Вы тут

Песні душы таямнічай…


Кантэ хонда (літаральна — глыбокае спяванне) — клас музыкі і паэзіі фламенка, найбольш старажытная і чыстая яго разнавіднасць. У асноўным для кантэ хонда характэрны сольныя партыі спевакоў з вольным распевам і частымі мелізмамі (уздыхі, лямант) пад акампанемент музычных інструментаў. Гісторыя падобных народных спеваў налічвае амаль тысячу гадоў: са зменамі і дапаўненнямі гэтая музыка існуе з ХI стагоддзя.

Выдатны іспанскі паэт і драматург Федэрыка Гарсія Лорка абазначаў кантэ хонда нават не як адгалінаванне фламенка, а як самастойны род народнай паэзіі: «Словамі кантэ хонда называюць групу андалузскіх песень, з якіх самай тыповай і дасканалай з’яўляецца цыганская сігірыя; да гэтых песень узыходзяць і іншыя, якія яшчэ захоўваюцца ў народзе: пола, марцінэтэ, карселера і салеар». Галоўнымі вартасцямі такіх спеваў Ф. Гарсія Лорка лічыў лаканічнасць і эмацыйную насычанасць. У асноўным гэта сумная і нават трагічная лірыка, якая не прыхарошвае жыццё простага чалавека, пафіласофску ўздымае праблемы непадзеленага кахання, здрады блізкіх людзей, выпрабаванняў лёсу і смерці. Блізкі да старажытных музычных сістэм Індыі, праспяваны ўслых куплет кантэ хонда, па словах знаўцаў, мае падобнае да гіпнатычнага ўздзеянне на чалавека. Яго выкананне ўяўляе сабой то мармытанне, то вольны струмень голасу, які ўздымаецца ўгору і падае, у выніку чаго атрымліваецца чароўная хвалепадобная вібрацыя. Кантэ хонда — гэта быццам пошчак птушак ці натуральная музыка лесу, крыніцы… Выпусціўшы ў свет выданне «Паэма пра кантэ хонда», прымеркаваную да фестывалю народнай андалузскай песні ў Гранадзе, Ф. Гарсія Лорка заклікаў суайчыннікаў: «Нельга дапусціць, каб самыя глыбокія і хвалюючыя песні нашай таямнічай душы абзывалі карчомнымі, бруднымі; нельга дапусціць, каб нітка, што злучае нас з загадкавым Усходам, была нацягнута на грыф карчомнай гітары; нельга дапусціць, каб дыяментавае сэрца нашых песень пэцкалі танным віном рукі падонкаў». Як бачым, у шчырай прамове іспанскага пісьменніка адчуваецца боль, знаёмы ўсім павадырам культурнага адраджэння: даказаць, што творы народа — не прымітыўныя, «мужыцкія», што яны рыхтуюць глебу для развіцця нацыянальнай мовы і літаратуры.

Прапанаваная чытачам нізка чатырохрадкоўяў — спроба Анатоля Цыркунова ўвасобіць народную іспанскую паэзію сродкамі беларускай мовы. Зразумела, што мова арыгінала генетычна далёкая ад нашай, ды і своеасабліва рытмізаваная страфа песні не заўсёды дазваляе казаць пра дакладную «перакладальнасць». Аднак, калі прыгадаць гісторыю айчыннага мастацкага перакладу, то і нашы класікі часта не перакладалі з падрадкоўніка, а давалі жыццё новым творам па матывах арыгінала (як было гэта ў М. Багдановіча падчас працы над вершамі Верлена). Часам галоўным у перакладзе, асабліва, калі гутарка ідзе пра пераклад песні, народнай лірыкі, з’яўляецца ўменне «глыбока суперажываць блізкае, роднае сабе ў іншых культурах, знайсці заўсёды там водгук для сваёй душы, чуласць да «чужога» як да свайго» (В. Івашын).

Спадзяёмся, што глыбока праўдзівая і жыццёвая паэзія Іспаніі знойдзе водгук у сэрцах чытачоў і, магчыма, падштурхне да плённай працы па збіранні і папулярызацыі нашых народных песень.

Юлія АЛЕЙЧАНКА

* * *

Жыву і ў душы нашу
надзею на лепшыя дні,
калі сустрэну душу,
якой не шкада цеплыні,

* * *

Што зрабіў са мною горкі лёс,
мама, мая мама,
пагляджу ў люстэрка, і ад слёз
меркне амальгама.

* * *

Сустракаю дзённае свяціла
з сумнай думкай, кожны раз адною:
ластаўка, што раніцай будзіла,
выпырхнула, болей не са мною.

* * *

Жыву я па сціплых нормах,
не скарджуся без прычыны,
хоць часта частуюць кормам,
які праглынуць немагчыма.

* * *

Зношваю свае я кайданы,
толькі чым даўжэй,
на нагах нашу іх, тым яны,
робяцца цяжэй.

* * *

З тварам, як крэйда, белым
стане і кат заказны,
калі перад расстрэлам
паставяць ля сцяны.

* * *

Чым ты мыеш, чараўніца,
тварык свой, каб стаць прыгожай?
Толькі чыстаю вадзіцай,
усё іншае — дар Божы.

* * *

Тыя, што ў першым каханні
зведалі горыч здрады,
самі пры новым спатканні
гэтым дзяліцца рады.

* * *

Як жа любіў я тую,
што мілай была маёй,
калі завёў другую,
з-за падабенства з ёй.

* * *

Накрыў націнкай белай
я вусны ў труне,
зямля каб не пасмела
крануць пасля мяне. 

* * *

Каб толькі матуля мая
устала з труны жывая,
адсёк бы руку сабе я,
якою хлеб здабываю.

* * *

Як б’юць раз’юшаныя хвалі
аб бакен на сваім бягу,
мяне так беды дабівалі,
трымацца болей не магу.

* * *

Я быццам той ствол убогі,
што як прыцягальны маяк,
збірае каля дарогі
вяселлі ваўкоў і сабак.

* * *

Той ноччу я спаць не мог,
заснуць замінала свяціла,
і бачыў, як далакоп
капае маю магілу.

* * *

Не сумеў сквітацца пры жыцці — 
за труной шукаць забойцу буду,
калі ў пекла прыйдзецца сысці,
то сыду, каб там сустрэць Іуду.

* * *

Доўга крык трывожны не змаўкае,
так што сэрца на шматкі парвецца,
гэта маці ўсё мяне гукае
і ніяк ужо не дазавецца.

Пераклад з іспанскай Анатоля ЦЫРКУНОВА

Друкуецца ў "Маладосці"

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.