Вы тут

Мінімальны цэннік аднапакаёвых кватэр у Мінску знізіўся да 29 тыс. $


Звычайна ў першыя месяцы вясны жыхары буйных гарадоў больш цікавяцца купляй дач. Аднак сёлета найбольшую актыўнасць на сталічным рынку нерухомасці выказваюць пакупнікі жылля. Тлумачэнне простае: за апошнія 12 месяцаў цэны на стандартныя кватэры тут знізіліся адразу на траціну і больш.


Новабудоўлі: мінус 20%

Самы высокі попыт цяпер назіраецца на першасным рынку жылля Мінска. Дзякуючы гэтаму зніжэнне цэн на новабудоўлі не толькі замарудзілася, але і па некаторых, найбольш запатрабаваных, аб'ектах яны пачалі расці, паведамляе намеснік начальніка аддзела кансалтынгу і аналітыкі групы кампаній «Твая сталіца» Андрэй Чарнышоў. У гэтай сітуацыі разлічваць на торг пры куплі новабудоўлі ўжо не варта.

Між іншым, аналіз больш працяглага перыяду сведчыць аб тым, што тэндэнцыя на патанненне нерухомасці працягваецца. Толькі за першы квартал года цэны знізіліся ў сярэднім на 5%, а за год — больш чым на 20%.

Асаблівую цікавасць у пакупнікоў выклікаюць новабудоўлі ў прыгарадзе Мінска, якія прадаюцца з чыставым рамонтам. Менавіта яны і складаюць рэальную канкурэнцыю кватэрам другаснага рынку. У той жа час прыгарадныя новабудоўлі без рамонту пачынаюць паступова здаваць свае пазіцыі ў рэйтынгу пакупніцкіх пераваг.

Рэкордны сакавік

Мінулы сакавік аказаўся незвычайна актыўным для вясновых месяцаў апошніх пяці гадоў і на другасным рынку сталічнага жылля, калі быў пастаўлены рэкорд па колькасці зарэгістраваных здзелак. Такая актыўнасць пакупнікоў характэрная для перыядаў эканамічнага дабрабыту, а ў сённяшняй сітуацыі, пры сціплых даходах насельніцтва і адсутнасці даступных крэдытаў, асноўнай прычынай скачка колькасці праведзеных здзелак эксперты называюць істотнае зніжэнне цэн ва ўсіх сегментах рынку жылля. Сёння таннеюць як стандартныя кватэры, гатовае для пражывання жыллё з рамонтам і мэбляй, так і элітныя кватэры.

Ціск на ўзровень цэн аказвае вялікі аб'ём прапановы на рынку. Пікавае значэнне было зафіксавана ў пачатку сакавіка, калі колькасць аб'ектаў, якія былі выстаўлены па продаж, перавысіла лічбу ў 9 700 кватэр.

«Менавіта сёлетні веснавы «цэнапад» дазволіў набыць кватэру тым пакупнікам, хто яшчэ год таму не мог пра гэта нават марыць», — удакладняе сітуацыю на рынку намеснік дырэктара па продажах на другасным рынку жылля сталічнага агенцтва Святлана Кудзелка. Напрыклад, у сакавіку мінімальны кошт знаходзіўся на ўзроўні 29 тысяч долараў за аднапакаёвую, 34 тысячы за двухпакаёвую і 42 тысячы долараў — за трохпакаёвую кватэру. Роўна год таму мінімальны кошт кватэр бюджэтнай катэгорыі быў на 30% вышэй.

Абмен — актуальны

Гэтай вясной пачалі заключаць здзелкі і тыя патэнцыйныя пакупнікі, якія ўжо маюць уласную нерухомасць, але жадаюць пашырыць жылплошчу праз абмен з даплатай. Сённяшняя сітуацыя з мінімальнаю дэльтаю паміж рознымі тыпамі кватэр дазваляе ажыццяўляць падобныя аперацыі кліентам нават са сціплымі зберажэннямі.

Напрыклад, цяпер розніца кошту кватэр, у залежнасці ад колькасці пакояў, дазваляе праводзіць абмен на кватэру большай плошчы з даплатай у 7–10 тысяч долараў, у той час як год-два таму даплата пачыналася ад 20 тысяч «зялёных». Усе гэтыя фактары актывізавалі тых пакупнікоў, хто адкладваў набыццё кватэры ў чаканні яшчэ большага зніжэння цэн.

