Вы тут

Новыя прадпрыемствы і паштовыя маркі


Валянціна ПУХ, дырэктар Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта», сказала, што адным з галоўных набыткаў гэтага года стала адкрыццё чатырох новых аддзяленняў паштовай сувязі: у Кобрыне, Бярозе, Іванаве і Баранавічах.

22-7

— Сёмае аддзяленне адкрыта ў новым мікрараёне Кобрына, — гаворыць Валянціна Мікалаеўна. — І, як заўважыў на яго адкрыцці старшыня Кобрынскага гарвыканкама Аляксандр Зазуля, новая пошта адразу ж стала запатрабаваным сацыяльным аб'ектам. У сакавіку мы адсвяткавалі таксама адкрыццё аддзялення паштовай сувязі ў Бярозе. Менавіта адсвяткавалі, бо новыя аб'екты сведчаць аб тым, што паштовая галіна можа працаваць эфектыўна, адшукваючы магчымасці для свайго развіцця, для пашырэння спектра паслуг і павышэння якасці абслугоўвання.

Адкрыццё яшчэ аднаго паштовага аб'екта ў Іванаве атрымалася асабліва ўрачыстым, бо фактычна супала са святам абласных «Дажынак». У горад, які значна абнавіўся і памаладзеў да фестывалю, аддзяленне пад нумарам 1 упісалася даволі арганічна. І не толькі вонкавы выгляд будынка адпавядае сучасным патрабаванням, новая пошта абсталявана па апошнім слове тэхнікі. Кліенты маюць магчымасць адпраўляць паскораную пошту ЕМS, «Камфорт», «1 клас», а таксама атрымліваць грашовыя пераводы, пенсіі і дапамогі, ажыццяўляць самыя розныя плацяжы. Новы пункт паштовай сувязі з'явіўся не так даўно і ў Баранавічах.

— Брэст пражыў год у статусе культурнай сталіцы Беларусі, — працягвае Валянціна Пух. — На гэту падзею «Белпошта» адгукнулася выпускам канверта з арыгінальнай маркай «Брэст — культурная сталіца Беларусі 2015» накладам 40 тысяч экзэмпляраў. Першае спецыяльнае гашэнне канверта мы правялі 1 жніўня падчас святкавання Дня горада. Тады ж прайшла філатэлістычная выстава, прысвечаная культурнай сталіцы краіны.

Дваццаты, юбілейны фестываль тэатральнага мастацтва «Белая вежа» мы таксама адзначылі выпускам паштовай прадукцыі. Марка з серыі «Тэатры Беларусі» выйшла з надпісам «Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы». На марцы адлюстравана сцэна са спектакля «Прымакі», пастаўленага брэсцкім тэатрам. Гашэнне адбылося на цырымоніі адкрыцця міжнароднага фестывалю.

У верасні споўнілася 150 гадоў дня заснавання Свята-Сімяонаўскага кафедральнага сабора ў Брэсце. Прыемна, што да падзеі духоўнага жыцця спрычынілася і пошта. Картка з маркай, прысвечанай названаму сабору, выйшла ў абарачэнне менавіта да юбілею, які шырока адзначалі ў горадзе над Бугам. І зусім нядаўна наша ведамства прэзентавала паштоўку з нагоды 350-годдзя манетнага двара ў Брэсце. Так што ў гэтым годзе мы ўвесь час знаходзіліся ў гушчы падзей свайго рэгіёна.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

На ўпарадкаванне пасля прыклееных паперак выдаткоўваюцца велізарныя сродкі.