Вы тут

Бездакументарныя аблігацыі — дубль два


Даход ад гэтых каштоўных папер падаткам не абкладаецца.

Гэтымі днямі Міністэрства фінансаў краіны аб'явіла аб пачатку рэалізацыі насельніцтву бездакументарных аблігацый, намінаваных у замежнай валюце (долары) са стаўкай працэнтнага даходу ў памеры 5,5%.


Дэбютны выпуск віртуальных каштоўных папер Мінфін арганізоўваў летась з 22 чэрвеня па 31 снежня.

Прэс-служба міністэрства паведамляе, што гэтыя каштоўныя паперы будуць прапаноўвацца людзям на працягу больш сур'ёзнага тэрміну — з 15 студзеня да 12 кастрычніка. Такія віртуальныя аблігацыі істотна адрозніваюцца ад звычайных папяровых, бо з'яўляюцца бездакументарнымі ў выглядзе запісаў па рахунках «дэпо». Аб'ём выпуску гэтых каштоўных папер складае 100 млн долараў. Продаж ажыццяўляецца шляхам размяшчэння на пляцоўцы акцыянернага таварыства «Беларуская валютна-фондавая біржа». Аб продажы гэтых каштоўных папер цяпер аб'явіла адна з найбуйнейшых фінансавых устаноў — Беларусбанк.

Салідная каштоўнасць

Першыя дзяржаўныя доўгатэрміновыя аблігацыі з працэнтным даходам былі прапанаваны насельніцтву менавіта ў выглядзе каштоўных папер на папяровым носьбіце. Тады магчыма было набыць падобныя паперы коштам за 200, 1000 і 5000 долараў. Валютныя аблігацыі даваліся на прад'яўніка, а банкі не патрабавалі ад кліентаў ніякіх дакументаў. Сёння дзяржаўныя аблігацыі, намінаваныя ў замежнай валюце, прапануюцца ўжо для VІP-кліентаў з грашыма, бо намінальная цана адной такой каштоўнай паперы складае 5 тысяч долараў. Згодна з умовамі выпуску, тэрмін абарачэння аблігацый складае 586 дзён, а датай іх пагашэння з'яўляецца 23 жніўня 2017 года. Купля дзяржаўных валютных аблігацый пры іх першасным размяшчэнні ажыццяўляецца толькі ў валюце наміналу (долары ЗША).

Патрэбен пашпарт

На сваім сайце Беларусбанк размясціў алгарытм набыцця такіх аблігацый. Пакупніком можа быць грамадзянін нашай дзяржавы, а таксама і нерэзідэнт Беларусі. Галоўнае — мець валютныя сродкі і выканаць адпаведны механізм працэдур.

Па-першае, кліенту неабходна заключыць з банкам дагавор на адкрыццё рахунку «дэпо» (для ўліку, захоўвання і ажыццяўлення аперацый з дзяржаўнымі аблігацыямі). Потым разам з пашпартам і адпаведнай анкетай адкрыць такі рахунак. На другім этапе неабходна заключыць з банкам дагавор на адкрыццё бягучых (разліковых) банкаўскіх рахункаў і адкрыць іх. Рахунак у замежнай валюце патрэбен для набыцця дзяржаўных аблігацый, атрымання выплат па іх працэнтнага даходу, наміналу аблігацыі пры яе пагашэнні, а рахунак у беларускіх рублях — для выплаты камісій і ўзнагароджанняў банку, іншых плацяжоў. Таксама кліент павінен заключыць з банкам дагавор камісіі для набыцця дзяржаўных аблігацый у сістэме ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа» праз здзелку куплі-продажу.

Плата за заключэнне дагавора на брокерскае абслугоўванне ў банку каштуе 110 тысяч рублёў, а камісійны збор ад здзяйснення здзелкі складзе 0,01% ад сумы здзелкі, але не менш за 15 долараў.

Брокерскія паслугі па набыцці валютных аблігацый таксама аказвае ўнітарнае прадпрыемства «АСБ Брокер», якое ўваходзіць у склад холдынгу ААТ «ААБ Беларусбанк».

Раз на тры месяцы — безнаяўнымі

Згодна з умовамі выпуску, даход па гэтых паперах выплачваецца адзін раз у тры месяцы. Калі бездакументарныя аблігацыі набываюцца кліентамі ў бліжэйшы час, то даход па першым працэнтным перыядзе атрымліваецца 15 красавіка 2016 года, па другім перыядзе — 15 ліпеня 2016-га, па трэцім — 19 кастрычніка 2016-га, па чацвёртым — 18 студзеня 2017-га, па пятым — 19 красавіка 2017-га, па шостым — 19 ліпеня 2017-га, а па сёмым — 23 жніўня 2017 года. Даход па аблігацыях і грашовыя сродкі ад пагашэння аблігацый залічваюцца ў безнаяўным парадку на рахункі фізічных асоб, адкрытыя ў ААТ «ААБ Беларусбанк».

За легальныя грошы і без падаткаў

Для атрымання прафесійнага каментарыя наконт нюансаў набыцця гэтых аблігацый рэдакцыя звярнулася да спецыялістаў плацежнай сістэмы «БЕЛКАРТ». У прэс-службе сістэмы нам паведамілі, што банкі не будуць патрабаваць у сваіх кліентаў дэкларацыю аб паходжанні грошай, аднак інфармацыя аб здзелцы з валютнымі аблігацыямі будзе накіравана ў падатковую інспекцыю. Не, даход, які атрымае фізічная асоба ад валютнай аблігацыі, падаткам не абкладаецца. Проста падатковая інспекцыя можа спытаць у чалавека, дзе ён узяў такія грошы.

Другое слушнае пытанне датычыцца падаткаабкладання такіх даходаў. Вядома, што сёлета з першых дзён красавіка даходы фізічных асоб па валютных дэпазітах абкладаюцца падаходным падаткам, калі грошы кліентаў праляжалі ў банку менш за два гады. Дык вось, у прэс-службе Беларусбанка нам паведамілі, што даходы кліентаў ад бездакументарных аблігацый падаткам не абкладаюцца.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.