Вы тут

Мост, дарога, газіфікацыя, кааперацыя


Пры падвядзенні вынікаў работы народнагаспадарчага комплексу Брэстчыны за 10 месяцаў адзначалася, што па аб'ёме падрадных будаўнічых работ адзіны раён у вобласці — Жабінкаўскі — перавысіў леташнія паказчыкі. Гэта значыць, паказчыкі не знізілі: наадварот, пабудавалі больш, чым у папярэднім годзе. Напрыклад, у раёне з пачатку года ўвялі ў строй 15,9 тысячы квадратных метраў жылля пры плане 10,5 тысячы. Названыя факты і сталі нагодай, каб задаць некалькі пытанняў намесніку старшыні Жабінкаўскага райвыканкама па будаўніцтве Анатолю ШАЛТАНЮКУ.

23-27

— Апошнім часам і на «прамых лініях» з кіраўніцтвам вобласці, і на асабістых прыёмах людзі ўздымаюць шмат пытанняў па газіфікацыі населеных пунктаў...

— Тое, што вяскоўцы непакояцца пра газавыя сеткі, тэлефануюць, пішуць пісьмы, цалкам зразумела. Газ у доме — гэта цяпло, камфорт, адным словам, умовы жыцця, набліжаныя да гарадскіх. Сем з васьмі аграгарадкоў нашага самага малога раёна краіны ўжо маюць газавыя камунікацыі. У плане на будучы год пазначана пракладка падводзячых сетак да аграгарадка Вялікія Якаўчыцы. Калі газ прыйдзе і ў названы населены пункт, тады можна будзе гаварыць, што ўсе аграгарадкі адпавядаюць свайму статусу.

Шмат чаго зроблена і ў гэтым годзе. Так званы падводзячы газаправод пракладзены да аграгарадка Крыўляны, а таксама вёсак Агароднікі і Вешкі СВК «Вазнясенскі». Як вядома, падводзячыя сеткі будуюцца за кошт бюджэту. І хоць спачатку вёскі Рачкі ў плане не было, жыхары гэтага населенага пункта захацелі мець газ у сябе і правялі работу па зборы грошай. Праўда, яны скаапераваліся з гаспадарамі двух дачных пасёлкаў, што размешчаны недалёка ад іх вёскі. І ў складчыну працягнулі «нітку» Збірагі-Рачкі. Як бачым, ініцыятыва і жаданне мясцовых жыхароў у справе газіфікацыі адыгрываюць не апошнюю ролю. Будаўніцтва часам адбываецца не так хутка, як нам хацелася б, праз недахоп фінансавання. А кааперацыя якраз бывае выйсцем на гэтым шляху.

Як ужо гаварылася, падводзячы газаправод робіцца за кошт бюджэту. А вулічныя сеткі, паводле 368-га ўказа, фінансуюцца ў прапорцыі 70 на 30. Гэта значыць: 70 працэнтаў кошту бярэ на сябе бюджэт, а 30 працэнтаў дабаўляе насельніцтва. Дык вось у гэтым годзе мы праклалі вулічныя сеткі у вёсках Сакалова, Шпіталі і Сцяпанкі. Зараз на стадыі завяршэння знаходзіцца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі па вулічных сетках вёсак Крыўляны, Вешкі і Сакі. Але пакуль што грошы выдзелены на наступны год толькі на газаправод вёскі Сакі. Так што, магчыма, Крыўлянам і Вешкам давядзецца яшчэ чакаць.

— Згадзіцеся, Анатоль Вітальевіч, першая прыкмета цывілізаванасці асобнага рэгіёна, а то і краіны, — стан дарог. Што зроблена за год у плане дарожнага будаўніцтва?

— З пачатку года ў раёне пракладзена амаль пяць кіламетраў асфальтаваных дарог, на што затрачана 9,2 мільярда рублёў. У выніку цэнтральная сядзіба СВК «Арэпічы» цяпер мае добрую дарогу да райцэнтра, пракладзены асфальт паміж вёскамі Старое Сяло і Азяты. Распачата будаўніцтва цвёрдага пакрыцця на дарозе да Вялікіх Якаўчыц.

— Сёлета на ўсіх узроўнях многа гаварылася пра Жабінку як горад-спадарожнік Брэста. Рашэнне такое прынята. Можа, ужо нешта робіцца па развіцці менавіта горада-спадарожніка?

— Генеральны план развіцця горада-спадарожніка сфарміраваны, але канчаткова не зацверджаны, таму мы пакуль гаворым пра праект гэтага плана. Усе яго пункты ўзгоднены, і мы ведаем, што Жабінка будзе прырастаць новымі мікрараёнамі ў бок сённяшняй свабоднай эканамічнай зоны, мясцовыя жыхары сказалі б «на той бок ракі». І галоўным аб'ектам у гэтым кірунку бачыцца мост, які не так даўно ўведзены ў строй. Мост цераз раку Мухавец на аўтадарозе Р7 Камянец — Федзькавічы ўзвялі замест старога, які вычарпаў свой рэсурс і стаў аварыйным. Новы пабудавалі за два гады. Цяпер на ажыўленай трасе, якая злучае два раёны — Камянецкі і Жабінкаўскі — з'явіўся прыгожы сучасны мост. Ён і стаў першай значнай прыступкай на шляху да горада-спадарожніка.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.