Вы тут

Падводныя камяні сямейнага падарожжа


Праграма «Дзіцячы доктар» тэлеканала «Беларусь 1» збірае ў студыі і каля экранаў бацькоў і дзяцей.

Тут кожны можа атрымаць карысную і кампетэнтную інфармацыю ад вядучых праграмы (педыятраў) і экспертаў у той ці іншай тэме. Нядаўна мы завіталі на здымачную пляцоўку праекта, каб даведацца, што адбываецца па той бок экрана.


Спя­вач­ка і тэ­ле­вя­ду­чая Воль­га Плот­ні­ка­ва  вы­бі­рае для дач­кі толь­кі ка­рыс­ныя пра­дук­ты.

Трапілі якраз на здымкі спецыяльнага юбілейнага (50-га) выпуску праграмы. У эфіры ён з'явіцца 6 мая, напярэдадні Дня радыё, тэлебачання і сувязі. І таму на гэты раз у студыі сярод мам і татаў аказаліся вядомыя тэлевядучыя і журналісты, якія, нягледзячы на сваю пастаянную занятасць, для сваіх сыноў і дачок у першую чаргу — клапатлівыя бацькі.

Вядучыя перадачы, педыятры з вялікім вопытам — Дзмітрый Часноў, Валерый Андрыенка і Вольга Кардаш — сваімі прафесійнымі і чалавечымі якасцямі здольны не толькі заваяваць увагу тэлевізійнай аўдыторыі, але і тых, хто знаходзіцца з імі на адной пляцоўцы. Напрыклад, Дзмітрый Часноў прызнаўся, што гэта яго першы вялікі вопыт працы на тэлебачанні, бо раней даводзілася бываць у кадры хіба толькі ў ролі госця ці эксперта. Цяпер жа ён лёгка і камфортна адчувае сябе ў ролі мадэратара на здымачнай пляцоўцы. Паспявае не толькі дзяліцца карыснай інфармацыяй, але і за дзецьмі запрошаных бацькоў сачыць краем вока, бо тых жа толькі і пільнуй!

На здымках чарговай праграмы, якая была прысвечана тэме «Вандроўка з дзецьмі» гасцямі сталі Вольга Шлягер з сынам Георгіем, Аляксандра Снегіна з сынамі Артурам і Муратам, Вольга Плотнікава з дачкой Алінай і сынам Данікам, Руслан Туркоў з двайнятамі Янінай і Раманам, Юлія Пярцова з дачкой Лізаветай, а таксама Аляксандр Смірноў з жонкай і дочкамі Марынай і Марыяй. Тэлебацькі актыўна папаўнялі сваю скарбонку ведаў, дзяліліся вопытам і задавалі пытанні экспертам.

Аднак пра ўсё па парадку... Канец вясны і лета — гэта самы актыўны час, калі бацькі задумваюцца пра аздараўленне сваіх малых і плануюць розныя вандроўкі з імі. Сёння існуе шмат варыянтаў, куды і як паехаць на пікнік на выхадных ці ў адпачынак на больш працяглы час усёй сям'ёй. І, пабываўшы на здымачнай пляцоўцы «Дзіцячага доктара», мы даведаліся, на што варта звярнуць увагу, калі збіраецеся ў падарожжа. Перш за ўсё, неабходна ўдзяліць увагу бяспецы. Так у першым блоку здымак «зорныя» таты і мамы выбіралі аўтакрэсла для дзіцяці. Аднак, перш чым запрасіць эксперта ў студыю, які дапаможа з выбарам, вядучы Дзмітрый Часноў звярнуўся да бацькоў:

— Што самае важнае трэба ўзяць з сабой, калі вы збіраецеся падарожнічаць з сям'ёй?

— Дзяцей! — адказаў з гумарам адзін з бацькоў.

— Правільна, — падтрымаў вядучы. — Але пры гэтым важна паклапаціцца пра іх бяспеку, здаровае харчаванне і не забыць прыхапіць з сабой аптэчку.

