Вы тут

Вінавата каханне ці яго адсутнасць?


І смех, і грэх. Каб маладога, здаровага мужыка вадзілі за нос гадамі, як маленькае дзіця? Цалкам верагодна, скажуць вам праваахоўнікі і следчыя аднаго з палескіх райцэнтраў. Цяпер там расследуецца справа маладой жанчыны, якая за некалькі гадоў атрымала 172 мільёны рублёў ад даверлівых мужчын. У райцэнтры далёка не кожны мае столькі ў якасці зарплаты, скажам, за тры гады. А яна сабе названую «зарплату» забяспечыла махлярствам. Пры гэтым сядзела дома, у асноўным за камп'ютарам, а наіўныя мужчыны самі пераводзілі грошы ёй на рахунак. Калі коратка, вось гісторыя аднаго з іх.


Мінчанін убачыў у адной з тэлеперадач бягучы радок: «Дзяўчына жадае пазнаёміцца з хлопцам» і адразу ж набраў указаны нумар тэлефона. Яму адказаў прыемны жаночы голас. Пасля ён атрымаў фота і, можна сказаць, закахаўся з першага погляду. Тэлефонныя стасункі дапаўняліся перапіскай у сеціве, пачуццё нарастала... А каханая расказвала гісторыю няўдалага замужжа, скардзілася, што муж п'е і крыўдзіць яе, клялася, што хутка атрымае развод і пераедзе ў сталіцу. Далей патэнцыяльная «нявеста» паведамляла, што яна ўжо прадала кватэру ў сваім горадзе, але для набыцця жылля ў Мінску грошай не хопіць, і павольна падводзіла да думкі, што жаніх павінен таксама ўнесці долю. Ён і ўносіў — рэгулярна, кожны месяц пералічваў сумы ледзь не пяць гадоў! Для гэтага прадаў машыну, браў крэдыты. Такім чынам перадаў аферыстцы, з якой ніколі нават не сустракаўся, больш за 46 мільёнаў рублёў. (Толькі потым ён даведаецца, што ў гэты ж час яна клялася ў каханні яшчэ і жыхару Віцебска, які таксама пералічыў на ўладкаванне будучага сямейнага гнязда 78 мільёнаў.)

А дама тым часам варыла мужу боршч, гадавала дзяцей (бо яна шматдзетная маці), пачціва абыходзілася з суседкамі. Ніхто і падумаць не мог пра яе дрэнна, з усіх бакоў станоўчая асоба. Ёсць жа ў палескай глыбінцы артысткі! Гэта ж трэба ўмець так пераўвасабляцца, што мужыкі пасля двух-трох тэлефонных размоў ды сумніўных карцінак з сеціва гублялі галовы і дасылалі грошы невядома куды і невядома каму!

У дадзеным кантэксце мне цікавая не махлярка, бо такіх цяпер у кожным горадзе хоць возам вязі, а яе ахвяры. Няўжо таго мінчаніна не насцярожыў ну хоць бы адзін з пунктаў яе легенды? Напрыклад, той факт, што яна пазбягае сустрэчы. Некалькі разоў прызначала спатканні ў Лідзе, быццам бы ў горадзе, дзе жывуць яе бацькі, і ніколі не з'яўлялася. Ён прыязджаў, чакаў. А ў яе кожны раз нараджалася версія, якая праўдзіва і дэталёва апраўдвала немагчымасць прыехаць на малую радзіму. І ён верыў. Пры адпаведнай падрыхтоўцы палеская чараўніца магла б стаць рэзідэнтам любой разведкі. І ўсё ж...

Не задумаўся хлопец і пра дзіўны продаж кватэры ў Століне, дзе каханая працягвала спакойна жыць. Не ўлічыў, што цяпер можна прыслаць фотаздымак хоць галівудскай зоркі. А вось «арыгінал», які вельмі адрозніваўся ад вобраза на фота, ён убачыў толькі ў раённай міліцыі.

Няўжо не чытаў пра розных шлюбных і іншых аферыстаў у інтэрнэце, нават калі больш нічога і нідзе не чытае? Відаць, чытаў. Але цяпер многія адгароджваюцца ад рэальнага жыцця стасункамі ў сеціве, праглядам чужых кахання і пакут у бясконцых серыялах, і потым аказваюцца безабароннымі перад рэальным жыццём. Відаць, лягчэй любіць вобраз, нават той, які нехта знарок штучна стварае, чым любіць жывога чалавека з грахамі і памылкамі, як пяецца ў песні. А кахання ўсё роўна хочацца ўсім, і ў пагоні за ім чалавек гатовы даваць сябе падманваць бясконца. Яшчэ з часоў Астапа Бэндэра лічылася, што ахвярамі падобных афер бываюць жанчыны, якія заўсёды і зноў падсвядома імкнуцца да шчасця. Не так даўно паказвалі па тэлебачанні аднаго гарачага і смуглявага мача з былой савецкай рэспублікі, што падмануў нямала беларускіх жанчын. А вось апошнім часам усё больш паведамленняў сустракаецца пра небарак-мужчын. Каханне патрэбна і тым, і другім. І на гэтым удала ўмеюць сыграць прайдзісветы абодвух палоў.

На сустрэчы з журналістамі ў Брэсце кіраўнік Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч з вялікім шкадаваннем гаварыў, што справы аб махлярстве ідуць лавінай. Здаецца, чым больш інфармацыі пра гэтую навалу сыходзіць ледзь не з кожнага праса, тым больш становіцца наіўных і падманутых. Што гэта: прыкмета нашага менталітэту ці выдаткі замкнутасці чалавека ў сваім маленькім свеце? Мацнейшым за здаровы сэнс нярэдка робіцца жаданне паверыць у добрае і светлае на фоне татальнай адзіноты ў вялікім горадзе. Але... Каб знайсці сваё шчасце, часам бывае дастаткова ўважліва паглядзець вакол сябе. Можа, і жыхар Мінска, якога так вытанчана падманулі, цяпер гэтак жа думае.

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.