Вы тут

Дзяўчына з байцоўскім характарам


Амалія Азацян, лейтэнант унутранай службы МНС, лічыць: чым больш трэба зрабіць, тым больш паспееш. Дзяўчына падарожнічае, любіць фатаграфаваць і чытаць, здымае невялікія фільмы, займаецца спортам, вывучае англійскую мову. Яна і міністру пісьмо напіша, калі ад гэтага залежыць, ці збудзецца яе мара, і зробіць немагчымае магчымым... Галоўнае — мець неверагоднае жаданне і настойлівасць.

[caption id="attachment_112930" align="alignnone" width="600"]3-28 Напэўна, усмешка ніколі не сыходзіць з яе твару![/caption]

«Прафесар» — такая мянушка прыклеілася да Амаліі ў пачатковых класах з-за дрэннага зроку. Звычайныя акуляры насіць яна не хацела: аправа пастаянна нагадвала дзяўчынцы, што яна глядзіць на свет праз шкло, ды і рэчы бачыліся зусім іншымі... А вось у круглых, «бабуліных», — усё як на далоні! Ды і мянушка дзяўчынцы падабалася. Тым больш калі глядзела па тэлевізары гульню «Што? Дзе? Калі?» і ўсур'ёз задумалася: а ці не стаць знатаком? Пазней хацела стаць урачом, будаўніком, кухарам...

Спачатку Амалія вучылася ў Гудагайскай сярэдняй школе, а ў пятым класе перайшла ў Астравецкую гімназію №1. Здаецца, тады і вырашыла, што ваенная спецыяльнасць — яе мара. А паглядзеўшы расійскі серыял «Кадэцтва», адразу ж пачала высвятляць, ці ёсць у Беларусі сувораўскае вучылішча. Вядома — ёсць! Але Амалію чакала расчараванне — вучыцца там могуць толькі хлопчыкі...

— У школе я займалася і ў тэатральным, і ў валанцёрскім, і ў спартыўным гуртку, — дзеліцца Амалія. — Праўда, з апошнім былі праблемы: урачы заўсёды прызначалі мяне ў спецыяльную групу для заняткаў фізічнай культурай. І ніхто нават нічога не хацеў слухаць пра тое, што калі-небудзь я надзену вайсковую форму... Пасля 9 класа паступіла ў Гродзенскі ліцэй пры ўніверсітэце імя Янкі Купалы на фізіка-матэматычны профіль у... кадэцкі клас.

Тут амаль збыліся мары пра ваенную кар'еру — дзяўчына хадзіла страявым крокам, страляла з вінтоўкі, нават з гранатамёта.

[caption id="attachment_112931" align="alignnone" width="600"]3-29 Нарэшце на пагонах дзяўчыны зазіхацелі лейтэнанцкія зорачкі.[/caption]

— Тады я дакладна і вырашыла — буду вайскоўцам. Пачала рыхтавацца, праглядала прахадныя балы на ваенныя спецыяльнасці — трэба было набраць іх не менш за 300. Разумела, што трэба шмат часу сядзець над кніжкамі, дадаткова займацца, каб атрымаць такі вынік. У ліцэі, вядома, весела, але рыхтавацца трэба было ўсё ж такі ў выкладчыкаў па матэматыцы і фізіцы, з якімі я займалася ў гімназіі, — успамінае дзяўчына. — Пакінуць кадэцкі клас, развітацца з формай, трэніроўкамі па каратэ было нялёгка. Але я ведала, што так трэба, каб аднойчы зноў апрануць форму, але ўжо афіцэрскую. І ў адзінаццаты клас вярнулася ў гімназію.

Памятае Амалія, як пайшла зноў на медкамісію, як ёй соты раз сказалі, «з такім зрокам — ніякіх ваенных спецыяльнасцяў».

— Я яшчэ прыйду да вас у форме! — адказала настойлівая дзяўчына.

І прыйшла, калі пасля прысягі ў Гомельскім інжынерным інстытуце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях яе адпусцілі дадому.

