Вы тут

Экалагічны лад жыцця — мода ці неабходнасць?


Спытай сёння ў жыхара нашай краіны, ці лічыць ён сябе экалагічна культурным чалавекам, і бадай што кожны, не задумваючыся, адкажа: «А як жа!» Але ці так гэта? Што такое экалагічная культура і наколькі яна развіта ў нашым грамадстве? Як моду на экалогію ператварыць у неад'емную частку жыцця? Якія меры з боку дзяржавы і саміх грамадзян дапамогуць беларусам стаць больш экалагічна свядомымі? Гэтыя і іншыя пытанні сталі галоўнымі падчас «круглага стала» «Экалагічная культура і яе складнікі», які ў рэдакцыі «Звязды» мы правялі да Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя.

У дыскусіі прынялі ўдзел намеснік старшыні Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна ДУБІК, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра сацыяльна-філасофскіх і антрапалагічных даследаванняў Інстытута філасофіі НАН Беларусі Наталля ЗАХАРАВА, галоўны спецыяліст упраўлення па каардынацыі дзейнасці ў сферы абыходжання з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ўстановы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталля КУДЫРКА, намеснік дырэктара ўстановы «Цэнтр экалагічных рашэнняў» Дар'я ЧУМАКОВА.


Галоўны прынцып: не нашкодзь

«Звязда»: У каментарыі да Указа Прэзідэнта аб аб'яўленні 2016 года Годам культуры тлумачылася, што гаворка ідзе не толькі пра культуру ў агульнапрынятым сэнсе, але і пра культуру сямейных адносін і побыту, культуру гаспадарання, культуру стаўлення ў грамадстве да навакольнага асяроддзя. Што такое экалагічная культура і яе складнікі? Ці можна сказаць, што ў нас ёй надаецца належнае значэнне? Каб адказаць на гэтыя пытанні, мы запрасілі за круглы стол «тэарэтыкаў», якія могуць расказаць, што такое экалагічная культура ў ідэале, і «практыкаў», якія непасрэдна сутыкаюцца з праявамі ці адсутнасцю гэтай самай культуры ў грамадстве...

Наталля Захарава (Н.З.): Экалагічная культура — паняцце вытворнае ад агульнай культуры і азначае спосаб арганізацыі прасторы на ўмовах ураўнаваных гарманічных узаемаадносін прыроды і грамадства. Аб гэтым ідэале мараць многія. Але як жа ён ажыццяўляецца на практыцы, у штодзённым жыцці? І пытанне тут не толькі да кожнага з нас, але і да працэсу выхавання, адукацыі і нават эканомікі...

Дар'я Чумакова (Д.Ч.): Калі мы гаворым пра экалагічную культуру, маем на ўвазе экалагічныя дзеянні: лад жыцця, мерапрыемствы ці канцэпцыі, якія дазваляюць быць дружалюбнымі да навакольнага асяроддзя, у тым ліку і да самога сябе, таму што чалавек таксама з'яўляецца яго часткай. А яшчэ гэта спроба асэнсаваць і даць зразумець іншым, што мы не заўсёды маем права выбіраць за навакольнае асяроддзе. Людзі — не цэнтр Сусвету, і трэба трымаць баланс паміж намі, разумнымі істотамі, і прыродай, якая з'яўляецца крыніцай жыцця на Зямлі.

Таццяна Дубік (Т.Д.): Ні для каго не сакрэт, што чалавек у сваёй жыццядзейнасці прызвычаіўся больш спажываць, чым узнаўляць ці ствараць штосьці. Але сёння шмат неабыякавых людзей, якія жадаюць быть экалагічна адукаванымі, усё больш грамадзян спрабуюць далучыцца да гэтага працэсу, рэалізаваць нейкія свае экалагічныя прапановы, каб не толькі забіраць у прыроды, але і штосьці аддаваць узамен. Калі б гэты працэс быў аднабаковым, мы калісьці проста вычарпалі б увесь прыродны рэсурс.

