Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» разам з паштавікамі выехаў да жыхароў глыбінкі


Карэспандэнт «Звязды» разам з паштавікамі выехаў да жыхароў глыбінкі, каб падарыць вяскоўцам фірменныя календары і пераканаць выпісваць родную газету на роднай мове. Што з гэтага атрымалася — чытайце ў рэпартажы «з колаў».

Паколькі ў той дзень святкаваўся Дзень Канстытуцыі, Полацкі раён для рэпартажу быў выбраны невыпадкова. Полацк — самы старажытны горад Беларусі. З гэтай зямлі бярэ пачатак наша дзяржаўнасць.


Не «буханка», а «УАЗ»!

Ля службовага ўвахода ў раённы вузел паштовай сувязі незнаёмка запытала: «Гэта вы будзеце пісаць пра мабільную пошту?» Для жанчын я гатовы на многае. Вядома, здагадаўся, што яна і будзе ў дарозе маім «камандзірам». Перад ад'ездам хацеў павітаць начальніка РВПС Ірыну Анціпенку. Яна сама выйшла на вуліцу. Падзякаваў за ўнікальную магчымасць зрабіць незвычайны рэпартаж пра пошту на колах — у славутай «буханцы». Дарэчы, Ірына Валер'еўна мяне паправіла: так у Полацку гэту машыну не называюць.

— Правільна казаць — «УАЗ-390995»! На іх базе дзейнічае мабільная пошта. Машына надзейная і прыстасаваная для абслугоўвання сельскай мясцовасці. Не падводзіць падчас «бездарожжа»: вясной і восенню, — тлумачыла яна.

Да ведама: серыйны выпуск гэтага аўтамабіля быў распачаты ў 1965 годзе. Гэта старэйшая па колькасці гадоў выпуску расійская мадэль. Праз вонкавае падабенства з буханкай хлеба ў народзе яе так і назвалі. А яшчэ замацаваліся назвы «пілюля», «таблетка», бо гэта аўто выкарыстоўваюць медыкі, у тым ліку ваенныя.

Лепшая за стацыянарную

Ганна Мятла — начальнік перасоўнага аддзялення. Уся яе працоўная біяграфія звязана з поштай. Аказалася, што і кіроўца Уладзімір Свідзінскі таксама, акрамя пошты, нідзе не працаваў.

Увогуле яны штодня ў дарозе, акрамя нядзелі і панядзелка (у гэтыя дні «Звязда» таксама не выходзіць). Абслугоўвае перасоўная пошта больш за 10 вёсак. У той дзень паштовы «УАЗ» заехаў у Салонікі, каб адвезці газеты і іншыя рэчы ў стацыянарнае паштовае аддзяленне. Паштавікі раказалі, што сярод тутэйшых ёсць даўняя падпісчыца «Звязды» Таццяна Андрэеўна Казак. Яна пераехала з Магілёўскай вобласці і нашай газеце не здрадзіла. На жаль, мы не пазнаёміліся асабіста, бо часу не было. Мабільнай пошце трэба своечасова прыехаць туды, дзе яе чакаюць.

Ганна Мятла запэўніла, што народ ацаніў усе плюсы перасоўнай пошты.

— Людзям зручна. Спачатку перажывалі, што больш не будзе ў вёсцы стацыянарнага будынка. Аднак калі кліентаў няшмат, паштовае аддзяленне стратнае. Цяпер жа мы пад'язджаем літаральна да дома, дзе нас чакаюць. Прывозім пенсіі, газеты, часопісы, лісты, афармляем падпіску, прымаем камунальныя плацяжы. І прадукты ў нас купляюць ахвотна, — распавядае начальнік.

І сапраўды, многія вяскоўцы, адказваючы на мае пытанні, не толькі дзякавалі паштавікам, але і канстатавалі, што цукар, цыгарэты і іншае ў «буханцы» таннейшыя, чым у аўтакраме.

Выпішуць «Звязду»! Абяцалі!

Адзін з кліентаў паштовага «УАЗа» прадставіўся былым ваенным. Служыў у савецкі час у Заходняй групоўцы войскаў. На маю прапанову «паспрабаваць на смак «Звязду» паабяцаў так і зрабіць.

— І добра, што на беларускай мове газета! Мы ж у Беларусі жывём і павінны ведаць родную мову, — пагадзіўся мужчына.

Парадавала і Ніна Пятроўна Піваварава з вёскі Залессе. Сказала, што ведае мову і не супраць чытаць на ёй. Таксама пагадзілася выпісаць нашу газету. Жанчына працавала да пенсіі на шкоднай вытворчасці — на прадпрыемстве, дзе робяць шкловалакно, таму на заслужаны адпачынак пайшла ў 45 гадоў. На развітанне яна пачаставала пячэннем уласнага вырабу.

З мабільнай поштай Полацкага раёна мне давялося развітацца ў вёсцы Домнікі. Мясцовыя жыхаркі аплачвалі камунальныя паслугі, нешта куплялі і заказвалі. Аўто там павінна было затрымацца больш чым на гадзіну. Я ж паехаў у райцэнтр, каб паспець на аўтобус да Віцебска.

Вось так, на свае вочы, давялося пераканацца ў перавагах мабільнай пошты і ў неабходнасці асабістых сустрэч з патэнцыйнымі чытачамі. Вы не выпісваеце «Звязду»? Тады, як у той рэкламе, магчыма, прыедзем і да вас. Для таго і працуем, каб тыя, хто «галасуюць» за нас рублём, адчувалі, што нам цікавыя іх думкі.

pukshanski@zviazda.by

Полацкі раён — Віцебск

Р.S. Ад імя рэдакцыі шчыра дзякую за дапамогу ў падрыхтоўцы артыкула кіраўніцтву Полацкага РВПС


«Звязда» побач з чытачамі

Мы працягваем свае сустрэчы з чытачамі «Звязды». На гэтым тыдні супрацоўнікі газеты пабывалі ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі, дзе іх чакалі неабыякавыя людзі, цікавыя суcтрэчы і, вядома ж, новыя тэмы для артыкулаў. Менавіта такім чынам мы разам са свамі чытачамі і ствараем нашу любімую газету.

І будзем працягваць ладзіць адметныя сустрэчы. На наступным тыдні Дні падпісчыка «Звязды» адбудуцца ў розных кутках Беларусі. 21 сакавіка з 13 да 16 гадзін мы чакаем вас у Касцюковіцкім вузле паштовай сувязі (РВПС). 22 сакавіка з 11 да 15 гадзін сустрэча пройдзе ў Клецкім РВПС, а з 11 да 14 гадзін у гэты ж дзень — у Шчучынскім РВПС. 24 сакавіка з 11 да 15 гадзін сустрэнемся ў Ганцавіцкім РВПС, а 25 сакавіка зноў-такі з 11.00 да 15.00 — у Баранавіцкім РВПС. Завітайце, сумаваць дакладна не давядзецца!

Загаловак у газеце: Пошта ў «буханцы», або Газета як хлеб надзённы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.