстыжныя і нізкааплатныя вакансіі. Канвенцыя сцвярджае: некаторыя грамадзяне ніколі не змогуць канкурыраваць на роўных на рынку працы. Таму трэба ствараць умовы, у якіх гэтыя людзі будуць рэалізоўваць сябе з улікам іх магчымасцяў. Забяспечыць разумнае прыстасаванне рабочых месцаў, увесці спецыялізаваныя віды работ, наймаць інвалідаў у дзяржаўным сектары.

На працягу апошніх пяці гадоў беларускія медыкі спрабуюць укараняць новы, прагрэсіўны, падыход — выдаюць рэкамендацыі да працы. Урачы вызначаюць шэраг работ, якія чалавеку супрацьпаказаны, бо такім чынам ён будзе несці яўную бяспеку сябе і наваколлю. Але гэта не значыць, што яму забаронены астатнія прафесіі.

А што рабіць з наймальнікамі, якія ў сілу сваіх забабонаў адмаўляюцца прымаць на працу адукаваных і здольных інвалідаў? Самы распаўсюджаны інструмент рэгулявання гэтага пытання — штрафы. У некаторых краінах (Польшча, Германія) прадпрыемствы, штат якіх перавышае, напрыклад, 20 чалавек, абавязаны захоўваць квоту інваліднасці. А значыць, арганізацыя павінна забяспечыць працай пэўную колькасць людзей з асаблівасцямі. Не робіце гэтага — кампенсуйце. І прадпрыемствы выплачваюць сумы па неўладкаванні кожнай вакансіі, прызначанай для інваліда. Гэтыя сродкі паступаюць у спецыяльныя фонды і не трацяцца больш ні на якія мэты, акрамя стварэння новых працоўных месцаў для людзей з парушэннямі ў развіцці, садзейнічання іх занятасці і рэабілітацыі.

На думку экспертаў, дзяржаўнае ўмяшанне ў сітуацыю абавязковае.

— Злучаныя Штаты часта ставяцца ў прыклад, калі закранаецца пытанне становішча інвалідаў. Але калі амерыканцы ў 1991 годзе прымалі закон аб людзях з асаблівасцямі ў развіцці, гэта быў скандал, — кажа Сяргей Драздоўскі. — Праціўнікі праводзілі дэманстрацыі, бо гэты дакумент прадугледжваў жорсткія захады. Парушаеш правы — плаці штрафы. Частка грамадства ніколі не будзе гатова да талерантнасці ў гэтым пытанні. Таму і існуе інструмент дзяржаўнага прымусу, каб уздзейнічаць па некаторых пазіцыях.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.