Вы тут

Што чакае сусветную палітыку ў бліжэйшыя 10 гадоў?


Адной з галоўных сенсацый тыдня стала аб'ява аб плануемай сустрэчы 12 лютага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і Папы Рымскага Францыска. Упершыню ў гісторыі іерархі на вышэйшым узроўні абмяркуюць актуальныя праблемы ўзаемадзеяння дзвюх цэркваў. Сустрэча неабходная хоць бы для таго, каб абмеркаваць праблемы сучаснай хрысціянскай царквы ў цэлым і ў тым ліку тыя, якія датычацца фізічнага знішчэння вернікаў і рэлігійных святыняў у некаторых рэгіёнах свету. У тым, што мерапрыемства пройдзе менавіта на Кубе, ёсць пэўны сімвалізм. Гэтая каталіцкая краіна, якая доўгія дзесяцігоддзі была ў сацыялістычным лагеры на чале з Масквой, з'яўляецца нядрэнным месцам для першых перамоў.


Раз на пяць гадоў добра вядомая ў свеце амерыканская глабальная разведвальная кампанія «Stratfor» прадстаўляе свой геапалітычны прагноз на наступныя дзесяць гадоў. На мінулым тыдні быў апублікаваны чарговы прагноз. У ім аналітыкі «Stratfor» прадракаюць, што праблемы Еўрапейскага саюза ўзмоцняцца да такой ступені, што ён можа распасціся, а калі і ацалее, то ўпадзе ў параліч. На думку агенцтва, Польшча ператворыцца ў дамінуючую сілу Паўночна-Еўрапейскай раўніны. Яна створыць на антырасійскай аснове кааліцыю, да якой далучацца ў тым ліку Венгрыя і Румынія, і сумесна яны паспрабуюць вярнуць тэрыторыі, «страчаныя калісьці ў барацьбе з рускімі». Што да Расіі, то аналітыкі лічаць, што і яна наўрад ці ўцалее. Яе распад прывядзе да найбуйнейшага крызісу наступнага дзесяцігоддзя. Блізкі Усход і Паўночная Афрыка будуць перажываць перыяд дзяржаўнага распаду. Там жа ўзмоцніцца ўплыў Турцыі, якая паскоранымі тэмпамі будзе ператварацца ў буйную рэгіянальную дзяржаву. Таксама невясёлыя часы аналітыкі прадказваюць і Кітаю. Яны мяркуюць, што КНР страціць сваё значэнне як рухавік глабальнага росту сусветнай эканомікі. Асноўным прэтэндэнтам на панаванне ва Усходняй Азіі стане Японія. У той жа час у дакладзе спецыялісты прадракаюць далейшы рост амерыканскай сілы. Буйныя стратэгічныя пагрозы Амерыка будзе сустракаць адпаведнай сілай, але адмовіцца ад ролі сусветнай «пажарнай каманды».

Улічваючы сувязі «Stratfor» з урадавымі агенцтвамі ЗША і асабліва з сілавымі, яго прагноз заслугоўвае сур'ёзнай увагі. Аналітыкі цудоўна ведаюць, што з дакладам азнаёмяцца вядучыя палітыкі і аналітыкі свету, прычым многія лідары краін успрымуць яго як кіраўнічае ўказанне ад урада ЗША аб тым, як Амерыка плануе правесці будучае дзесяцігоддзе і паспрабуюць прыстасаваць сваю знешнюю і ўнутраную палітыку да яе. Фактычна гэта спроба дапамагчы яго ўвасабленню ў жыццё. А таксама павялічыць прэстыж саюзнікаў ЗША — Японіі, Польшчы і Турцыі, — каб ім лягчэй было рэалізаваць амерыканскія планы.

Некалькі дзён таму Савет Бяспекі ААН правёў экстраннае пасяджэнне ў сувязі з запускам КНДР уласнага спадарожніка. Мерапрыемства спатрэбілася таму, што КНДР парушыла рэзалюцыі Савета Бяспекі, якія забараняюць Пхеньяну ракетныя пускі з прымяненнем балістычных тэхналогій. Дастаткова паказальна, што дзеянні Паўночнай Карэі сталі адным з нямногіх пытанняў, у якіх члены Савета Бяспекі дэманструюць аднадушнасць, безагаворачна асуджаючы іх.

Таксама на мінулым тыдні былі апублікаваны звесткі аб памеры экспарту беларускай суседкі — Расіі — за 2015 год. Як і чакалася, з-за рэзкага падзення цэн на нафту і нафтапрадукты, ён значна скараціўся. Даходы Расіі ад экспарту нафты ўпалі на 41,7% да 89,57 мільярда долараў. На пастаўках нафтапрадуктаў удалося зарабіць 67,40 мільярда долараў (мінус 42%). Нагадаю, што да рэзкага падзення цэн у 2014 годзе на экспарце нафты і нафтапрадуктаў Расія штогод выручала 270—280 мільярдаў долараў. Калі ў 2016 годзе захаваецца цана апошніх тыдняў у 30—35 долараў за барэль нафты, то па выніках 2016 года расійская эканоміка недаатрымае 140—150 мільярдаў долараў ад экспарту нафты і нафтапрадуктаў у параўнанні з 2013 годам.

У пачатку мінулага тыдня адбыліся важныя перагаворы прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі з кіраўнікамі Еўракамісіі і Еўрасавета ў сувязі з умовамі захавання членства Вялікабрытаніі ў Еўрапейскім саюзе. Галоўная праблема ў тым, што Лондан выступае за выкананне такіх умоў, якія зробяць немагчымай далейшую цэнтралізацыю ЕС. Калі іх не выканаць, то паўстане вялікая верагоднасць выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза, што балюча ўдарыць па прэстыжы і перспектывах арганізацыі. А калі выканаць, то планы па стварэнні з ЕС магутнай федэрацыі еўрапейскіх дзяржаў з моцнай цэнтральнай уладай будуць правалены. Што таксама робіць пазіцыі і перспектывы ЕС хісткімі ў імклівым XXІ стагоддзі.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.