Вы тут

Больш інфармацыі — больш шанцаў


Больш інфармацыі — больш шанцаў

«Чырвонка. Чырвоная змена», апроч уласна аповеду пра добрыя справы маладых актывістаў, сама паспрабавала зрабіць такую.

У мінулым выпуску маладзёжнага дадатку сышліся дзве публікацыі фактычна на адну тэму. У адной ішла гаворка пра дзейнасць валанцёраў у дабрачыннай арганізацыі «ЗААшанц», у другой — пра пошукі гаспадара сабакі, якія ўжо пэўны час вёў адзінаццацікласнік слуцкай гімназіі №1 Аляксандр Бубыраў. Нагадаем, жывёла больш за месяц таму пасялілася ў двары шматпавярховіка, дзе жыў Саша, і ўсе жыльцы падкормлівалі «знайдыша». А сам юнак паспрабаваў знайсці гаспадара сабакі, размясціўшы ў групе «Дапамога жывёлам Слуцка» ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» адпаведную аб'яву. На жаль, безвынікова. Мы вырашылі звесці Аляксандра і прадстаўніцу «ЗААшанца» Аніссю Працэнку. Апошняя прадаставіла хлопцу спіс груп у сеціве, дзе можна таксама размясціць інфармацыю пра сабаку, да таго ж паабяцала дапамогу ў стэрылізацыі, калі будзе патрэба. Думаем, так шанцы адшукаць жывёле гаспадара ўзрастуць...


Гуляць з дзецьмі было весела!

Першакурсніцы Слуцкага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, члены пярвічкі БРСМ навучальнай установы Ганна Туркіна і Аліна Гарохава правялі час у гульнявым пакоі цэнтральнай раённай бальніцы.

— Нам прапанавалі, і мы пагадзіліся. Я ў свой час наведвала школу-студыю, праводзіла розныя мерапрыемствы, таму гэта вельмі дапамагло наладзіць кантакт з дзецьмі, што знаходзіліся на лячэнні ў бальніцы, — распавяла нам Ганна. — Напачатку ахвотных пагуляць у розныя гульні было няшмат, але потым, калі разнеслася пагалоска пра наш візіт, дзеці пачалі падыходзіць. Было вельмі весела! Асабіста я адчула ад стасункаў радасць!

Дзяўчына кажа, што, калі выпадзе магчымасць і будзе час, яна з задавальненнем паўдзельнічае яшчэ ў нечым падобным.


І снег чысцілі, і падлогі мылі

Смалявіцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях заключыў з райкамам БРСМ дагавор аб супрацоўніцтве «Бяспеку — у кожны дом».

У яго рамках нядаўна актывісты пярвічкі раённай гімназіі і адначасова Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў і пажарных наведалі ветэрана педагагічнай працы.

— Ніна Адамаўна Зубовіч адпрацавала ў СШ №1 каля трыццаці гадоў. Нашы валанцёры, паколькі на двары працы не было, дапамаглі навесці парадак у доме жанчыны: па яе просьбе памылі падлогу, пачысцілі дарожкі, — расказала інспектар групы прапаганды і навучання, лейтэнант унутранай службы Вольга Макарчук.

Такая дапамога рэгулярна аказваецца адзінока пражываючым, ветэранам і інвалідам па падказках аддзела сацыяльнай абароны. У залежнасці ад «фронту работ» (узімку, напрыклад, часта даводзілася расчышчаць падворкі ад снегу) у іх удзельнічае розная колькасць валанцёраў.

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.