Вы тут

«Засведчаны ў старабеларускіх пісьмовых помніках»


Прашу расказаць пра паходжанне назвы вёскі Бакінава ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці.

Ёсць звесткі, што ў 1909 годзе гэта быў 1 двор з 19-цю жыхарамі. На карце пачатку ХХ стагоддзя Бакінава пазначана як фальварак. Вакол яго былі хутары: Вапельня, Бараўцы, Кастрыкаўшчына, Масцішча, Рэпішча. За савецкім часам жыхароў з хутароў выселілі. Большасць з іх сялілася недалёка ад панскага двара. Так з'явілася вёска Бакінава.

Пра тое, што панскі дом прытуліў бежанцаў у час Вялікай Айчыннай вайны, кажуць сведкі. Потым там была адкрыта (у 1946 годзе) пачатковая школа, пасля крама. Каму належаў фальварак, невядома. Адны сцвярджаюць, што Дыбоўскім, другія — Яленскім, трэція — Станкевічам. Дакументальна ў энцыклапедыі знайсці пацвярджэнне не ўдалося.

Цікава, адкуль пайшла назва? Хто валодаў гэтым фальваркам?

Усе астатнія назвы населеных пунктаў можна знайсці ў «Слоўніку мясцовых геаграфічных назваў» Івана Якаўлевіча Яшкіна. У некаторых празрыстае тлумачэнне. Вось, напрыклад, хутар Вапельня. На яго месцы перад вайной здабывалі вапну, якую здавалі на цагельны завод у вёску Дзягільна.

З вялікай удзячнасцю буду чакаць тлумачэння назвы вёскі Бакінава і звестак, хто валодаў фальваркам.

Ваша пастаянная чытачка Тамара Арсенцьеўна Клепікава,

вёска Старая Рудзіца, Дзяржынскі раён


На вашы пытанні адказвае старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ.

Энцыклапедычныя крыніцы змяшчаюць звесткі аб тым, што вёска Бакінава была вядома ўжо ў канцы XVІІІ стагоддзя. Паводле дакументаў 1800 года, у вёсцы налічвалася ўсяго 11 двароў, у якіх пражывала 64 жыхары. Гэты факт сведчыць пра тое, што сем'і былі даволі вялікія — па 5-6 чалавек. Па тым часе гэта было важна, бо ўсе працавалі на зямлі. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу вёска адносілася да Мінскага павета. Валодаў ёй Д. Радзівіл. Пазней, у пачатку XІX стагоддзя, паселішча знаходзілася ў складзе фальварка Мікулічы Койданаўскага графства. Важную ролю ў эканамічным жыцці рэгіёна ў той час іграў млын. К канцу XІX стагоддзя колькасць двароў зменшылася да 7, а жыхароў заставалася толькі 31 чалавек. У пачатку XX стагоддзя Бакінава як тып паселішча мела статус двара. Яно адносілася да Койданаўскай воласці Мінскага павета Мінскай губерні. У 20-я гады XX стагоддзя, па сведчанні гістарычных крыніц, адзначаецца рэзкі рост насельніцтва, яно павялічылася амаль у тры разы: у вёсцы пражывала 87 жыхароў. У энцыклапедыях адзначаецца і той факт, што ў 1920-я гады на аснове маёнтка паблізу Бакінава сфарміраваўся пасёлак, але к канцу 1930-х гадоў ён увайшоў у склад вёскі.

Паходжанне назвы вёскі выклікае вялікую цікавасць у навукоўцаў, паколькі тапонім Бакінава адзіны ў Беларусі. Найменне заканчваецца на -ава, што з'яўляецца сведчаннем таго, што назва мае прыналежны характар, яна ўказвае на імя, прозвішча або імя-мянушку чалавека, якому належала пачаткова паселішча або кім яно было заснавана. Па-свойму цікавая і аснова назвы — Бакін. З такой асновай у нашай краіне сустракаецца яшчэ адна вёска ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці — Бакінічы, што з'яўляецца дадатковым пацвярджэннем таго, што найменне мае адантрапанімічны характар — паходзіць ад асабовага імя чалавека. Разам з тым ні імя, ні імя-мянушка, ні прозвішча Бакін не адзначаецца ў іменаслоўнай сістэме беларусаў на працягу многіх стагоддзяў яе існавання. Але ёсць прозвішча Бака, засведчанае ў старабеларускіх пісьмовых помніках. Так, ва Ухвале на вялікім сейме віленскім 1528 года, змешчанай у Літоўскай метрыцы, упамінаецца Федор Бака, а ў Попісе войска Вялікага Княства Літоўскага 1567 года гаворка ідзе пра Григорея Баку на тэрыторыі Ваўкавыскага павета, у гісторыка-юрыдычных матэрыялах Полаччыны 1730 года запісаны Федор Бака.

Прозвішча Бака ў сучаснай беларускай іменаслоўнай сістэме сустракаецца на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці, Бераставіцкага і Навагрудскага раёнаў Гродзенскай вобласці. Такім чынам, выбудоўваецца цэлы словаўтваральны ланцужок, першым звяном якога з'яўляецца мянушка Бака, у сваю чаргу нашчадак чалавека з гэтай мянушкай атрымаў мянушку Бакін, а паселішча ім заснаванае — Бакінава.

Слова бака ў мове беларусаў мела некалькі значэнняў. Вядомы лексікограф Іван Насовіч засведчыў у беларускіх народных гаворках дзеяслоў бакуліць у значэнні «пустасловіць». У цюркскіх мовах (татарскай, башкірскай, кіргізскай), якія пакінулі пэўны след у лексічнай сістэме беларусаў, гэта слова абазначае жабу. Акрамя таго, у кіргізскай мове слова бака ўжываецца ў адносінах да хударлявага, сухапарага чалавека. Такім чынам, кожнае з гэтых значэнняў патэнцыйна магло быць пакладзена ў аснову імя мянушкі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.