Вы тут

Па якары... без акваланга


У Бешанковічах ёсць будынак завода, дзе працуе ўсяго адзін чалавек. Ён жа — уладар заводскіх памяшканняў. Андрэй Трубецкі — каваль, зваршчык, мастак і паралельна фінансіст. У яго некалькі хобі. У прыватнасці, займаецца падводным паляваннем. Паралельна пад вадой нешта шукае з прадметаў даўніны. Цікава, што ён займаўся ўтылізацыяй караблёў на беразе Фінскага заліву. На свае вочы бачыў падводную частку легендарнага крэйсера «Аўрора». Калекцыянуе якары. У гасцях у захопленага чалавека з залатымі рукамі пабываў карэспандэнт «Звязды».


«Потым усё гэта надакучыла»

У Бешанковічах творчая майстэрня Трубецкага знаходзіцца на тэрыторыі былога завода.

— Купіў заводскія плошчы на аўкцыёне за базавую велічыню. Тут раней выпускалі пластмасавыя вырабы. Сёння я — індывідуальны прадпрымальнік. Так выгадней у часы адсутнасці вялікіх заказаў. А раней у маёй фірме працавалі наёмныя работнікі. Але стала цяжка выплачваць ім зарплату... — распавядае майстар.

Цяпер мужчына сам займаецца коўкай, зварачнымі і бляшанымі работамі. Казыркі робіць, вароты і іншае. І з Расіі заказы былі. У прыватнасці, яго каваныя вырабы, арачныя і іншыя можна ўбачыць пры ўваходзе ў маскоўскі Пятроўскі пад'язны палац, дзе спыняліся адпачыць рускія цары. Асобны напрамак у творчасці — вырабы з запчастак розных, з металалому.

А па адукацыі Андрэй фінансіст. Скончыў у Мінску фінансава-эканамічны тэхнікум. У Віцебску працаваў у сістэме дзяржаўнага страхавання, у Бешанковічах — інспектарам. Потым — у кантрольна-рэвізійным упраўленні, падатковай інспекцыі. І раптам ўсё гэта надакучыла. Сышоў, каб займацца тым, што падабалася.

— Добра, што рукі, як той казаў, з правільнага месца растуць, бо ў радні да пакалення бацькі не было клеркаў, а ўсе — майстравыя: печнікі, цесляры, кавалі... Коўкай зацікавіўся, адшукаў неабходныя парады ў інтэрнэце. Потым на форуме кавалёў «Ост-метал» пазнаёміўся з кавалямі. Адзін з іх, піцерскі майстар Уладзімір Дзямідаў, навучыў мяне варыць дамаскую сталь. У сусветным павуцінні чытаў артыкулы і па іншых рамёствах. Спрабаваў, спачатку атрымлівалася, скажам так, неідэальна, але нічога, паўтараў, — расказвае Андрэй Віктаравіч.

Як каваль ён працуе у «Горадзе майстроў» падчас «Славянскага базару ў Віцебску». Аднойчы ўбачыў мноства журналістаў, якія суправаджалі Аляксандра Рыбака, пераможцу «Еўрабачання». Супрацоўніца тэлебачання прапанавала Рыбаку паспрабаваць нешта зрабіць.

— А часу ў «зоркі» было вельмі мала. Я літаральна хвілін за пяць разам з ім зрабіў нешта падобнае на нож. Дык яго адразу ж прадалі на імправізаваным аўкцыёне. За 40 тысяч рублёў, — смяецца майстар.

Тво­ры, зроб­ле­ныя Анд­рэ­ем Тру­бец­кім.

Цікавасць да гісторыі

— Удзячны за расказы пра мінулае бабулі маёй Марыі. Удзячны майму сябру, краязнаўцу Станіславу Леаненку, за тое, што адшукаў звесткі пра майго далёкага продка. Ён, аказваецца, яшчэ ў 1501 годзе перайшоў на службу да рускага цара. Пасля гэтага мясцовы пан Юхно-Вароніч прасіў перадаць яму землі, вёску Мількавіч і сялян «здрадніка Івана Трубяцкога». Вядома, ганаруся тым, што маю дачыненне да роду Трубяцкіх. Шмат ведаю пра Бешанковічы. Дарэчы, менавіта тут праводзіўся славуты кірмаш на свята Пятра і Паўла. У ім бралі ўдзел купцы з розных мясцін: ад Крыма да Скандынавіі. На гэтых кірмашах дагаворы заключаліся на мільёны рублёў! І ўсё напавер! Сёння, вядома, бізнес працуе па іншых законах: часта падманваюць адно аднаго. А тады менталітэт быў іншы, — працягвае майстар.

