Вы тут

«Малы Версаль», або Не нудзіцца можна толькі ў Парыжы і... Дзярэчыне


Праўду пісаў Францыск Скарына: «Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае... — гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся... вялікую ласку маюць».


Кожны раз на пад'ездзе да Дзярэчына я адчуваю нейкае тужлівае хваляванне. Кожны раз, ад'язджаючы адтуль, разумею, што «трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем». У дзярэчынцаў гэта, відаць, перадаецца з пакалення ў пакаленне. Ва ўсякім разе, граф Патоцкі ўспамінаў, што наш Францішак Сапега ў «сваіх вандроўках няспынна пераязджаў з месца на месца, бо ў Пецярбургу яму было захоладна, у Партугаліі загорача, а ў Англіі занадта вільготна. У Вільні не меў з кім жыць, у Варшаве з кім гуляць, і не раз паўтараў, што толькі ў Парыжы і Дзярэчыне можа на працягу некалькіх тыдняў не нудзіцца». Такое параўнанне не можа не цешыць маіх землякоў...

Сёлета мястэчка адзначае сваё 600-годдзе. Але зразумела, што яму намнога больш. Проста першая пісьмовая згадка (якая, прынамсі, да нас дайшла) адносіцца да 1416 года, калі вялікі князь Вітаўт перадаў Дзярэчын Васілю Копачу. Трэба разумець, было што перадаваць. І ў архівах калі-небудзь абавязкова знойдуцца больш раннія звесткі — не менш цікавыя за тыя, што ўжо ёсць. (Накшталт таго, што напрыканцы ХV стагоддзя ў Дзярэчыне пабудавана царква Святога Спаса, у наступныя — заснавана друкарня, закладзены дамініканскі кляштар са шпіталем і касцёлам.)

...Найбольшы росквіт нашага Дзярэчына адбыўся, калі яго гаспадаром стаў Аляксандр Міхал Сапега. У мястэчку і акрузе гадавалі коней, разводзілі англійскіх авечак і рыбу, у аранжарэях вырошчвалі кветкі, гранаты, ананасы, інжыр, а дзярэчынскія грушы былі вядомыя пад назвай «сапяжанкі».

У 1786 годзе ў Дзярэчыне быў дабудаваны палац з 22 пакояў у стылі класіцызму. На фасадзе яго красаваўся вялізны фамільны герб. Перад палацам быў двор з вялікім сонечным гадзіннікам. Тут жа стаяў высокі слуп са звонам. Палац быў акружаны глыбокім ровам, запоўненым вадой, праз які быў перакінуты мост з багата ўбранымі парэнчамі і вялікімі бронзавымі статуямі Адама і Евы. Адасоблена стаяў драўляны будынак тэатра. Вакол палаца быў вялікі тэрасны парк.

У гэты час Дзярэчын называлі «малым Версалем».

Сапегаўскі кнігазбор, перавезены ў Дзярэчын, па колькасці выданняў і іх каштоўнасці саступаў у ВКЛ толькі радзівілаўскаму ў Нясвіжы. Сярод кніг былі творы на французскай, нямецкай, англійскай і іншых мовах. У палац перанеслі археалагічны кабінет, багаты рукапісны архіў, каля 300 палотнаў галандскіх, італьянскіх і французскіх мастакоў.

Пашанцавала Дзярэчыну з мастацкім адлюстраваннем яго архітэктурных помнікаў. Славуты Напалеон Орда зрабіў малюнкі комплексу касцёла, кляштара, палаца.

...Сын Аляксандра Міхала — Яўстах Каятан Сапега — удзельнічаў у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1830–1831 гг., пасля эміграваў у Францыю. Ягоныя ўладанні ў Літве і Беларусі былі канфіскаваныя, з Дзярэчына ў Пецярбург вывезены карціны, скульптуры, залатыя і сярэбраныя вырабы, мазаіка, архіў, бібліятэка. Спіс канфіскаваных каштоўнасцяў заняў 124 старонкі дробнага тэксту. Скарбамі зацікавіўся імператар Мікалай І, які вырашыў іх лёс. Самыя лепшыя карціны і скульптуры былі накіраваны ў Эрмітаж, Акадэмію мастацтва, музеі...

У канцы ХІХ стагоддзя ў мястэчку яшчэ жыло 3308 чалавек, дзейнічалі дзве царквы, сінагога, дзве школы, два заводы, 39 крамаў, два млыны, пяць шынкоў...

...Не так даўно я глядзеў галівудскі фільм, дзе група падлеткаў з відэакамерай праз машыну часу рабіла падарожжы ў мінулае. Хацеў бы і я хоць на гадзіну завітаць у той, ранейшы, Дзярэчын...

У гонар яго 600-годдзя добра было б устанавіць памятныя знакі на месцах палаца і кляштара, высадзіць алею, выдаць паштоўку... А яшчэ...

У нашым слаўным і багатым на гісторыю мястэчку засталося шмат муроў, існуе падземны ход, але ні разу не праводзіліся археалагічныя раскопкі. Там жа стаіць старая цагляная калона з шыльдай і невядомым тэкстам. А значыць, свае таямніцы мястэчка пакідае нашчадкам, якія будуць лепшымі за нас...

Сяргей Буцько,

Дзярэчын — Гродна

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.