Паводле інфармацыі аналітыкаў у сферы другаснага рынку жылля, сёлета за сакавік сярэдні кошт квадратнага метра жылля стандартных кватэр знізіўся на 5%. Цяпер рэальны кошт квадратнага метра складае па аднапакаёвых кватэрах каля 1075 долараў, для двухпакаёвых — 985 долараў, а для трохпакаёвых кватэр — 950 долараў. Усяго з пачатку года цэны знізіліся на 7%, або прыкладна на 80 долараў за «квадрат».

Сярэдні кошт квадратнага метра ў гатовых да пражывання кватэрах (якія маюць свежы сучасны рамонт і мэблю) за сакавік знізіўся нязначна. У аднапакаёвых кватэрах цэннік квадратнага метра цяпер складае 1 225 долараў, для двухпакаёвых — 1 170 долараў, а ў трохпакаёвых кватэрах — 1 160 долараў. Сярэдні цэннік такога тыпу жылля ў мінулым месяцы склаў па аднапакаёвых кватэрах 35 тысяч долараў, па двухпакаёвых — 43 тысячы, па трохпакаёвых — 68 тысяч, а па чатырохпакаёвых кватэрах — 72 тысячы долараў.

Не напалохаць удачу

У сённяшняй няпростай сітуацыі на рынку нерухомасці рыэлтары нават распрацавалі спецыяльныя парады прадаўцам і пакупнікам. Напрыклад, Святлана Кудзелка лічыць, што для прадаўцоў усплёск пакупніцкай актыўнасці не павінен стаць падставай для ўзняцця цэн. Наадварот, неабходна максімальна эфектыўна скарыстацца момантам, каб да кожнага патэнцыйнага пакупніка праяўляць асаблівую лаяльнасць. Бо ў сітуацыі, калі цэны рухаюцца ўніз, час пошуку кліента на кватэру раўняецца ўпушчанай выгадзе прадаўца — чым ён меншы, тым меншыя страты прадаўца.

Акрамя таго, сур'ёзным канкурэнтам для прадаўцоў другаснага рынку выступаюць новабудоўлі, якія прапануюць не толькі шырокі выбар па мінімальных цэнах у рублях, але і растэрміноўку аплаты за набытую кватэру на некалькі гадоў.

Пакупнікам сёння, ва ўмовах вялікай колькасці прапаноў, карэкціроўкі цэн і дынамічнага руху рынку, складана зрабіць выбар. У той жа час эксперты не рэкамендуюць значна расцягваць працэс выбару аб'екта — ужо многія патэнцыйныя пакупнікі сутыкнуліся з сітуацыяй, калі, чакаючы яшчэ большага зніжэння цэн, упускалі свой варыянт.

Сучасныя прыярытэты

Пасля дасканалага аналізу другаснага рынку жылля эксперты заўважылі, што, хутчэй за ўсё, сёлета знаходзяць свайго пакупніка тыя кватэры, якія патрабуюць касметычнага рамонту. Прычыну іх папулярнасці эксперты бачаць у іх кошце, які ніжэй за сярэдні на рынку.

Пры гэтым кватэры, якія патрабуюць значнага рамонту, не вітаюцца пакупнікамі, паколькі прагназаваныя буйныя сумы трат на правядзенне рамонту перакрэсліваюць усю эканамічную выгаду набыцця падобнай кватэры.

А вось кватэры з добрым сучасным рамонтам выбралі ў сакавіку каля 30% усіх пакупнікоў.

Папулярныя таксама кватэры, размешчаныя ў спальных раёнах горада. Справа ў тым, што разам з ростам курсу валют і зніжэннем як цэн, так і арэндных ставак на нерухомасць, упала і інвестыцыйная даходнасць жылля. Таму колькасць інвестыцыйных здзелак з кватэрамі старога жылога фонду (сталінкі, хрушчоўкі, брэжнеўкі), размешчаных у цэнтры горада, за апошні год знізілася да мінімуму. Бо, як правіла, падобныя кватэры купляюцца не «для жыцця», а для здачы ў арэнду. У той жа час кватэры стандартных спажывецкіх якасцяў з «прапіскаю» ў спальных раёнах прыцягваюць сваім коштам і «свежым» годам пабудовы дома.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Квадрат» стаў прывабным

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.