Вы тут

Нацыянальная літаратурная прэмія пачынае адбор твораў


Пачалі — і спадабалася. Летась упершыню назвалі лаўрэатаў першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Пісьменнікі ажывіліся: цяпер важнасць іх творчай справы падкрэслена асаблівай дзяржаўнай увагай. А праз яе — праз рэзананс — кнізе прасцей знайсці шлях да людзей.


Прэмія — гэта перш за ўсё адзнака твора, хоць грашовую частку ніхто не адмяняе. Падтрымаць літаратараў — гэта таксама крок да падтрымкі літаратуры, у якой адлюстроўваецца сучасны твар краіны. Пра гэта, у прыватнасці, гаварыў прафесар Іван Саверчанка на семінары ў Гродна, прысвечаным сучаснай літаратурнай крытыцы. Нацыянальная прэмія паказала, што ў Беларусі ёсць творцы, здольныя зазірнуць углыб чалавечай душы, якія хочуць зразумець, адкуль і чаму ў людзей, якія прадстаўляюць народ, складваецца пэўны тып мыслення, светаадчування. Як гэта здолеў зрабіць пісьменнік Уладзімір Саламаха, што атрымаў прэмію ў намінацыі «За лепшы твор прозы». Ёсць творы, у якіх аўтары шукаюць адказ на пытанне: чым асаблівы наш беларускі менталітэт?.. Гэта праца даследчыкаў, якія адлюстроўваюць час, і гэта першаснае. Але пісьменнік піша для таго, каб яго думкі знаходзілі водгук у іншых. Трэба толькі, каб кнігі знаходзілі чытача, каб у таго было разуменне, чаму трэба чытаць кнігі. У выніку правядзення першай Нацыянальнай прэміі стала нагодай задумацца і пра ролю літаратуры ў грамадстве.

Цяпер пойдзем далей: абвешчаны другі конкурс у рамках Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў 2016 годзе. Лёс прэміі, якая ўручаецца ў сямі намінацыях, вырашае сур'ёзнае журы. Але гэта ў фінальнай частцы.

На першым этапе працуе экспертная камісія: разглядае прадстаўленыя творы, вызначае іх якасць, актуальнасць, навізну. І фарміруе шорт-ліст. Але бярэцца за ведама і запатрабаванасць твора (у кнігарнях, бібліятэках, тэатрах, калі гаворка пра драматургію).

Згодна з умовамі конкурсу, удзельнічаць у ім могуць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі нашай краіны. Але вылучаць творы могуць і аўтарскія калектывы (у складзе не больш чатырох чалавек). Ацэньвацца будуць творы мастацкай літаратуры ў прозе, паэзіі і драматургіі, публіцыстыка, творы ў галіне літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства, якія выпусцілі ў свет выдавецкія арганізацыі Рэспублікі Беларусь у папярэдні год. Гэта могуць быць асобныя друкаваныя выданні ці на электронных носьбітах, ці апублікаваныя ў сродках масавай інфармацыі літаратурна-мастацкай накіраванасці. І як у наш час не ўлічваць уплыў глабальнай сеткі інтэрнэт, дзе таксама размяшчаюцца творы, чытаюцца і актыўна абмяркоўваюцца? Літаратурная прастора цяпер даволі шырокая.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца Міністэрствам інфармацыі (галоўны арганізатар ад імя дзяржавы) да 1 ліпеня.

Прадставіць іх могуць асобныя аўтары, а таксама аўтарскія калектывы, творчыя саюзы, выдавецкія арганізацыі, установы адукацыі і навукі, якія маюць дачыненне да мастацкай літаратуры і літаратуразнаўства. Адзін аўтар можа прымаць удзел не больш чым у адной намінацыі і з адным творам. А ўжо з 1 жніўня з усімі вылучанымі творамі павінна знаёміцца журы, каб вызначыць пераможцаў. Часу на ўсё няшмат, ужо 4 верасня ў Рагачове падчас адкрыцця Дня беларускага пісьменства будуць абвешчаныя вынікі конкурсу, названыя лепшыя творы і ўзнагароджаны іх аўтары.

Але сутнасць у тым, што лепшыя кнігі, якія адзначыць журы, ужо напісаны, выдадзены. Іх можна прачытаць. І нехта, напэўна, гэта ўжо зрабіў. Прэмія існуе для таго, каб, звярнуўшы ўвагу на лепшае, трымаць узровень літаратуры, які дазволіць ёй развівацца. Яна для тых, хто стварае без думак пра высокія адзнакі.

Дзяніс Марціновіч, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «За лепшы крытычны твор», аўтар кнігі «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча» лічыць, што прэміі ёсць куды ўдасканальвацца:

— Прэмія дае невялікую суму грошай (пасля выплаты падаткаў я атрымаў каля 4,2 мільёна), згадзіцеся, гэта сума не можа кампенсаваць час, калі ты пісаў кнігу. Таксама яна дае шэраг згадак у СМІ, бо імёны пераможцаў надрукавалі шмат газет і выданняў. Ну і маральнае задавальненне. Прыемна, што тваю кнігу заўважылі і ацанілі...

Галоўнае ў любой прэміі — думкі пра ўдасканаленне. Каб сёлета гэта было больш прадстаўніча, чым летась. Каб і па колькасці твораў, і па іх якасці можна было гаварыць пра развіццё. З аднаго боку — літаратуры, з другога — чытача. Чалавека. І наогул грамадства.

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Як трапіць у шорт-ліст?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.