Вы тут

Ёсць рэзервы павышэння эфектыўнасці


Днямі ў Светлагорску адбыўся семінар, прысвечаны зніжэнню выдаткаў на вытворчасць прадукцыі раслінаводства пры правядзенні вясенне-палявых работ. Такія мерапрыемствы, якія навучаюць укараненню новых энерга- і матэрыялазберагальных тэхналогій у сельскай гаспадарцы, стануць на Гомельшчыне рэгулярнымі.


У камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама расказалі, што спецыялісты галіны распрацавалі грунтоўную праграму рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 78 «Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь».

Перад арганізацыямі аграпрамысловай галіны пастаўлена задача адшуквання рэзерваў для зніжэння ўзроўню выдаткаў па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі на 25%.

Ужо распрацаваны дэталёвыя планы захадаў па аптымізацыі выдаткаў. Размова ідзе, напрыклад, пра забеспячэнне збалансаванага і своечасовага ўнясення мінеральных угнаенняў у адпаведнасці з запланаванай ураджайнасцю і ўрадлівасцю глеб, апрацоўку пасеваў сродкамі абароны паводле патрабаванняў тэхналагічных рэгламентаў. Важнай з'яўляецца аптымізацыя сартавога падбору сельскагаспадарчых культур з улікам тэрмінаў паспявання, устойлівасці да кліматычных умоў надвор'я, глебавых разнавіднасцяў.

Спецыялісты сельскагаспадарчай галіны звяртаюць увагу на шырокае ўжыванне шматаперацыйнай тэхнікі, недапушчэнне выпадкаў выкарыстання энерганасычаных трактароў у агрэгаце з нізкапрадукцыйнымі машынамі. Дарэчы, падчас правядзення сёлетніх палявых работ будзе арганізавана двухзменная праца энерганасычанай тэхнікі. Ідзе гаворка і пра аптымізацыю транспартных маршрутаў, укараненне навігацыйных сістэм і памяншэнне парожняга прабегу аўтамабіляў, максімальнае выкарыстанне грузападымальнасці аўтатранспарту...

Можна вышукаць рэзервы для эканоміі, калі ліквідаваць неабгрунтаванае пасярэдніцтва ў набыцці сыравіны, матэрыялаў, а таксама пры пастаўцы гатовай прадукцыі гандлёвым арганізацыям. Трэба працягваць работу па ўцягванні ў гаспадарчы абарот ці, наадварот, вывядзенні з абароту той маёмасці, якая па розных прычынах не выкарыстоўваецца. Сёлета будзе працягнута работа па рэфармаванні неплацежаздольных, стратных гаспадарак, а таксама тых, што неэфектыўна працуюць.

Летась прадукцыя прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Гомельскай вобласці пастаўлялася ў 20 краін свету. Цяпер прымаюцца захады, каб павялічыць колькасць краін-спажыўцоў нашых прадуктаў. Для гэтага спецыялісты аграпрамысловага комплексу паўднёвага рэгіёна краіны сёлета прымуць удзел у выставах і кірмашах у многіх краінах свету.

Зараз ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Гомельская мяса-малочная кампанія» вядзе перамовы па пастаўках малочнай прадукцыі ў некалькі правінцый Кітая. Акрамя таго, у Інданезію для даследавання адпраўлены ўзоры сухога абястлушчанага і суцэльнага малака. Таксама гэтае таварыства плануе стварыць дылерскую сетку ва Узбекістане, пашырыць дылерскія сеткі ў Казахстане і Расійскай Федэрацыі. Большую колькасць сыроў з Гомельшчыны пакаштуюць спажыўцы ў Кыргызстане, Азербайджане, Арменіі, Грузіі... Прадпрыемствы холдынга «Гомельаблхлебапрадукт» вядуць перамовы аб павелічэнні паставак мукі ў Македонію, Малдову і Украіну, а ААТ «Камбінат «Усход» пачаў ажыццяўляць экспарт агародніны ў Румынію і Малдову. Птушкафабрыкі вобласці вядуць перамовы аб пастаўках яек курыных і мяса птушкі ў Ірак, Казахстан і Балканскі рэгіён.

Каб наладжваць новыя кантакты і прасоўваць прадукцыю на экспарт, прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу Гомельшчыны рэгулярна рассылаюць камерцыйныя прапановы патэнцыйным контрагентам у краіны Азіі, Афрыкі і Кітая, выкарыстоўваюць электронныя і інтэрнэт-пляцоўкі (Беларуская ўніверсальная біржа, mеаtіnfо, Аllbіz і г.д.), узаемадзейнічаюць з унітарным прадпрыемствам «Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан'юнктуры цэн» і Беларускай гандлёва-прамысловай палатай.

Пералічаныя мерапрыемствы, упэўнены у камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама, а таксама прырост прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сельскагаспадарчых арганізацыях не менш як на 8% па выніках 2016 года дазволяць забяспечыць рэалізацыю патрабаванняў кіраўніка дзяржавы.

іоst@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.