Вы тут

Чарга ў паліклініцы


Ці то адносіны людзей да чакання ў чарзе памяняліся, ці пацыенты такія падабраліся, ці так супала, але дзве гадзіны, якія давялося прачакаць каля кабінета ўчастковага доктара, прайшлі надзвычай спакойна. Людзі няспешна гутарылі. Было нават цікава пачуць своеасаблівы зрэз грамадскай думкі. У чарзе адразу абазначыліся лідары — дзве жанчыны, якія задавалі тэмы, і да іх многія перыядычна далучаліся. Ніхто не высвятляў адносіны, не спрабаваў прарвацца без чаргі. Быў адзін на самым пачатку, але яго хуценька асадзілі, і ён цярпліва чакаў, раз-пораз адпускаючы крытычныя рэплікі наконт прадмета размовы, у думках я яго празвала скептыкам.


А яшчэ вясёлы і дасціпны былы вайсковец пасмейваўся з суседзяў: наводдаль стаяла нашмат большая чарга ў кабінет электракардыяграмы, там даволі часта ўзнікала перапалка. Сюжэт класічны, нехта заняў за некім, потым адышоў, пра яго забылі, а калі прыйшоў, аказалася, што жанчыны ў жоўтай шалі, якую ён запомніў, ужо не было. Ну і пайшло...

— Ва ўсім вінаватая тая жанчына, шукайце жанчыну, — гучна гаварыў наш «палкоўнік», каб пачулі ў той чарзе.

На што суседка з лідараў яму парэкамендавала не высоўвацца, маўляў, далей ад граху: людзі і так нервуюцца, а ты ім пад руку са сваімі жартачкамі. З такой пастаноўкай пытання былы ваенны чалавек катэгарычна не згаджаўся:

— Ну, з усяго ў нас робяць праблему. Падумаеш, адна жанчына ў жоўтым ці дзве ў зялёным пройдуць раней за цябе! Нібы гэты, што крычыць, працуе галоўным маклерам на біржы, і яго час сапраўды варты грошай. Абы ствараць напружанасць, як усё роўна з тым снегам. Раз на зіму ў нас выпаў снег, дык тыдзень тэлебачанне, газеты трубілі аб гэтым, быццам адбылося нешта дагэтуль невядомае і нябачанае. Мы некалі ў Забайкальскай ваеннай акрузе з салдатамі на вучэннях месяцамі жылі ў палатках. Тое, што снегу кругом было ледзь не па пояс, нават не лічылася нечым надзвычайным. А зараз інтэрв'ю даюць ад высокіх чыноўнікаў да дворнікаў: «Усе на барацьбу са снегам!» І не так ужо ўсіх заваліла тым снегам, каб біць ва ўсе званы. Вось і зноў прывычная слата наступіла, пад нагамі хлюпае, гразь месіцца, і ўсё больш прыгожых дзяўчат прыходзяць сюды з блакітнымі паперкамі, — паказаў ён у бок вельмі сімпатычнай дзяўчыны, якая трымала свой бальнічны ліст.

Наведвальніца з бальнічным, хоць і не схільная да размоў, але, відаць з ветлівасці, рашыла падтрымаць грамаду. Сказала, як па ёй, дык лепей глядзець па тэлебачанні пра снег, чым пра войны, тэракты, бежанцаў і праблемы, якія прынеслі апошнія ў Еўропу.

Дзяўчыне горача запярэчыла самая актыўная з чаргі і стала даводзіць, што Еўропа ў нас за Бугам, сёння ў іх бежанцы, а заўтра невядома, як яно павернецца. «Бачыце, што на Новы год рабілася, гаварылі, што толькі ў Германіі, а дачка прачытала на нейкім сайце, што ва ўсіх еўрапейскіх сталіцах было адно і тое ж. Хуліганы чапляліся да жанчын, абражалі, крыўдзілі, нават гвалтавалі. Усе цяпер купляюць электрашокеры, запісваюцца на курсы самаабароны».

— Вядома, што ва ўсіх гарадах выкарыстаны аднолькавы сцэнарый, — падхапіў наш «палкоўнік». — Яны правялі разведку боем, і атрымалі патрэбны ім вынік. Паліцыя стаяла ўбаку, гэта значыць, улады бяздзейнічалі. Цяпер тыя, хто арганізаваў падобныя правакацыі, будуць больш смелымі. Вось пабачыце.

— Няхай яны самі там разбіраюцца, — пастаралася перавесці гаворку на іншае жанчына пенсійнага ўзросту. — У нас сваіх праблем хапае. Людзі без работы застаюцца. А мая дачка працуе, дык у іх зарплату ўсё ўразаюць. А ёй дзяцей вучыць. Што нам тыя бежанцы?

— Дарэмна вы так, — не згадзілася з ёй «актывістка». — Далёка — блізка, усё цяпер адносна. Я ў адзін дзень пачула па тэлебачанні дзве навіны і жахнулася. У Маскве, у элітным доме загінула адзіная дачка вядомага тэлевядучага, упала ў шахту ліфта. А ў канадскім горадзе, назву не запомніла, загінула настаўніца пачатковых класаў. Старшакласнік, ці то абгуляўся ў стралялкі, ці абкурыўся чаго, узяў зброю, пайшоў у школу і стаў страляць у каго папала. Параненыя дзеці, настаўніца загінула. Яна была адзінай дачкой мэра горада. За акіянамі, і тысячамі кіламетраў, а гора ў людзей аднолькавае...

З гэтай жанчынай пагадзіліся амаль усе, і толькі скептык, якога на самым пачатку не пусцілі без чаргі, заўважыў, што ў нашых мэраў дочкі настаўніцамі не працуюць. Агучаны тэзіс ніхто развіваць не стаў, бо яго аўтар зайшоў у кабінет да доктара.

Мая чарга была за ім, як аказалася, мне заставалася чакаць 35 хвілін. Каля дзесяці хвілін быў на прыёме папярэдні пацыент, затым без малога паўгадзіны ўрач парадкавала патрэбную ёй справаздачнасць. Ну, вы ведаеце, гэта звычайная практыка. Самае цікавае адчуванне, калі стаіш пад кабінетам у чаканні што паклічуць, бо там больш нікога няма з наведвальнікаў, а ніхто не кліча. За гэты час я паспела сама сабе адзначыць, што ў нас вельмі добразычлівая чарга, прааналізаваць, пра што гаварылі, успомніць, што ніхто не згадаў любімую тэму падобных аўдыторый — пра цэны. І тут падышла бабулька з кіёчкам, вельмі пажылая, сказала, што ёй толькі выпісаць рэцэпт. Я запрасіла заходзіць разам са мной, як толькі паклічуць. А яна без усялякіх уступаў пачала: «Во дзіва, зайшла па дарозе ў магазін, а там яблыкі польскія амаль па 11 тысяч, а нашы — па 18. Чаму так?»

— Дык добра ж, у вас ёсць выбар, а вы наракаеце, — строга ўказаў пенсіянерцы «палкоўнік».

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.