Вы тут

Прапанова жылля павялічваецца, а кошт зніжаецца


Спецыялісты адзначаюць, што зімой з'явіліся кватэры ў новабудоўлях, дзе квадратны метр каштуе ўжо да тысячы долараў.

Увогуле, гэты год абяцае стаць не самым прыбытковым як для ўласнікаў свабодных метраў на другасным рынку жылля, так і для камерцыйных забудоўшчыкаў. У той час, калі на рынку працягваюць зніжацца кошты на нерухомасць, а таксама падае актыўнасць патэнцыяльных пакупнікоў, нешта сур'ёзнае зарабіць  у гэтай сферы стала праблематычна. А вось палепшыць свае жыллёвыя ўмовы стала прасцей. Праўда, гэта пры наяўнасці дастатковых уласных сродкаў, бо вялікія працэнты па крэдытах не дазваляюць выкарыстоўваць іх напоўніцу.

Больш бюджэтныя праекты

Існуючая сітуацыя сёлета вымушае забудоўшчыкаў перайсці да больш істотных дзеянняў па карэкціроўцы як праектаў дамоў, так і маркетынгавай палітыкі ў адпаведнасці з новымі рэаліямі рынку, паведамляюць спецыялісты кансалдынгу і аналітыкі. Цяпер частка забудоўшчыкаў перагледзела праекты новых дамоў з мэтай зніжэння метражу кватэр, а некаторыя з арганізатараў камерцыйнага будаўніцтва пачалі прапаноўваць растэрміноўку плацяжоў на кватэры ўжо не толькі па аб'ектах, якія зараз будуюцца, але і ў дамах, здадзеных у эксплуатацыю.

Акрамя таго, сучасныя рэаліі рынку і пакупніцкага попыту такія, што ўжо мала прапанаваць кватэру з сучаснай планіроўкай у добрым доме, а неабходна забяспечыць добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол яго, наяўнасць машынамесцаў і сучасных дзіцячых пляцовак. «І, вядома ж, у перыяд нестабільнасці асаблівая ўвага надаецца рэпутацыі забудоўшчыка, яго здольнасці здаць дом у заяўленыя тэрміны», — лічаць эксперты рынку.

У плане цэнаўтварэння найбольш стабільнымі ў лістападзе аказаліся новабудоўлі класа «Стандарт». Варта адзначыць, што ён да гэтага часу застаецца самым шматлікім на рынку: новабудоўлі гэтага класа фарміруюць больш за палову аб'ёму рынку. Сярэдні кошт квадратнага метра ў ім у параўнанні з кастрычнікам, можна сказаць, застаўся без змен — ваганне склала толькі мінус 1% да ўзроўню 1275 долараў за «квадрат», у тым ліку ў аднапакаёвых кватэрах — 1320 долараў, двухпакаёвых — 1280 долараў, трохпакаёвых — 1240 долараў.

Сярэднія лістападаўскія кошты на новабудоўлі класа «Эканом» у параўнанні з кастрычнікам усё ж «аселі» — мінус 2%. Сярэдні кошт квадратнага метра ў самым бюджэтным класе жылля склаў каля 1120 долараў за квадратны метр, у тым ліку ў аднапакаёвых кватэрах — 1160 долараў, двухпакаёвых — 1125 долараў, а трохпакаёвых — 1055 долараў. У той жа час цяпер усё часцей можна сустрэць у двух- і трохпакаёвых кватэрах цану на ўзроўні 940-980 долараў за квадратны метр. Аднак растэрміноўка аплаты па такіх кватэрах, як правіла, адсутнічае.

У класе «Камфорт», у адрозненне ад «Эканома» і «Стандарту», продажы ідуць не так дынамічна, таму забудоўшчыкамі актыўна «прасоўваюцца» дамы, якія знаходзяцца на ранніх стадыях будаўніцтва, за кошт чаго сярэдняя лістападаўская цана знізілася і ў гэтым класе на 2% да ўзроўню 1430 долараў за квадратны метр. Цяпер цэннік гэтай катэгорыі жылля ў аднапакаёвых кватэрах складае 1485 долараў за квадратны метр агульнай плошчы, двухпакаёвых — 1400 долараў, трохпакаёвых — 1425 долараў. Для таго, каб прыцягнуць пакупніка, на этапе залівання падмурка дома прапануюцца цэны каля 1000 долараў за квадратны метр пры 100-працэнтнай аплаце кватэры. З ростам завершанасці аб'екта расце і кошт за квадратны метр.

Найбольш страцілі ў цане дарагія новабудоўлі класа «Прэстыж». Сярэдні кошт квадратнага метра ў такіх супердамах знізіўся на 7% і склаў 1840 долараў. Мінімальныя аб'ёмы продажу кватэр гэтай катэгорыі сёлета на працягу ўсяго сезона прымушаюць забудоўшчыкаў самага элітнага з даступных для набыцця класа жылля праводзіць акцыі па зніжэнні кошту квадратнага метра ажно да 1250 долараў за квадратны метр. Улічваючы вялікія плошчы кватэр гэтага класа, выніковы кошт аказваецца не такі ўжо і маленькі: нават пры цане 1250 долараў за «квадрат» двухпакаёвая кватэра плошчай 80 квадратных метраў абыдзецца пакупніку ў сур'ёзныя 100 тысяч долараў.

