Вы тут

Бацькі і дзеці


Думаю, многія прачыталі ў інтэрнэце: у Віцебску асуджана жанчына, якая малатком забіла асацыяльнага суседа па камунальнай кватэры, што ўсяляк атручваў ёй жыццё. Ужо некалькі дзён упарта не выходзіць з галавы прачытанае. Гэта не звычайная па цяперашнім часе гісторыя, калі забіваюць адзін аднаго пасля доўгага застолля сабутэльнікі, людзі прыкладна аднолькавага сацыяльнага статусу. Тэрмін зняволення атрымала 55-гадовая настаўніца са стажам. Яна жыла ў камуналцы, таму што аддала сваю кватэру маладой сям'і сына.


Знаходжанне ў адной кватэры з чалавекам, які сваё існаванне ператварыў у чараду п'янак, курэння, смуроду і бруду, не проста цяжкае. Яно невыноснае для немаладой жанчыны з адпаведным станам здароўя, асабліва нервовай сістэмы. У нейкі момант здарыўся канфлікт з алкаголікам-суседам, справа абярнулася трагедыяй. Жанчыну прыгаварылі да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Відаць, і ў страшным сне не магло прымроіцца настаўніцы, якая шмат гадоў хадзіла на працу ў школу, гадавала сына, што пасля выхаду на заслужаны адпачынак давядзецца выпраўляцца ў турму. Калі гадавала, то нават падсвядома спадзявалася, як і ўсе маці, што сын зробіцца яе галоўнай апорай у старасці. Але, як і многія-многія маці, відавочна, старалася аддаць дзіцятку ўсё лепшае. У гэтым выпадку жыллё. Маладая, толькі што створаная сям'я пайшла жыць у асобную, як сказана ў заметцы, новую кватэру. А маці, відаць, нават на аднапакаёўку не хапіла, яна купіла для сябе пакой у камуналцы. З суседам не пашанцавала, ён піў, не прыбіраў за сабой месцы агульнага карыстання, на пліце забываўся каструлі, якія перыядычна гарэлі. Жыць давялося ў пастаянным страху, што аднойчы ён проста спаліць жытло, як гэта нярэдка здараецца з такімі людзьмі. Але ж пра гэта ведаў, гэта бачыў яе сын! І апошняе не перашкаджала яму будаваць сваё сямейнае жыццё ў новай утульнай кватэры. Няўжо яму, маладому і здароваму, не прыходзіла ў галаву, што яго месца ў той камуналцы, а не маці, якая ўсё жыццё працавала і зарабіла толькі вось на адну кватэру?

Гэта ён, галава сваёй сям'і, павінен быў клапаціцца, як забяспечыць жонку і дзяцей, існуючых альбо будучых, жыллём. Ну а калі пакуль няма такіх сродкаў альбо магчымасці, то маладым можна пажыць у інтэрнаце, у камунальнай альбо здымнай кватэры, а не высяляць родную маці ў нейкія нечалавечыя ўмовы.

У яе ўзросце вельмі важным уяўляецца хаця б вечарам і ноччу мець гарантаваныя цішыню і спакой. Калі не прыходзіла яму гэта ў галаву, значыць, так выхавала сына, значыць, ён з малых гадоў усвядоміў, што маці з'яўляецца крыніцай яго дабрабыту. Якім шляхам яна той дабрабыт здабывае, гэта ўжо яе праблемы. Вось і здабыла...

Звычайнае ўтрыманства нашага часу. Бо колькі цяпер такіх сыноў і дачок, што літаральна сядзяць на шыі ў бацькоў!? Адны ў вечным пошуку, бо іх не задавальняе зарплата альбо працадаўца, другім проста з канапы лянота злезці, каб тую работу добра пашукаць, трэція на сусветны крызіс ківаюць, на хібы ў айчыннай эканоміцы. Добра філасофстваваць, калі за ежу, адзенне, інтэрнэт плацяць уласныя маці альбо бацька, а яшчэ лепей — абое. Я пра гэта думала напісаць яшчэ раней, да прачытання заметкі пра віцебскую гісторыю, — пасля знаёмства з сіратой Ірынай К.

Яна да дзевяці гадоў нават у школу не хадзіла, паводле яе слоў, па сметніцах лазіла. Потым трапіла ў інтэрнат, вывучылася на швачку, атрымала сацыяльную кватэру, абставіла яе без чыёй-небудзь дапамогі. Цяпер гадуе дачку, адна. Часам ездзіць да маці, каб завезці ёй прадуктаў. Маці Ірыны жыве ў адным з брэсцкіх інтэрнатаў, працуе дворнікам, яе ўладкавалі на працу, далі куток як абавязанай асобе. Свае абавязацельствы па выплатах дзяржаве жанчына выканала, а перад дачкой яна абавязанай сябе не лічыць. Таму, калі прыязджае Ірына, маці не імкнецца зрабіць падарунак, напрыклад малой унучцы, а аб'яўляе, што ў яе зламаўся тэлевізар ці іншыя матэрыяльныя патрэбы ўзніклі. 26-гадовая дачка гаворыць: «Пасваруся з ёй, бывае. А потым пройдзе час, зноў іду — гэта ж мама». Нехта скажа, прыведзены прыклад — крайнасць.

Сапраўды, лепш каб усе жылі ў сем'ях, не было сацыяльных сірот, якім даводзіцца ў прамым сэнсе пачынаць жыццё з нуля, не маючы ні лыжкі, ні міскі, ні табурэткі. Тым больш што далёка не ўсе з выпускнікоў інтэрнатаў маюць такі ўнутраны стрыжань, як Ірына. Але яе жыццёвая гісторыя, лічу, для многіх можа быць урокам.

А вось яшчэ адзін прыклад з жыцця вельмі добрай, але небагатай сям'і. Бацькі ў райцэнтры маюць зусім невялікія зарплаты, а дзяцей чацвёра: дзяўчаты-трайняткі і старэйшы сын. Дзеці выраслі ў любові і клопаце, яны прывучаны да працы, з дзяцінства ведалі, што ў іх не будзе рэпетытараў і атрымаць адукацыю змогуць, калі будуць вельмі добра вучыцца. Цяпер — усё чацвёра студэнты на бюджэтнай форме навучання. Сям'ю ведаю даўно і ўпэўнена, што гэтыя дзеці ніколі не сядуць на шыю бацькам. Усё-такі дзецям трэба даваць больш самастойнасці ў жыцці і вучыць іх адказнасці за свой лёс.

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.