Вялікай падзеяй для Чэрыкава, што на Магілёўшчыне, стала адкрыццё сучаснага раённага Цэнтра культуры, дзе створаны ўсе ўмовы для заняткаў мастацкай творчасцю, гуртковай работай і адпачынку. У вялікім светлым будынку размясціліся харэаграфічныя і вакальныя класы, дыскаклуб і бібліятэка, більярдная зала і студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці. А галоўнае — канцэртная зала на 300 месцаў, разлічаная на правядзенне мерапрыемстваў высокага ўзроўню.
— Гэта сапраўды свята для нас, — падкрэсліла намеснік старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама Анжэла Новікава. — Наколькі гэта значная для нас падзея, сведчыла ўжо тое, што на адкрыццё сабралася вялікая колькасць народа. Дагэтуль творчыя калектывы туліліся ў непрыстасаваных памяшканнях, дзе часам не хапала самага неабходнага. Выхоўваць любоў да прыгажосці ў такіх умовах было проста немагчыма. Зараз іншая справа. Тут усё прадугледжана для працы — шмат прасторы, святла. А галоўнае, усё культурнае жыццё засяродзілася ў адным месцы. Раней пра такое прыходзілася толькі марыць.
Дарэчы, будаўніцтва Цэнтра культуры было распачата ў 2010 годзе. Паскорыць будаўніцтва аб'екта дапамог зварот жыхароў да Прэзідэнта падчас яго наведвання раёна. Людзі паскардзіліся на тое, што ў райцэнтры ўмовы для заняткаў творчасцю горшыя, чым у аграгарадках. Просьбу пачулі, і аб'ект быў уключаны ў Пратакол даручэнняў Прэзідэнта. Цэнтр пабудаваны за кошт сродкаў чарнобыльскай праграмы і абласнога бюджэту, на яго было выдаткавана больш за 50 мільярдаў рублёў.
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.