Вы тут

Не засталіся раўнадушнымі


Усе мы памятаем нядаўнюю гісторыю пра анкалагічна хворага хлопчыка Андрэйку і снегавікоў, калі неабыякавыя людзі замаўлялі гэтую цацку, дапамагаючы сабраць грошы на аперацыю. Да яе далучыліся і вучні, іх бацькі, настаўнікі з віцебскай гімназіі №3.

— Нельга быць раўнадушнымі да чужой бяды! Нарабілі снегавікоў, устанавілі скрыню для збору сродкаў. Удзел у акцыі бралі навучэнцы з 1 па 11 клас, многія дарослыя. Ужо нават калі снегавікоў не было, адна жанчына проста так прынесла 200 тысяч рублёў, — распавяла педагог-арганізатар навучальнай установы Алена Лук'яненка, куратар пярвічкі БРСМ гімназіі. Гэта яна са сваім валанцёрскім атрадам «Добрае сэрца» распачала збор грошай.

Калі сродкі сабралі, прыйшла інфармацыя, што Андрэю яны ўжо не трэба. І тут стала вядома, што ў матэрыяльнай дапамозе мае тэрміновую патрэбу вучань віцебскай СШ №31 Мікіта Нікіцін. І грашовыя сродкі ў суме 1,5 мільёна  рублёў былі пералічаны яму для лячэння.


У адказе за тых, каго прыручылі

Раз на тыдзень члены арганізацыі БРСМ з правамі раённага камітэта ААТ «Белшына» інжынеры-тэхнолагі Юля Каліноўская і Ганна Мартыновіч наведваюць прытулак для бяздомных сабак «Дабрачыннасць»: даглядаюць хворых жывёл, кормяць іх, наводзяць парадак на месцах утрымання.

Дзяўчаты дапамагаюць гадаванцам прытулку ўжо каля года. Як расказала Юля, яна стала займацца гэтай справай таму, што вельмі любіць менавіта сабак. На жаль, паколькі дзяўчына пражывае ў інтэрнаце, у яе зараз жывуць толькі два папугаі і рыбкі. Год таму ў прытулку ўтрымлівалася каля 30 жывёл, зараз — каля дзясятка. Юля кажа, што, бывае, шчанюкоў ці дарослых сабак добрыя людзі разбіраюць даволі хутка, але здараецца, што тыя затрымліваюцца на працяглы тэрмін. Вядома, тады ў дзяўчыны з'яўляюцца свае любімчыкі. Хто ведае, можа нейкі з іх некалі пераедзе жыць у новую кватэру Юлі?..


Падарыць шанц на жыццё

Максім Голад з Горак за свае сродкі набыў і раздаў мінакам у неасветленых месцах горада 25 флікераў.

Малады чалавек — сакратар пярвічнай арганізацыі з правамі раённага камітэта БРСМ Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. А яшчэ — кіроўца, якому ў цёмны час сутак неаднойчы пад колы ледзьве не кідаліся нічым не абазначаныя пешаходы.

— Пяць тысяч рублёў — зусім невялікія грошы, але той флікер можа выратаваць, напрыклад, жыццё дзіцяці, — кажа хлопец. Дарэчы, гэтую своеасаблівую акцыю ён правёў самастойна, можна сказаць, нават спантанна.

А потым у Максіма ўзнікла ідэя арганізаваць яе на пастаяннай аснове і ў перспектыве аб'яднаць намаганні з ДАІ і аўтаклубам, каб раздаваць флікеры масава. «Можна нават прапанаваць праводзіць такую акцыю на рэспубліканскім узроўні. Па сутнасці яна вельмі простая, а эфект ад яе можа быць значным», упэўнены хлопец.


 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.