Вы тут

Ці з'явіцца ў пасёлку Глуша музей Алеся Адамовіча?


Музей павінен быў адкрыцца сёлета — пра гэта неаднаразова нагадвалі сродкі масавай інфармацыі. На жаль, урачыстая падзея не адбылася. І перспектыў пакуль ніякіх. Некаторы час пытанне знаходзілася на кантролі ў Магілёўскім аблвыканкаме. Занепакоеныя марудным ходам справы жыхары пасёлка Глуша звярнуліся туды па садзейнічанне. Афіцыйны адказ не абнадзейвае.

28-33

Тая са­мая ап­тэ­ка.

Даведка «Звязды»

Некалькі гадоў таму дачка Алеся Адамовіча Наталля пры падтрымцы грамадскасці звярнулася ў Бабруйскі райвыканкам з ініцыятывай зрабіць у пасёлку Глуша асобны музей, прысвечаны жыццю і творчасці яе бацькі. Размясціць экспазіцыю яна прапанавала ў сценах былой аптэкі. У гады вайны гэты будынак быў цэнтрам падпольнага руху, тут трымалі сувязь з партызанамі, збіралі для ваеннапалонных прадукты і медыкаменты. Адамовіч падрабязна апісаў гэта ў аўтабіяграфічным рамане «Вайна пад стрэхамі» — творы, па матывах якога быў зняты фільм, а Уладзімірам Высоцкім напісаны ваенныя балады — «Зямля» («Кто сказал, всё сгорело дотла...»), «Сыны ідуць у бой» і іншыя.

Дарэчы, Наталля Адамовіч асабіста прыклала максімум намаганняў, каб будынак, які належаў Міністэрству аховы здароўя, быў узяты на баланс тады яшчэ аддзела культуры (цяпер аддзела па ідэалагічнай працы, культуры і справах моладзі) Бабруйскага райвыканкама.

Знаёмы не толькі па раманах

На дошцы аб'яў каля Глушанскага сельсавета — аб'ява. Сход , прысвечаны стварэнню ў Глушы музея Адамовіча, назначаны на тры гадзіны. Бліжэй да гэтага часу ў залу пасяджэнняў паціху пачынаюць падцягвацца людзі. У асноўным сталага веку, тыя, якім Алесь Адамовіч знаёмы не толькі па раманах. Для іх ён проста Саша.

— Я добра ведала ўсю сям'ю, — кажа ўраджэнка пасёлка Зінаіда Іванаўна Гарнастай. — Ужо існуючая аптэка — гэта жывое сведчанне тых падзей. Прататыпамі раманаў Алеся Адамовіча «Сыны ідуць у бой» і «Вайна пад стрэхамі» сталі жыхары Глушы. Там няма выдуманых герояў. Маці пісьменніка Ганна Мітрафанаўна Адамовіч, якую ўсе паважалі як мужную жанчыну, працавала ў аптэцы. Там адбываліся ўсе галоўныя падзеі: сувязь з партызанамі, перадача медыкаментаў, данясенняў. Таму мы настойваем адкрыць там музей. Турысты атрымаюць добрую магчымасць дакрануцца да жывой гісторыі. Бабруйскі раён стане вядомы на ўвесь свет. А нашай моладзі будзе лягчэй разабрацца, дзе праўда, а дзе хлусня. Мы ж бачым па тэлевізары, як захад дэмантуе савецкія помнікі, перапісвае гісторыю. Гэта нас абурае, а што мы робім для таго, каб захаваць праўду? Мы яшчэ памятаем, што тут адбывалася, бо выраслі ў пасляваенны час. А што застанецца ў памяці нашых унукаў?

Фёдар Бязручка — былы старшыня Глушанскага пасялковага савета — яшчэ застаў той перыяд, калі аптэка працавала (яна закрылася толькі ў канцы 1990-х). Алесь тады яшчэ жыў. Добра запомніў ён і той дзень, калі глушанцы праводзілі свайго песняра ў апошні шлях. Адамовіч нават пасля смерці не ўяўляў сябе без роднай Глушы, пакінуў загад пахаваць яго на пасялковых могілках. У маленькі беларускі пасёлак тады прыехала столькі народу, што, здавалася, няма на зямлі больш вядомага і значнага месца. Сярод іх былі Васіль Быкаў, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з іншых краін свету. І тады яшчэ ўсе казалі, што такі музей трэба зрабіць. За тое, што гэта ўсё застаецца толькі на словах, у першую чаргу сорамна жыхарам. Таму яны так настойліва змагаюцца за сваё права ўвекавечыць памяць пра земляка.

— У школу, якую па назве завода ў савецкія гады звалі «Камінтэрнаўская», нават дакументальны фільм прыязджалі здымаць, — узгадвае былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Паўлаўна Бранавец. — У нашым кабінеце быў куток, прысвечаны творчасці Сашы. Ён яго бачыў, вельмі дзякаваў, нават кнігу з аўтографам падараваў. Алесь вельмі любіў Глушу, неаднаразова сядзелі з ім, размаўлялі, узгадвалі вайну. Калі мы не адкрыем музей, гэта будзе здрада. Разумею яго дачку Наталлю Аляксандраўну, якая не хоча аддаваць проста так тыя рэчы, якія належалі яе бацьку. Павінен быць асобны музей, які стане жывым сведчаннем гісторыі. Нават лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч назвала сваімі настаўнікамі Быкава і Адамовіча. Мы не сумняваемся, што пісьменніца таксама паўдзельнічала б у стварэнні музея.

