Вы тут

Новыя спецыяльнасці адкрываюцца ў магістратуры БДУ


На спецыяльнасці “Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі”  будуць рыхтаваць прафесіяналаў з  інжынернымі ведамі,  крэатыўным мысленнем і выдатным валоданнем дзелавой англійскай мовай.


Адукацыйная праграма, якая адпавядае самым высокім еўрапейскім стандартам якасці, распрацавана Беларускім дзяржаўным універсітэтам сумесна з універсітэтам прыкладных навук г.Мітвайда (Германія).

-- Магістратура мае практыка-арыентаваны характар. Вучэбны працэс будзе грунтавацца на абсалютна новым падыходзе да навучання, -- тлумачыць кіраўнік праграмы, прарэктар па вучэбнай рабоце, доктар эканамічных навук Аляксей ДАНІЛЬЧАНКА. --  Магістрантам прадастаўляецца магчымасць самастойна фарміраваць сваю траекторыю навучання, якое складаецца з эканамічнага, тэхнічнага і прыродазнаўча-навуковага модуляў. А, дзякуючы фінансавай падтрымцы Германскай службы акадэмічных абменаў, магістранты БДУ змогуць прайсці навучанне ў Германіі і атрымаць акрамя беларускага яшчэ і нямецкі дыплом. 

Паступіць у магістратуру могуць асобы, якія атрымалі вышэйшую адукацыю першай  ступені па  любой спецыяльнасці і валодаюць англійскай мовай. Залічэнне праходзіць па выніках здачы ўступнага іспыту па асновах менеджменту і, пры неабходнасці, дадатковага іспыту па эканамічнай тэорыі. Для вызначэння гатоўнасці навучання на англійскай мове з прэтэндэнтамі праводзіцца гутарка.  Навучанне будзе ажыццяўляцца як на бюджэтнай, так і  на платнай форме. Прыём дакументаў з 27 чэрвеня па 4 ліпеня.

Яшчэ адна новая спецыяльнасць  “Кіраванне банкаўскім бізнесам” адкрыецца ў магістратуры Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій  БДУ.

Адукацыйная праграма дасць магчымасць павысіць узровень падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі. У прыватнасці, тут будзе ажыццяўляцца навучанне інавацыйным метадам і тэхналогіям кіравання банкаўскім бізнесам. У спіс вывучаемых дысцыплін уключаны: грашова-крэдытнае рэгуляванне, арганізацыя дзейнасці банкаў, міжнародныя стандарты ўліку і фінансавай справаздачнасці ў банках і іншыя.

Мяркуецца, што выпускнікі спецыяльнасці “Кіраванне банкаўскім бізнесам” будуць запатрабаваныя ў банкаўскім сектары ў якасці кіраўнікоў упраўленняў планавання і развіцця банка, крэдытных, дэпазітных структурах, улікова-аперацыйных аддзелах, а таксама змогуць стаць кіраўнікамі іншых функцыянальных падраздзяленняў і службаў банкаў.

Прыём дакументаў на новую спецыяльнасць -- з 1 чэрвеня да 24 жніўня ўключна. Тэрмін навучання на дзённай і завочнай формах складае 1,5 года.

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.