Вы тут

Прэзідэнт уручыў прэміі


Учора адбылася цырымонія ўручэння прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне», спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта «Беларускі спартыўны Алімп».


Выступаючы на ўрачыстым мерапрыемстве, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сказаў:

«Паважаныя сябры!

Адразу хачу адзначыць: сённяшняе ўручэнне прэмій «За духоўнае адраджэнне», а таксама спецыяльных прэмій Прэзідэнта адкрывае цэлы шэраг мерапрыемстваў абвешчанага ў краіне Года культуры. Гэта сведчыць аб тым, што дзяржава надае вялікае значэнне развіццю такой важнай сферы. Галоўная яе задача — актывізаваць інтэлектуальныя, духоўныя сілы нашага народа, падтрымаць ініцыятыву ў мэтах захавання гістарычнай спадчыны, уздыму на новы ўзровень сучаснага мастацтва і выхавання ў грамадзян любові да сваёй Радзімы.

Беларусь багатая на таленты, творчыя дасягненні, якія з'яўляюцца гонарам нашай краіны. Яркім пацвярджэннем гэтага стане шырокае святкаванне юбілеяў нашых выдатных дзеячаў — Уладзіміра Мулявіна, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна.

На высокім узроўні мы правядзём 25-ы юбілейны фестываль «Славянскі базар у Віцебску», які стаў той сусветнай пляцоўкай, на якой з поспехам выступаюць прызнаныя майстры і запальваюцца новыя «зоркі».

Увага будзе надавацца не толькі розным напрамкам мастацтва, але і духоўнаму жыццю нашых людзей. Бо мы разумеем, што культура — гэта падмурак, на якім і развіваецца любая нацыя, вызначаюцца яе жыццяздольнасць, творчы патэнцыял. Яна ляжыць у аснове ідэалогіі дзяржаў. Паказвае тыя напрамкі і мэты, на якія павінна арыентавацца грамадства.

Гэта шматгранная з'ява, якая ахоплівае многія сферы жыцця. У тым ліку працоўную дзейнасць, уладкаванне побыту, стаўленне да прыроды, навакольнага свету і роднага краю.

Нельга забываць пра тое, што культура — гэта і мера чалавечнасці. Без яе не могуць быць паўнавартаснымі ні асоба, ні грамадства. Сёння людзі маюць патрэбу ў гуманнасці, міласэрнасці, узаемаразуменні і дабрыні. Без удумлівага, мудрага стаўлення да жыцця, без маральных крытэрыяў, заснаваных на шматвяковым вопыце продкаў, немагчыма пабудаваць стабільную і паспяховую дзяржаву.

Мы жывём у няпросты і, на жаль, вельмі трывожны час. Ужо выбачайце, але я вельмі часта ў апошні час пра гэта кажу. Паверце, нездарма. Найглыбейшы духоўны крызіс ахапіў многія краіны. Як вынік — у розных кутках Зямлі дэструктыўныя сілы робяць спробы зламаць сістэму традыцыйных каштоўнасцяў. Агрэсіўныя нападкі на асновы маралі становяцца адной з злавесных прыкмет сучаснасці.

Высокія тэхналогіі, нябачаная ў гісторыі хуткасць камунікацый і глабалізацыя не дапамаглі людзям стаць бліжэй адно да аднаго. У нядобрых руках усё гэта ператвараецца ў сродак маніпуляцыі свядомасцю, інструмент распальвання варожасці.

На жаль, ужо відаць горкія плады такой палітыкі. Адхіляюцца інстытут сям'і, каштоўнасць чалавечага жыцця, сацыяльная справядлівасць. Эгацэнтрызм, усёдазволенасць і карысталюбства асуджаюць асобу і грамадства на поўную дэградацыю.

Яшчэ нядаўна здавалася, што свабода дзеля свабоды зробіць усіх нас і ўвогуле ўсё чалавецтва больш шчаслівымі. Але адмова ад маральных самаабмежаванняў прывяла да невырашальных супярэчнасцяў, зацяжных кровапралітных канфліктаў і войнаў. А бяздумнае стаўленне да навакольнага асяроддзя паставіла чалавецтва на грань экалагічнай катастрофы.

Само жыццё дае нам чарговы цяжкі, але важны ўрок. Мы павінны зразумець: тое, што не мае глыбокай маральнай асновы, ні ў якім разе не можа прынесці карысць ні людзям, ні грамадству ў цэлым. Бо яшчэ апостал Павел казаў: «Усё мне можна, але не ўсё на карысць».

Сучасныя рэаліі такія, што менавіта згуртаванасць нацыі вакол сапраўдных, стваральных каштоўнасцяў з'яўляецца гарантыяй яе захавання і прагрэсу, духоўнага здароўя і дабрабыту. Таму невыпадкова на 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый наша краіна названа сімвалам міру. Беларускі народ умее здабываць урокі з мінулага, даражыць чыстым небам над галавой і спакоем у грамадстве. Застаецца верным высокім маральным каштоўнасцям і добрым традыцыям.

Важна, каб дзеячы культуры, мастацтва разумелі гэта і сваёй творчасцю супрацьстаялі бескультур'ю і іншым негатыўным з'явам, якія часта азмрочваюць наша жыццё.

Паважаныя лаўрэаты!

Узнагароды за выдатны ўклад у развіццё культуры і мастацтва, за дабрачыннасць і актыўную дзейнасць па ахове мацярынства і дзяцінства сведчаць аб тым, якую важную ролю ў жыцці сучаснай Беларусі адыгрываюць духоўнасць, маральныя і эстэтычныя прынцыпы.

Сёлета лаўрэатамі прэміі «За духоўнае адраджэнне» сталі калектывы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця» і Нацыянальнага мастацкага музея, дзеячы Рускай праваслаўнай і Рымска-каталіцкай цэркваў, аўтары кнігі-рэквіема «Жыць і памятаць». Спецыяльныя прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва атрымаюць журналісты, вучоныя, мастакі, калектыў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Я асабліва хачу адзначыць дзіцячы ансамбль «Аношкаўскія музыкі», творчасць якога дае нам магчымасць дакрануцца да народнага мастацтва.

Мы ўшаноўваем таксама лаўрэатаў прэміі «Беларускі спартыўны Алімп». Вашы мэтанакіраванасць, воля да перамогі і працавітасць становяцца добрым прыкладам для выхавання чэмпіёнаў, якія праслаўляюць Беларусь.

Дарагія сябры!

Я ўсіх хачу яшчэ раз павіншаваць з добрымі святамі, якія наступілі, — Новым годам, Раством Хрыстовым. Усіх лаўрэатаў я хачу павіншаваць з прысуджэннем гэтых высокіх узнагарод. Я абсалютна ўпэўнены: усенароднае прызнанне, якое вы набылі сёння, стане для вас стымулам да новых дасягненняў на карысць нашай Радзімы.

Я хачу вам пажадаць моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту вам, вашым родным, блізкім, вашым дзецям.

Дзякуй вам».

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.