Вы тут

На сталічным рынку прыватнай арэнды жылля цяпер магчыма адшукаць кватэры з цэннікам да 200 долараў


Кошты на арэнднае жыллё ў Мінску пачалі зніжацца яшчэ ў сярэдзіне лета. Тады спецыялісты тлумачылі гэта тым, што з-за вялікай колькасці новых інтэрнатаў многія, нават багатыя, студэнты перадумалі здымаць кватэры. А паколькі менавіта яны штогод восенню ў асноўным уплывалі на цэны на рынку жылля, то і кошт на гэтыя паслугі знізіўся, адзначаюць спецыялісты. Пра сённяшнюю сітуацыю на сталічным рынку ў сегменце доўгатэрміновай арэнды і прагнозы на найбліжэйшую перспектыву карэспандэнту «Звязды» паведаміла спецыяліст аддзела жыллёвай арэнды Цэнтра гандлю нерухомасцю «ПАКАДАН» Алена Агрызка.
21-29

Тры да аднаго

Нават у самы гарачы сезон (першы месяц восені) сёлета рыэлтары адзначалі, што колькасць прапаноў на рынку хутка расце і ўжо нават перавышае попыт. Цяпер спецыялісты агенцтваў і ўвогуле адзначаюць, што кватаранты ў Мінску трапілі ў разрад дэфіцыту.

Калі летась у буйныя агенцтвы звярталіся каля трох тысяч кліентаў за месяц, то сёлета нават у гэты час шукалі здымныя кватэры толькі каля тысячы патэнцыйных кватарантаў. Адначасова з памяншэннем попыту ў сталіцы сёння назіраецца павелічэнне прапановы. Таму склалася такая сітуацыя, што кватэр з бюджэтным цэннікам не проста хапае, іх больш, чым трэба. Алена Агрызка адзначае, што час, калі арэндадаўцы дыктавалі свае ўмовы на рынку, мінуў канчаткова. Сёння аб'ём прапановы арэндных кватэр значна перавышае попыт. «Каб здаць сваё жыллё хутка, неабходна адэкватна ацэньваць магчымасці кватарантаў, ісці ў нагу з часам, а таксама падтрымліваць памяшканне ў належным стане: своечасова рабіць касметычны рамонт, шукаць не вельмі старую мэблю і тэхніку», — удакладняе сітуацыю наш эксперт. Тым, хто здае кватэру, яна раіць больш лаяльна ставіцца да кватарантаў. «Калі вашы арандатары вас задавальняюць, прыслухоўвайцеся да іх пажаданняў, таму што сёння знайсці таннейшы варыянт — не праблема», — кажа спецыяліст.

Сустракаюцца аднапакаёўкі і за 160-170 долараў

Калі ў жніўні-верасні ўласнікі свабодных кватэр проста закідвалі параметры здымнага жылля ў каталогі агенцтваў і чакалі свайго кліента, то ў кастрычніку сітуацыя істотна змянілася. Гаспадары перайшлі да актыўнага пошуку кватарантаў (пачалі «штурмаваць» спецыялізаваныя сайты ў інтэрнэце, расклейваць аб'яўкі на кожным слупе), але галоўнае — больш кардынальна змяншаць стаўку арэнды.

Цяпер мінімальны цэннік аднапакаёвых кватэр у адносна здавальняючым стане знаходзіцца ў дыяпазоне ад 200 да 250 долараў. Гэта не будзе жыллё з дарагой мэбляй або непасрэдна побач з метро. Сапраўды якасныя аднапакаёўкі сёння маюць кошт недзе да 300 долараў. Разам з тым на рынку часам сустракаюцца маленькія па плошчы кватэры ў старых пяціпавярховых дамах за 160-180 долараў. Адразу заўважу, што кватэры з такім коштам з'яўляюцца на сталічным рынку арэнды толькі ў адзінкавых выпадках менавіта ў старых дамах Заводскага раёна і ў Шабанах. Магчыма адшукаць пустыя аднапакаёўкі і ў зусім новых мікрараёнах у новабудоўлях. Прапанова жылля па такой цане мінімальная, але і ў гэтым выпадку кліенты ставяцца да кватэр крытычна — зусім слабенькія па якасці попытам амаль не карыстаюцца.