Калі казаць пра аўтакрэсла, то, думаю, усім бацькам вядома, што сёння існуе мноства марак і мадэляў гэтага тавару. І таму пытанне нумар адзін — як не разгубіцца ў свеце шматлікіх прапаноў. Галоўнае, ні ў якім разе не адмаўляцца ад яго, бо, аказваецца, калі аўто едзе, а потым рэзка тармозіць, то вага чалавека павялічваецца ў 33 разы. Уявіце толькі, што можа пагражаць вашым сыну ці дачцэ ў выпадку дарожнага здарэння. Як правільна выбраць аўтакрэсла, замацаваць яго ў вашым аўто і многія іншыя моманты агучаць і прадэманструюць у праграме.

Вы­бар аў­та­крэс­ла для дзі­ця­ці — адзін з най­важ­ней­шых пунк­таў кам­форт­на­га па­да­рож­жа.

А цяпер больш падрабязна спынімся на леках, якія варта ўзяць у дарогу, і ежу, што як дзіцячаму, так і даросламу арганізму заўсёды неабходная. Запрасіўшы да сябе ў асістэнты Вольгу Шлягер і яе сына Георгія наш вядучы пачаў распытвацца, што ж неабходна ўзяць з сабой.

— Выбар тых альбо іншых лекавых сродкаў залежыць ад узросту дзіцяці. У нас, напрыклад, па меры таго, як сын падрастае, аптэчка меншае, — адзначыла Вольга. — Увогуле, думаю, трэба, каб там былі сродкі ад атручванняў, драпін, укусаў камароў, перакіс вадароду, бінт, марля.

З выбарам мамы доктар згадзіўся і расказаў пра адну цікавую навінку — вугляродныя сурвэткі. Рэч вельмі карысная і простая ў выкарыстанні. Такая сурвэтка стэрыльная і з'яўляецца сродкам дэзынфекцыі, які спрыяе хуткаму загойванню ран без рубцоў. Дастаткова прыкласці яе да пашкоджанага месца на целе, пакрыць марляй і зафіксаваць лейкапластырам альбо бінтам. Добры варыянт аказання хуткай дапамогі ў дарозе!..

А вось каб пазбегнуць непрыемнасцяў з харчовымі атручваннямі, варта вельмі адказна паставіцца да таго, якія прадукты вы возьмеце для перакусаў. І пакуль дзятва малюе, гуляе, іх таты і мамы працягваюць папаўняць свой багаж ведаў. Цяпер доктару дапамаглі ў зборах Вольга Плотнікава і яе дачка Аліна.

— Мне часта даводзіцца быць з дзіцем у дарозе, і да пытанняў з харчаваннем мы ставімся вельмі адказна. Напрыклад, дзеці любяць чыпсы, газіроўку і шмат іншых прадуктаў, але ў нас яны знаходзяцца пад забаронай, — дзеліцца вопытам Вольга. — Збіраючыся ў дарогу, мы найперш думаем пра ваду; можам узяць і сок для разнастайнасці, а з прадуктаў аддаём перавагу свежай садавіне.

Калі дачушцы Вольгі вядучы прапанаваў адказаць на некалькі пытанняў віктарыны, то яна амаль без сумненняў выбрала для вандроўкі пітную ваду замест газіроўкі, сухое пячэнне замест пірожных і тую самую свежую садавіну, а не пюрэ ў слоічках... Тым самым прадэманстравала засвоеную маміну навуку.

У канцы з малымі па традыцыі правялі гімнастыку, якая, дапамагла не толькі пераключыць увагу дзяцей, але і стала своеасаблівым майстар-класам для бацькоў.

Усіх сакрэтаў таго, што нам удалося пабачыць на здымках «Дзіцячага доктара», не будзем раскрываць, бо лепш адзін раз убачыць сімім, чым шмат разоў пачуць. Пачынайце глядзець праграму ўжо зараз, бо ў кожным яе выпуску вас абавязкова чакае карысная інфармацыя.

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.