— Не засталіся б убаку нашы прадпрымальнікі і фермеры, — падтрымлівае жанчыну Васіль Амялюсік. З сабой ён прыхапіў папку з рэспубліканскімі і раённымі газетамі, дзе чорным па белым напісана: музей у гонар Алеся Адамовіча ў Глушы будзе.

Спонсарам не цікавы музей?

Паведаміць рашэнне аблвыканкама ў Глушу прыехалі намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Святлана Носава і начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Галіна Чарнова.

— Абмяркоўваць далейшы лёс музея не можам, паколькі няма фінансавання, — звярнулася да глушанцаў Святлана Носава.

Яна дыпламатычна нагадала, што ў Сычкаве знаходзіцца раённы музей і там ёсць куток Адамовіча. Матэрыялу, зразумела, мала. Звярнуліся па экспанаты да Наталлі Адамовіч, прапанавалі размясціць экспазіцыю ў пасялковым Доме культуры. Але дачка пісьменніка адмовілася. Яна гатова іх аддаць толькі пры адной умове — павінен быць асобны музей. І толькі ў будынку аптэкі. А там без рэканструкцыі не абысціся. Дом паціху пачаў разбурацца. На яго мураванай прыбудове расколіна на ўсю сцяну, на даху з'явіліся дзіркі, не лепшы стан унутры. Няўзброеным вокам відаць: патрэбны вялікі рамонт.

— Будынак мае 100-працэнтны знос, але паколькі ўяўляе цікавасць для жыхароў, існуе дагэтуль, — кажа Носава. — Па просьбе Наталлі Адамовіч райвыканкам узяў на баланс будынак. Але зрабіць з яго музей абяцалі спонсары. Ніколі не існавала пісьмовых дакументаў, дзе райвыканкам абяцаў правесці рэканструкцыю старога будынка. Нам кажуць пра спонсара, але мы ніколі не бачылі яго, ніхто да нас не прыязджаў, ніхто не ведае нават яго прозвішча. У адказе аблвыканкама таксама гаворыцца пра тое, што спонсары страцілі цікавасць да справы.

Але ж які спонсар будзе проста так укладваць грошы ў аб'ект. Яму патрэбны гарантыі. Іншымі словамі — афіцыйнае рашэнне райвыканкама аб стварэнні музея.

Дарэчы, паводле ацэнкі спецыялістаў, рэканструкцыя будынка з выкананнем усіх існуючых на сённяшні дзень работ абыдзецца болей чым у мільярд рублёў. І цана з кожным днём будзе, зразумела, павялічвацца.

Дачка пісьменніка Наталля Адамовіч:

— У 2013 годзе мы правялі абмер дома і зрабілі дакументацыю. Яе трэба пускаць у справу. Цяпер справа за Бабруйскім райвыканкамам або Магілёвам. Дом стаіць пусты 20 гадоў, мы можам яго страціць. Можна было б зрабіць у гэтым будынку ўнікальны музей, якога няма ва ўсёй рэспубліцы, ды і ў свеце: музей кнігі — «Вайна пад стрэхамі», музей Глушы — «Лясной Сялібы» — і глушан.

На падставе хадайніцтва людзей

У вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна на Гомельшчыне існуе музей Івана Мележа. У 2009 годзе ён быў далучаны да раённага краязнаўчага музея.

— А будаваўся ён на грамадскіх пачатках яшчэ ў 1980-я гады, — узгадвае Валянцін Баранаў. Некалькі месяцаў ён на заслужаным адпачынку, а да гэтага узначальваў аддзел ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі. Пэўны час быў старшынёй райсавета дэпутатаў. Пачуўшы, што на Магілёўшчыне цяжкасці са стварэннем музея Алеся Адамовіча, вельмі здзівіўся. «Тут адназначна трэба брацца за справу, — лічыць ён. Тым больш калі ініцыятыва ідзе ад народа. Бачылі б вы, як нашы людзі шчыравалі на будаўніцтве музея Івану Мележу. Райвыканкам можа смела прымаць рашэнне на падставе хадайніцтва насельніцтва. Я раю магілёўскім калегам не адмаўляцца ад такой добрай справы. Пачніце нешта рабіць, і ўсё стане на свае месцы. А галоўнае — будзе памяць аб такім чалавеку».

А вось што думаюць прадстаўнікі з Віцебшчыны, дзе ў вёсцы Бычкі, на радзіме народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, працуе музей-сядзіба ў яго гонар.

— Музей створаны па ініцыятыве райвыканкама яшчэ ў 2004 годзе, — удакладніла Марыя Аляксееўна Шаўчэнка, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ушацкага райвыканкама. — Лічу, што і сёння стварыць музей у гонар Алеся Адамовіча магчыма. Тым больш што будынак на балансе райвыканкама. Трэба прымаць рашэнне на падставе хадайніцтва грамадзян. Дастаткова больш уважліва азнаёміцца з Законам аб мясцовым кіраванні і самакіраванні. Гэта ж цудоўна, што ёсць будынак, дзе можа размясціцца экспазіцыя. Тым больш што яе ахвяруе дачка пісьменніка.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.