...Як? Лёс-чараўнік аднойчы ў інтэрнэце завёў Амалію на сайт МНС. І калі яна ўбачыла загаловак «Ліст міністру», то, зразумела, звярнулася да Уладзіміра Аляксандравіча Вашчанкі з просьбай, каб той дазволіў ёй паступаць у ВНУ МНС.

Нарэшце мара Амаліі ажыццявілася: зарадка ў 6 гадзін, ваенная падрыхтоўка, пастаянны кантроль, нарады, 94 чалавекі на курсе, з якіх толькі 8 дзяўчат...

— Самае складанае — доўгі час не бачыць і не чуць родных. Калі ты ведаеш, што цябе чакаюць, любяць — гэта самая лепшая падтрымка ў складаныя хвіліны. Цяжка было растлумачыць маёй малодшай сястрычцы Анхеліцы, чаму «забылася» дарогу дадому, чаму не тэлефаную. Яна з крыўдай казала, што я знайшла сабе новую сям'ю, — узгадвае Амалія. — Сястрычка ў нечым мела рацыю. Я знайшла сям'ю — наш вялікі дружны курс. Памятаю, як мы ездзілі на ўборку бульбы: працавалі з раніцы да вечара, а затым збіраліся ля вогнішча, спявалі песні, гулялі ў «мафію». Памятаю, як дапамагалі адзін аднаму ў вучобе. Як з сяброўкай ледзь не засталіся без водпуску, таму што вырашылі павіншаваць аднакурсніка ноччу з днём нараджэння: з тортам, з 18 шарыкамі заявіліся ў казарму...

[caption id="attachment_112932" align="alignnone" width="600"]3-30 Міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка дае Амаліі апошнія настаўленні. А яна не забылася падзякаваць за дазвол паступаць у ВНУ МНС.[/caption]

Час прайшоў хутка, і на пагонах Амаліі сёлета зазіхацелі доўгачаканыя лейтэнанцкія зорачкі, а ў дыпломе з'явіўся запіс — спецыяльнасць «папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый». А што далей? Як не дзіўна, Амалія яшчэ на першым курсе вырашыла, што вернецца на Астравеччыну.

— Працую ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. За мной замацаваны аб'екты на будоўлі АЭС, дзе я сачу, каб не было парушэнняў па пажарнай бяспецы. Крыху шкада было адмовіцца на размеркаванні ад месца ў Гомельскім ліцэі МНС, бо мне хацелася працаваць з кадэтамі. Памятаю, як яшчэ на практыцы я «дапякла» ўсіх расповедамі пра міжнародны злёт у Гомелі, куды прыехалі юныя ратавальнікі з 15 краін. Падумалася: чаму б на базе Астравецкай сярэдняй школы не арганізаваць кадэцкі клас? Ідэю падтрымалі: цяпер вучу «маіх» кадэтаў хадзіць страявым крокам, аказваць першую медыцынскую дапамогу. Займаемся і пажарным спортам: вучымся падымацца па пажарных лесках, бегаем пажарную эстафету, пераадольваем стаметровую паласу перашкод. Будзем сур'ёзна рыхтавацца да конкурсаў юных ратавальнікаў, каб займаць толькі прызавыя месцы, — з усмешкай расказвае Амалія.

У дзяўчыны атрымліваецца ўсё, за што б яна ні ўзялася. Сярод шматлікіх захапленняў можна вылучыць два самых-самых — бег і кнігі.

— Бег дапамагае мне зняць стрэс, прывесці думкі ў парадак; падчас прабежкі нараджаюцца новыя ідэі. Раю ўсім! Нават пяць хвілін — лепшае лякарства, — дзеліцца дзяўчына. — А кнігі прыносяць асалоду. Прывучыла сябе чытаць не менш за 50 старонак раніцай альбо вечарам.

Дарэчы, нядаўна няўрымслівая дзяўчына ўдзельнічала ў Мінскім Polо-марафоне і прабегла дыстанцыю ў 21 кіламетр за дзве гадзіны дваццаць пяць хвілін. Адразу ж Амалія паставіла новую мэту — адолець поўную дыстанцыю — 42 кіламетры. Упэўнена, у яе і гэта атрымаецца!

Юлія БУКЕЛЬ, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.