Нягледзячы на прафесію, статус чалавека, яго крокі па ахове прыроды і магчымасць рацыянальна выкарыстоўваць яе рэсурсы, на маю думку, залежаць ад выхавання і той інфармацыі, якая паступае звонку. Перш чым штосьці патрабаваць ад людзей, мы павінны ім расказаць, як рабіць можна, а як нельга.

Наталля Кудырка (Н.К.): Для мяне як прадстаўніцы арганізацыі-практыка экалагічная культура — гэта перш за ўсё прынцып прадухілення шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. І тут актуальна закрануць тэму абыходжання з адходамі як аднаго са складнікаў нашага штодзённага жыцця. Кампетэнтныя дзяржорганы абавязаны арганізоўваць гэту прастору, максімальна забяспечваць матэрыяльна-тэхнічнымі складнікамі, каб насельніцтву было зручна рэалізоўваць свае магчымасці, правы, жаданні, адначасова не шкодзячы навакольнаму асяроддзю. Гэта датычыцца не толькі рацыянальнага абыходжання з адходамі (паасобнага збору, максімальнага прадухілення ўтварэння, уцягвання ў грамадзянскі абарот), але і зялёнага асяроддзя, чыстага паветра, вады і г.д.


Мода ці неабходнасць?

«Звязда»: І ўсё ж сёння экалагічная культура ў нашым грамадстве, паводзіны, накіраваныя на захаванне навакольнага асяроддзя — гэта ў большай ступені мода. Але мода, як вядома, прыходзіць і мінае. Як жа зрабіць, каб гэтая мода ператварылася ў неад'емную частку нашага жыцця, каб беражлівае стаўленне да наваколля стала такой жа безумоўнай традыцыяй, як, напрыклад, не выходзіць, выбачайце, голым на вуліцу?

Н. К.: Магчыма, гэта павінна прывівацца з дзяцінства, як каноны маралі, стаць адным з такіх канонаў і выхоўвацца ў сям'і.

Т. Д.: Сёння многія, асабліва моладзь, сапраўды лічаць модным весці экалагічны лад жыцця. Яны аддаюць перавагу роварам як экалагічнаму віду транспарту, збіраюць смецце паасобна. Напрыклад, мая дачка-падлетак ніколі не запакуе падарунак у поліэтыленавы пакет: для гэтага яна выкарыстоўвае звычайную абгортачную паперу.

Звяртаю часам увагу на людзей, якія выходзяць з крамы. Некаторыя нават чэк нясуць выкідваць у кантэйнер з надпісам «папера», хоць, у прынцыпе, так не трэба рабіць. Але я разумею, што гэты чалавек імкнецца нават на такім узроўні паказаць сваю экалагічную дасведчанасць. Ужо прагрэс. Таму, маючы такія добрыя парасткі, сёння трэба ўсім, пачынаючы ад дзяржаўных органаў і заканчваючы сям'ёй, развіваць экалагічную адукаванасць з самага юнага ўзросту.

Н.З.: І ўсё ж, нягледзячы на гэтыя «добрыя парасткі», мы не можам пакуль сказаць, што беларусы з'яўляюцца экалагічна свядомай нацыяй: мы перажываем рудыментарную спадчыну савецкіх часоў, калі рэсурсаў у краіне было шмат. Сёння гавораць пра змену стэрэатыпаў, пераход да новай парадыгмы мыслення. Але мы не можам сказаць, што гэта абсалютна новая з'ява. Чалавек — гэта параджэнне прыроды, ён выйшаў з яе і ў традыцыйным грамадстве заўсёды сябе ўспрымаў разам з прыроднымі з'явамі. Нам не трэба прыдумляць і ствараць новыя традыцыі, варта толькі ўспомніць атрыманае ў спадчыну ад продкаў. У нашых абрадах, у міфалагічнай спадчыне, фальклоры адлюстравана беражлівае стаўленне чалавека да зямлі, вады і нават іх міфалагізацыя — «жывая зямля», «жывая вада», рэчка дапамагае, дрэва абараняе. Так, яшчэ ў часы ВКЛ пад страхам смяротнага пакарання забаранялася секчы дрэвы, якія стаяць на мяжы лесу (паміж лесам і полем). Лічылася, што ў іх жыве душа лесу, яго абаронца. Насамрэч, нават з біяцэнатычнага пункту гледжання гэтыя дрэвы — самыя дужыя арганізмы, якія заўсёды знаходзяцца на мяжы папуляцыі...