Патанненне з запасам

З пачатку года кошты рэальных здзелак з кватэрамі на другасным рынку «згубілі» нават менш, чым па цэнніках прапановы — 15% супраць 18% адпаведна. На думку намесніка дырэктара па продажах на другасным рынку жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Святланы Кудзелкі, падобная з'ява абумоўлена тым, што прадаўцы да канца года сталі ўжо першапачаткова выстаўляць больш рэальную цану на свае кватэры. Сёння ўласнікі разумеюць, што завышаная цана кватэры адпужвае патэнцыйных пакупнікоў. А ў выніку кватэра можа зусім не карыстацца попытам да тых часоў, пакуль цана прапановы не будзе зніжана.

Лістападаўскі трэнд на зніжэнне кошту кватэр усіх катэгорый застаецца актуальным і надалей. Аналіз зарэгістраваных пераходаў правоў уласнасці на жыллёвую нерухомасць у лістападзе паказвае, што сярэдні кошт квадратнага метра знізіўся на 3% да ўзроўню 1240 долараў. Гэта датычыцца ўсіх рэалізаваных у лістападзе кватэр. А самыя папулярныя ў пакупнікоў жылыя памяшканні «стандартных спажывецкіх якасцей» у лістападзе рэалізоўваліся па сярэдніх цэнах 1265 долараў за квадратны метр для аднапакаёвых, 1160 долараў за квадратны метр для двухпакаёвых і 1130 долараў за «квадрат» для трохпакаёвых кватэр.

«У сітуацыі няхай не дынамічнага, але ўсё ж пастаяннага зніжэння коштаў вызначэнне аб'ектыўнай цаны для кватэры дазваляе прадаўцу скараціць час яе экспазіцыі і такім чынам знізіць грашовыя страты ад пастаяннай карэкціроўкі цэннікаў», — тлумачыць Святлана Кудзелка. «Чым больш прывабная цана на кватэру ўжо сёння, тым больш шанцаў, што менавіта яе выберуць сярод багацця прапаноў», — упэўнена эксперт.

Восеньскі рэкорд прапановы

«Разам са зніжэннем коштаў аб'ём прапановы кватэр на рынку працягвае павялічвацца», — канстатуюць сітуацыю на сталічным рынку эксперты жыллёвай нерухомасці. Пікавыя значэнні аб'ёму прапановы кватэр сёлета былі зафіксаваныя ў жніўні. Лістападаўскі аб'ём прапановы не дацягнуў да яго толькі 5%. Але ў той жа час гэта не перашкодзіла лістападу паставіць свой асабісты «восеньскі» рэкорд: практычна 8900 кватэр у агульным спісе, што на 25% больш за ўзровень пачатку гэтага года.

Шырокі аб'ём прапановы кватэр і даволі жорсткія патрабаванні пакупнікоў (яны сур'ёзна павялічыліся за апошняе паўгоддзе) у кожным канкрэтным выпадку істотна звужаюць кола пошуку прыдатных варыянтаў жылля. «І тады пакупнікам важна не ўпусціць «сваю» кватэру, а прадаўцам — «свайго» пакупніка», — раіць Святлана Іванаўна. Яна лічыць, што ва ўмовах адсутнасці змяненняў у эканамічнай сітуацыі ў краіне і абмежаванасці даступных крэдытных рэсурсаў прадаўцы павінны ставіцца больш лаяльна да прапанаванага гандлю.

Пошук танных варыянтаў

Сёння эксперты адзначаюць, што няпростая эканамічная сітуацыя ў краіне прымусіла пакупнікоў пераарыентавацца на максімальна таннае жыллё. Падобная накіраванасць попыту адбілася і на продажах больш дарагіх кватэр. Так, паводле слоў Святланы Кудзелкі, у лістападзе на 10% менш было прададзена кватэр, «гатовых да пражывання», што маюць у сваім актыве свежы якасны рамонт і базавы набор мэблі і бытавой тэхнікі. «Аднак варта адзначыць, што па якасці прададзеныя кватэры былі істотна вышэйшыя за ўзровень кватэр кастрычніка, гэта наглядна дэманструе ўзрослыя якасныя патрабаванні пакупнікоў», — тлумачыць спецыяліст.

Па выніках лістапада, сярэдні кошт квадратнага метра ў «гатовых да пражывання» кватэрах склаў 1500 долараў, у тым ліку: у аднапакаёвых кватэрах — 1555 долараў, двухпакаёвых — 1430 долараў, трохпакаёвых — 1445 долараў.

Агульнай тэндэнцыяй гэтай восені можна назваць арыентацыю пакупнікоў на кватэры стандартных спажывецкіх якасцей па максімальна бюджэтных цэнах. Пры гэтым адкрыта «неліквіднае» па стане жыллё, якое ад будучага ўласніка запатрабуе значных выдаткаў на правядзенне рамонту, зацікавіць толькі пакупнікоў, нацэленых на куплю жылля па самых мінімальных цэнах. «А сёння патэнцыйныя пакупнікі навучыліся лічыць кожны артыкул выдаткаў, няхай гэта будзе правядзенне рамонту альбо проста купля мэблі, і імкнуцца знайсці максімальна збалансаваны па суадносінах «кошт/якасць» варыянт», — кажа Святлана Кудзелка. Акрамя таго, актуальным сярод жыхароў сталіцы застаецца і рашэнне кватэрнага пытання з дапамогай размену і абмену жылля на кватэру большай плошчы. Такія аперацыі патрабуюць невялікага ўкладання сродкаў, а структура рынку дазваляе выбраць найбольш аптымальны для пакупніка варыянт.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.