Вы тут

Замкавыя муры распавядаюць


Анатоль Бутэвіч. Таямніцы Крэўскага замка: Падарожжа па нашай гісторыі з Вітаўтам Вялікім. — Мінск: Звязда, 2015. — 176 с.

19-3

Наш школьны настаўнік гісторыі вельмі любіў прыводзіць цікавыя факты, распавядаць пра страшныя і таямнічыя падзеі мінуўшчыны. Я ведаю іх шмат, але асабліва ярка чамусьці запомніўся расповед пра пакутлівую смерць 85-гадовага вялікага князя літоўскага Кейстута, якога называлі Сівабародым. Яго разам з сынам Вітаўтам паланіў у вежы Крэўскага замка зайздрослівы пляменнік Ягайла ў якасці помсты за заваёву Вільні і змяшчэнне з трону вялікага князя. Праз некалькі гадоў Ягайла вярнуў сябе ўладу, але дзядзьку так і не дараваў. Настаўнік распавядаў, што Вітаўту ўдалося ўцячы з вязніцы, пераапрануўшыся ў вопратку служанкі Алены, якая мела права наведваць яго разам з жонкай Ганнай. Кейстут жа быў задушаны, а яго цела спалена ў адпаведнасці з язычніцкім абрадам на капішчы ў Вільні...

Муры Крэўскага замка, аднаго з самых старажытных на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, лепш, чым мой настаўнік, могуць распавесці шмат гісторый пра здрады, змовы, смерць і аблогі крыжакоў. Тут у 1385 годзе была падпісаная унія паміж ВКЛ і Каралеўствам Польскім, якая стала смяротнай для крыжакоў, зрабіла бессэнсоўнымі іх напады на нашы землі з мэтай хрысціянізацыі мясцовага насельніцтва (у адпаведнасці з умовамі міждзяржаўнага пагаднення гэтая місія ўскладалася на Польшчу), тут у пачатку ХVІ стагоддзя раскашавалі крымскія татары, а баі з немцамі ішлі і ў гады Першай сусветнай вайны. Таму не дзіўна, што мясцовыя жыхары бачылі прывідаў каля замкавых сцен, складалі пра іх легенды...

Зрэшты, у знаёмстве з гісторыяй Крэўскага замка і ваколіц цікаўнаму чытачу, апантанаму вывучэннем гісторыі Беларусі, ды і проста неафіту, у гэтай справе выдатна дапаможа новая кніга Анатоля Бутэвіча «Таямніцы Крэўскага замка». Колькі гадоў таму ўжо выходзілі кнігі аўтара, прысвечаныя Мірскаму і Нясвіжскаму замкам, новае ж выданне стала працягам «замкавай серыі».

Адметна, што кніга «Таямніцы Крэўскага замка», аздобленая мноствам старажытных карт, малюнкаў, фотаздымкаў, не проста распавядае гісторыю Крэўскага замка і ваколіц. На яе старонках чытач даведаецца пра сувязь фартэцыі ў Крэве з іншымі замкамі Вялікага Княства, прынцыпы пабудовы замкаў у Еўропе і адметныя моманты лёсу князёў ВКЛ. Так, у ХІV стагоддзі, калі на нашы землі часта нападалі крыжакі, у Еўропе існавала правіла: зямля не лічылася заваяванай, пакуль не захоплены замак. Замак жа трымаўся, пакуль у ім абаранялася хаця б адна вежа. Таму і будавалі фартэцыі як мага больш надзейнымі, сцены вежаў рабілі высокімі і тоўстымі, ставілі замкі ў самых небяспечных месцах, каб адразу заўважыць і прадухіліць нападзенне ворагаў. Таму Крэўскі замак (таксама як і Лідскі) можна лічыць незвычайным. Справа ў тым, што пабудаваны ён не на ўзгорках, а ў нізіне паміж імі, на берагах рэчак Крыўлянка і Шляхцянка. Магчыма, князь Гедымін, які пачынаў будаўніцтва фартэцыі, кіраваўся думкай пра тое, што рэкі стануць выдатнымі абаронцамі ад ворагаў, а таксама забяспечаць двор вадой падчас аблогі.

Уважлівы чытач заўважыць на старонках кнігі «Таямніцы Крэўскага замка» мноства цікавых, адметных і трагічных гісторый з сямейнага жыцця князёў. Распавяду толькі некалькі фактаў з жыцця Кейстута Сівабародага. Ён быў сынам князя Гедыміна, братам Альгерда, бацькам Вітаўта і Жыгімонта, дзядзькам Ягайлы. Пра гэта ведаюць многія. Але нямногім вядома, што Кейстут сваю другую жонку... выкраў з язычніцкага капішча каля Палангі. Справа ў тым, што дзяўчаты, якія служылі жрыцамі, не мелі права выходзіць замуж, яны абавязаны былі сцерагчы свяшчэнны агонь. Надта ж упадабаў Кейстут прыгажуню Біруту, таму і загадаў выкрасці яе. А хто асмеліцца не выканаць княжацкі загад? Было ў Кейстута і Біруты шасцёра сыноў і чатыры дачкі. Два сыны — Вітаўт і Жыгімонт — сталі князямі ВКЛ, тры загінулі ў войнах з крыжакамі і Залатой Ардой, а лёс Вайдата склаўся вельмі незвычайна. Падчас абароны Коўна ён у 1362 годзе трапіў у палон да крыжакоў, прыняў каталіцтва, нават знаходзіўся пры двары імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі германскага караля Карла ІV, ад Тэўтонскага ордэна атрымаў замак Велаў.

І такіх гісторый на старонках кнігі Анатоля Бутэвіча «Таямніцы Крэўскага замка» — дзясяткі, варта толькі ўчытацца, углядзецца ў падзеі сівой даўніны, і яны ажывуць, нібыта на конях пранясуцца перад вачыма, захопяць цікавымі сюжэтамі і падштурхнуць да далейшага вывучэння мінуўшчыны роднага краю.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.