На былым бешанковіцкім заводзе чаго толькі няма. Вырабы гаспадара, калекцыя прадметаў мінулага. Асаблівы гонар — інструменты дарэвалюцыйнага і даваеннага савецкага часу. Ёсць і зробленыя ўручную. Сярод інструментаў — фуганак з чырвонага дрэва, а на нажы для гэбля — масонскі знак.

— У мяне і кавалак біўня маманта ёсць, каменныя інструменты, посуд розных часоў, розныя прадметы побыту... Большасць артэфактаў з балот, са звалак, з пунктаў збору металалому. Ёсць і падоранае землякамі. Я ж сам тутэйшы, нарадзіўся ў Бешанковічах, у куточку, вядомым як былая слабада Стрэлка. І многія мяне ведаюць, тату майго, дзеда памятаюць. Разумеюць, што не на продаж прашу нешта, а для калекцыі. У краязнаўчым музеі неаднаразова праводзіліся выставы на аснове рарытэтаў, сабраных мною, — тлумачыць Трубецкі.

Анд­рэй Тру­бец­кі і Аляк­сандр Ры­бак.

Непатрэбная частка «Аўроры»

Пра якары ён расказвае з асаблівай цеплынёй. Дарэчы, калекцыянераў якараў у Беларусі адзінкі.

— Якараў шмат у мяне. Самым старым некалькі вякоў. Штогод падчас навігацыі па Заходняй Дзвіне ў мястэчка прыходзіла шмат караблёў. Калі яшчэ не было металічных ланцугоў, або каштавалі апошнія дорага, якары чапляліся на вяроўкі з пянькі. І падчас вялікай вады тыя вяроўкі рваліся. Якары заставаліся на дне, — здзіўляе суразмоўца.

Каб падняць якар, Андрэй і аднадумцы не карыстаюцца аквалангамі. Працэс патрабуе карпатлівасці і вытрымкі. Пры жаданні можна прадаць якары, бо попыт на іх сярод калекцыянераў ёсць. Але Трубецкі — патрыёт. Ён упэўнены, што «дары ракі» павінны заставацца ў раёне, дзе іх дасталі. А на жыццё ён заўсёды заробіць сваімі рукамі.

— Адзін з якараў можна ўбачыць у гарадскім парку. Ля яго вельмі любяць фатаграфавацца адразу пасля ЗАГСа, які непадалёк. Наогул мару, каб у гарадку з'явіўся пад адкрытым небам «куточак старыны». Упэўнены, што турыстам, ды і тутэйшым, цікава даведацца не толькі пра тое, што было падчас вайны, але і пра тое, як жылі ў Бешанковічах даўней. Было б добра, каб стары парк быў запоўнены гістарычнымі рэчамі. Зону адпачынку можна было б упрыгожыць жорнамі са старых млыноў, стварыць алею якараў. Я займаўся б гэтым. Дарэчы, браў удзел у стварэнні металічнай кніжкі ля скульптуры цмока ў Лепелі. Дык і ў Бешанковічах можна прыдумаць нешта цікавае! — разважае майстар.

Ён плануе зрабіць памятны знак недалёка ад месца, дзе падчас Вялікай Айчыннай упаў наш бамбардзіроўшчык. Хоча, каб людзі бачылі і крыж Свята-Мікольскай царквы, якую разабралі ў канцы пазамінулага стагоддзя. Крыж цудам захаваўся да нашых дзён і знаходзіцца на прыватным агародзе. Андрэй задумаў усталяваць яго каля дарогі, а вакол зрабіць прыгожую агароджу.

Ён падтрымлівае сувязі з падводнымі паляўнічымі, беларускімі дайверамі. Сярод іншага браў удзел у ачышчэнні Фінскага заліву ад безгаспадарчых караблёў, металалому. Тады давялося ўбачыць пад вадой частку «Аўроры». Дарэчы, цікавы факт: каб крэйсер не садзіўся на дно, у 1950-я гады адрэзалі частку корпуса. Апошняя, нікому не патрэбная, знаходзіцца ў бухце Вістна, дзе і працаваў Трубецкі. У яго калекцыі ёсць частка абшыўкі «Аўроры». Піцерскія сябры падарылі яму некалькі цвікоў з маставой першых гадоў існавання Санкт-Пецярбурга. Іх з часам проста вымыла Нява.

Нягледзячы на занятасць, Андрэй Трубецкі заўсёды рады расказаць турыстам пра мінулае краю. Да яго цягнуцца дзеці. Адна справа — вывучаць гісторыю на ўроках, але ж больш цікава да гісторыі літаральна дакрануцца...

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Бешанковічы — Віцебск

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.