У плане папулярызацыі экалагічнай культуры вялікія надзеі я ўскладаю на маладое пакаленне. Супрацоўнікі Інстытута філасофіі працуюць са школьнікамі, праводзяць семінары, факультатывы на базе сярэдняй школы. І бачаць, што неўкаранёнасць беражлівага стаўлення да прыроды ў традыцыях і звычках дарослай большасці проста татальная. Але дзеці могуць уздзейнічаць на сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў. Нядаўна, ідучы па парку, я ўбачыла, як жанчына бяздумна сарвала галінку дрэва, а хлопчык гадоў сямі, што ішоў побач з ёй, спытаў: «Мама, а навошта ты гэта зрабіла?» Павісла паўза. Таму што, сапраўды, неабходнасці ў гэтым дзеянні ніякай не было, і маці не было чаго адказаць свайму дзіцяці.

Калі гаварыць пра экалагічнае выхаванне, то ў ідэале чалавек не павінен думаць, сарваць лісток ці не, шкодзіць ці не шкодзіць прыродзе — яму проста ў галаву гэта не прыйдзе. Таму што экалагічны імператыў — гэта адзін з прынцыпаў экацэнтрызму, калі ў чалавека ў дачыненні да прыроды (жывой і нежывой) больш не правоў карыстацца, а абавязкаў яе абараняць.

Д.Ч.: Трошкі статыстыкі. 43% з апытаных беларусаў лічаць, што яны валодаюць высокім узроўнем экалагічнай культуры. Але пры гэтым 53,6% лічаць, што ў нашых грамадзян вельмі нізкі ўзровень экакультуры. У нас вялікі разрыў паміж актыўнай групай насельніцтва, якая гатовая вельмі хутка рэагаваць на тую ці іншую экалагічную навацыю, і той групай, якая скептычна ставіцца і яшчэ не паспела перайсці да актыўных экалагічных дзеянняў.

Праўда, калі гаварыць пра тых, хто лічыць сябе экалагічна адукаваным, тут разуменне хутчэй павярхоўнае. Бо пры адказе на пытанне, што яны лічаць экалагічнай культурай, на першае месца ставяць «не смеціць на вуліцы» (у лесапаркавай зоне, падчас адпачынку). Толькі потым ідзе «сартаваць смецце», «выкарыстоўваць энергазберагальныя лямпы» і г.д.

Але не смеціць на вуліцы і сартаваць адходы — толькі вяршыня айсберга. Бо глыбей ляжыць прадухіленне ўтварэння адходаў наогул. Таму што сартаванне — гэта вырашэнне ўжо існуючай праблемы. А вось не купляць занадта шмат тары, адмаўляцца ў краме ад поліэтыленавага пакета — гэта дзеянні больш высокага ўзроўню, які ў нашым грамадстве яшчэ ў прынцыпе вельмі складана разумеюць. Ідучы ў краму і нават, адмаўляючыся ад пакета, ад прадаўца людзі чуюць: «Дык ён жа бясплатны», а нярэдка ў гэтыя пакеты складаюць прадукты, нават не пытаючыся...

Але ёсць вельмі пазітыўнае назіранне. Лепш за ўсіх рэагуе на экалагічныя тэндэнцыі моладзь. І ў апошні час да іх даходзіць думка, што экалогія — гэта не мода, а хутчэй неабходнасць.