21-46

Двухпакаёўкі — 280-350 долараў

Кватэры з поўным наборам стандартнай мэблі ў звычайных пяціпавярховых дамах і не вельмі маладых «панэльках» прапануюцца ўжо за 280-300 долараў. Калі двухпакаёвая кватэра мае прапіску недалёка ад лініі метро і па якасці адпавядае сапраўды ўтульнаму жыллю, тады мінімальны цэннік такога жылога памяшкання складае ўжо да 350 долараў і нават больш. Аднак колькасць двухпакаёвак па такім кошце на рынку самая вялікая, таму пры рэальным попыце цэннік на звычайную двухпакаёўку нават крыху зніжаюць. Асобна адзначыла суразмоўца сітуацыю з двухпакаёвымі кватэрамі без мэблі. Попыт на такое жыллё сёння амаль адсутнічае, таму здаць іх праблематычна нават за 250 долараў. Цэны на сталічныя трохпакаёвыя кватэры стартуюць ад 300-350 долараў.

Кампаньёнства распаўсюджваецца і на пакоі

Адной з крызісных тэндэнцый на рынку арэнды стаў упэўнены попыт на ложка-месцы. Сітуацыя для ўладальнікаў свабодных квадратных метраў ускладняецца цяпер яшчэ і тым, што на прыватным рынку назіраецца актыўнае развіццё кампаньёнства зусім незнаёмых людзей і сем'яў. Калі раней кожная маладая сям'я ці пара жыла абавязкова ў асобнай кватэры, то зараз сучасная моладзь усё часцей ставіцца да гэтага некрытычна. У прасторнай трохпакаёвай кватэры могуць беспраблемна жыць адразу дзве ці нават тры бяздзетныя сям'і. Калі раней студэнты цікавіліся пакоямі, то сёння гатовыя дзяліць жылое памяшканне з сябрамі — усё гэта дзеля эканоміі. Што ж тычыцца коштаў на пакоі, то сёння жылое памяшканне стандартных спажывецкіх якасцяў можна зняць за 80-130 долараў. Дарэчы, пакоі ў сталічных кватэрах і прыватных дамах практычна не адрозніваюцца ў цане, а вось якасць жылля ў апошніх часта вышэйшая. Пры моцным жаданні пакой у сталіцы можна зняць і за 50 долараў у месяц, але ў гэтым выпадку трэба быць гатовым да таго, што рамонт або выгоды могуць адсутнічаць.

Мінус 50%

Даволі сур'ёзна апошняя тэндэнцыя на патанненне закранула і элітнае жыллё. Паводле інфармацыі нашага эксперта, за апошняе паўгоддзе арэнднае жыллё гэтай катэгорыі патаннела ў сярэднім на 30-45%. Сустракаюцца сёння і больш моцныя зніжэнні цаны. Напрыклад, у каталогу існуюць шыкоўныя кватэры, якія яшчэ ў красавіку здаваліся за 1,5 тысячы долараў. А цяпер іх не арандуюць нават за тысячу. Калі арэнднае жыллё каштавала каля 1 тысячы долараў, то цяпер яно выстаўляецца за 550-700 долараў.

Патанненне працягнецца да вясны

Маленькі попыт на фоне вялікай прапановы сведчыць аб тым, што ў найбліжэйшы час на прыватным рынку арэнды жылля сталіцы тэндэнцыя на патанненне працягнецца. Ужо ў наступным годзе стаўка арэнды аднапакаёвых кватэр павінна скласці прыкладна 150-200 долараў, лічыць спецыяліст.

Алена Агрызка ўпэўнена, што змены тут пачнуцца толькі пасля таго, як актывізуецца рынак па продажы-куплі кватэр. Паводле слоў спецыяліста, патанненне адбываецца не толькі з-за таго, што ў насельніцтва стала менш грошай.

Многія з тых, хто не захацеў на спадзе цэн прадаць сваю нерухомасць, «выкінулі» яе на рынак арэнды. І яна папоўніла колькасць прапаноў. Але насельніцтву столькі жылля ўжо не трэба. Калі летам, паводле прагнозаў экспертаў, рынак жыллёвай нерухомасці дасягне свайго цэнавога дна, тады кватэры пачнуць прадавацца больш актыўна. І пэўная колькасць кватэр з рынку арэнды зноў пяройдзе ў разрад аб'ектаў, якія прапануюцца на продаж. Толькі ў гэтым выпадку цэны на арэнду стабілізуюцца, а потым і пачнуць павялічвацца.

А пакуль рыэлтары канстатуюць, што прастойванне падобных кватэр па некалькі месяцаў гаспадарам таксама нявыгаднае. А значыць, арэндадаўцам давядзецца пагадзіцца канкурыраваць у цане. Патанненне працягваецца.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.