Вы тут

Плошча там, дзе было балота


Пасля будаўніцтва ліўневай каналізацыі ў Бараўлянах замест бруднай канавы будзе месца для адпачынку гараджан.

Вялікая брудная канава да нядаўняга часу псавала цэнтр Бараўлян. У нізіну пасля дажджу, вясновага разводдзя сцякала вада з усёй ваколіцы. Некаторыя жыхары выкарыстоўвалі вадаём яшчэ і як сметніцу: кідалі ў яго пластыкавыя бутэлькі, недакуркі. «Возера» ачышчалі, але праз колькі часу ўсё вярталася назад. Цяпер жа ваду адпампавалі, а яму плануецца засыпаць і добраўпарадкаваць.


За апошнія гады колькасць насельніцтва ў аграгарадку Лясны і вёсцы Бараўляны, што за сем кіламетраў ад Мінскай кальцавой дарогі, дасягнула 35 тысяч. Перш за ўсё за кошт актыўнага будаўніцтва шматпавярховых дамоў, грамадскіх і гандлёвых аб'ектаў. Але сістэмы ліўневай каналізацыі тут ніколі не было. У населеным пункце ўтварылася некалькі забалочаных месцаў. Кіраўніцтва вобласці прыняло рашэнне аб будаўніцтве ачышчальных збудаванняў ліўневых сцёкаў, якія абслугоўвалі б аграгарадок Лясны і вёску Бараўляны. Паміж гэтымі населенымі пунктамі практычна няма мяжы, адзін плаўна пераходзіць у другі. Праект прайшоў шмат экспертыз, узгадненняў. Дазвол на адвядзенне ўчастка пад будаўніцтва аб'екта атрыманы ад кіраўніка дзяржавы, паколькі камунікацыі павінны прайсці праз сасновы бор, які адносіцца да лясоў першай катэгорыі.

Але частка жыхароў, у асноўным тыя, што жывуць непадалёку, выказалі сваю нязгоду з праектам. Яны супраць таго, што ў зялёнай зоне, дзе яны адпачываюць, з'явіцца вадаём-адстойнік. Маўляў, сюды будзе сцякаць вада з прамысловай зоны, бальніц, з'явяцца камары, мошкі. А гэта, на іх думку, пагражае здароўю. Менавіта таму патрабуюць перагледзець праект.

Пункт погляду праціўнікаў будаўніцтва калектара выказаў мясцовы жыхар Анатоль Русакоў:

— Мы прасілі, каб будоўлю перанеслі ў іншае месца. Але праект ужо зацверджаны і спецыялісты нічога не хочуць мяняць: маўляў, тут самае аптымальнае месца для ўзвядзення аб'екта. У іншым — неабходна зразаць частку грунту, а гэта дадатковыя затраты. Ды, на маю думку, трэба рабіць так, каб гэта задавальняла ўсіх жыхароў. Шкада, што ад непрадуманых дзеянняў пакутуе прырода, навакольны бор. Вось гэтай сасне трэба расці 150 гадоў, а яе высякаюць. Я лічу, што ёсць магчымасць захаваць лес. Няхай перарабляюць праект з улікам нашых пажаданняў. Тым больш што мы не ўдзельнічалі ў яго абмеркаванні.

Па словах спецыялістаў, завяршэнне будаўніцтва ліўневай каналізацыі спынена з-за таго, што ў людзей, якія пражываюць непадалёк ад будучага аб'екта, нестае аб'ектыўнай інфармацыі. Некаторыя нават не разумеюць розніцы паміж ліўневымі і бытавымі сцёкамі.

Таму былі прызначаны паўторныя слуханні, куды прыйшло каля 100 чалавек: у асноўным з дамоў, што месцяцца вакол лесу. Частка з іх выказвала ўльтыматум: станем жывым шчытом, але спынім тэхніку. Тры гадзіны эксперты, спецыялісты адказвалі на іх пытанні, імкнуліся растлумачыць сітуацыю, але не ўсе іх пачулі.

Ёсць і іншыя меркаванні. Анатоль Лой жыве ў аграгарадку Лясны амаль 20 гадоў, працуе ўрачом-рэаніматолагам у абласной клінічнай бальніцы.

— Толькі летась у пасёлку зрабілі столькі, колькі не зроблена за апошнія 20 гадоў: заасфальтаваны і пашыраны дарогі, добраўпарадкаваны тратуары, дваровыя тэрыторыі, уладкаваны аўтастаянкі, пафарбаваны фасады дамоў, на перакрыжаваннях вуліц і ў месцах ажыўленага руху пастаўлены святлафоры. Да нядаўняга часу адзіны святлафор быў толькі ў цэнтры пасёлка. А што тычыцца нязгоды некаторых жыхароў з будаўніцтвам ліўневай каналізацыі, то скажу так: калі летась пачыналася маштабнае добраўпарадкаванне Бараўлян, многім жыхарам таксама не падабалася, перашкаджала тэхніка, разрытыя траншэі, груды тратуарнай пліткі. Але часовыя нязручнасці перажылі. Цяпер жа ніхто не згадвае пра тое. Усім добра. Так атрымліваецца і з ліўневай каналізацыяй, — лічыць Анатоль Лой.

Згодна з ім і намеснік дырэктара Бараўлянскай сярэдняй школы №2 Наталля Стацэнка:

— Я жыву ў пасёлку Лясны ўжо 40 гадоў. І наш пасёлак, і Бараўляны літаральна за папярэдні год непазнавальна змяніліся, сталі больш камфортнымі для жыцця. Але пытанні яшчэ засталіся. Пакуль яны на стадыі вырашэння. Маю на ўвазе ўладкаванне ліўневай каналізацыі, якая з'яўляецца вельмі важнай для нашых населеных пунктаў. У прыватнасці, я жыву на вуліцы Першамайскай. Пасля дажджу, веснавога разводдзя без гумавых ботаў не пройдзеш па двары, да аўтобуснага прыпынку. Галоўнае, на маю, думку, каб пры любым будаўніцтве ўсё было прадумана, выверана.

— Калектар ужо пабудаваны. Ачышчальныя збудаванні будуць уяўляць забетанаваныя рэзервуары, куды будзе сцякаць вада са 188 гектараў, на якіх размешчаны населеныя пункты, — тлумачыць дырэктар закрытага акцыянернага таварыства «Будпраект» горада Маладзечна Вольга Вялічка. — Вада будзе тут знаходзіцца не больш за суткі, яна будзе фільтравацца і ачышчацца. Збудаванні агародзяць 2-метровым плотам, бо гэта рэжымны аб'ект.

Начальнік упраўлення экспертызы Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Тадэвуш Пракаповіч упэўнены, што з ажыццяўленнем праекта экалагічная і санітарная абстаноўкі палепшацца адназначна. Вада будзе ачышчацца і адпавядаць патрабаванням экалагічнай бяспекі. А што тычыцца 500 спілаваных дрэў, то замест іх будзе пасаджана ўтрая больш.

У 2015 годзе Мінаблвыканкам зацвердзіў праграму комплекснага развіцця малых гарадоў цэнтральнага рэгіёна. Тычыцца яна ў асноўным Мінскага раёна. Менавіта тут значна вырасла колькасць жыхароў, а састарэлая інфраструктура не ў стане забяспечыць нармальную жыццядзейнасць людзей. Пачалі рэалізацыю праграмы з Бараўлян і аграгарадка Лясны. На чарзе іншыя населеныя пункты: Міханавічы, Мачулішчы, Самахвалавічы, Гатава. Старшынёй Мінаблвыканкама Сямёнам Шапірам пастаўлена задача штогод прыводзіць у парадак адзін з іх.

— Летась нам удалося выканаць значны аб'ём работ: аўтатрасу Р40 на ўчастку ад Мінска да Бараўлян пашырылі да чатырох палос, на перакрыжаваннях устанавілі святлафоры, рэканструявалі цэнтральную дарогу ў пасёлку Лясны. У цэлым добраўпарадкавана 110 аб'ектаў рознай формы ўласнасці: установы адукацыі, аховы здароўя, гандлю, сацыяльнай сферы. На ўсё выдаткавана больш як 410 млрд рублёў з рэспубліканскага, абласнога, раённага бюджэтаў і бюджэту сельскага Савета. Завяршыць работы плануецца сёлета, для гэтага спатрэбіцца яшчэ 100 млрд рублёў. У тым ліку сродкі пойдуць на будаўніцтва дзіцячага садка ў вёсцы Ляскоўка і ліўневай каналізацыі для абслугоўвання аграгарадка Лясны і вёскі Бараўляны, — адзначыла старшыня Бараўлянскага сельскага Савета Жанна Варабей.

lazovskaya@zviazda.by

Фота Аляксандра Дзідзевіча

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.