Т.Д.: Ваш прыклад паказвае, што ў нашай краіне існуюць некаторыя супярэчнасці ў дзейнасці розных ведамстваў, у заканадаўчых і іншых нормах. Так, спецыялісты Мінпрыроды маюць экалагічныя мэты, Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі сочыць за выкананнем гігіенічных патрабаванняў, Міністэрства гандлю мае свае нормы і правілы. Таму і не складваецца гэты пазл па розных пытаннях — ад устаноўкі кантэйнераў да платы за поліэтыленавыя пакеты ў крамах. І пакуль не будзе раўнавагі, адзінай, выпрацаванай, выразнай пазіцыі, змяніць штосьці нават пры суцэльнай экалагічнай свядомасці людзей будзе складана.


Людзі павінны разумець, навошта сартаваць адходы

Т.Д.: Трэба яшчэ заўважыць, што нават у тых, хто непасрэдна працуе ў сферы экалогіі, узнікаюць непаразуменні. У які кантэйнер выкінуць цюбік ад зубной пасты альбо корак ад бутэлькі, каб сапраўды прынесці карысць навакольнаму асяроддзю? Такія пытанні мне задае маё дзіця. Я нават спецыяльна праглядзела матэрыялы ў інтэрнэце, аднак дакладнага адказу не знайшла. Магчыма, праблема ў тым, што Беларусь пакуль не можа перапрацоўваць усё, што вырабляецца і спажываецца ў краіне. Калі людзі ведаюць пра неабходнасць сартаванняі, у іх узнікаюць пытанні: куды выкідаць адходы, якія зроблены з некалькіх тыпаў сыравіны. Нам даволі часта тэлефануюць па такіх пытаннях.

Д.Ч.: Калі з такімі пытаннямі звяртаюцца ў наш інфармацыйны цэнтр, мы кажам: кідайце ўпакоўку з-пад ёгурту ў кантэйнер з пластыкам. Бо калі мы скажам не рабіць гэтага, людзі перастануць сартаваць адходы.

Н.К.: Мы прыдумалі размяшчаць на еўракантэйнерах налепкі з выявамі прадметаў, якія ў іх можна выкінуць.

Т.Д.: У маім раёне амаль паўсюль у дварах стаяць такія ацынкаваныя кантэйнеры. І аднойчы давялося назіраць такую карціну. (Адразу скажу, што ў гэтым выпадку я на баку гэтага чалавека, спажыўца.) Мужчына прынёс пластыкавую пяцілітровую бутэльку. Ён доўга даследаваў кантэйнер з усіх бакоў, шукаючы адтуліну менавіта для гэтай тары. Пастаяў, махнуў рукой і выкінуў бутлю ў ёмістасць ад смеццеправода.

Быў і такі выпадак: адна грамадзянка не магла выкінуць у кантэйнер... пластмасавы таз. Нягледзячы на мае словы пра тое, што яго можна проста пакінуць каля кантэйнера, яна заставалася пры сваім і нават прасіла, каб спецыяльна для яе адкрылі гэты кантэйнер. Такія людзі гавораць: калі вы чакаеце ад нас пэўных дзеянняў, у такім выпадку вы павінны для нас зрабіць усё, каб гэтыя дзеянні былі магчымымі.

Н.К.: І гэта правільна. Таму што сёння мы знаходзімся яшчэ ў працэсе абсталявання краіны сучаснымі еўракантэйнерамі. Ідзе напрацоўка розных пытанняў: адны кажуць пра праблему ўтылізацыі пяцілітровых бутэлек, другія — пра ўтылізацыю кардонных каробак розных фарматаў, шкляных слоікаў. Зараз наша арганізацыя займаецца стварэннем ролікаў, у якіх здымаюцца ўсе ахвотныя — школьнікі, студэнты, маладыя людзі. Мы знаходзім практычны варыянт рашэння таго ці іншага пытання, і валанцёры паказваюць, як на практыцы выкінуць у такі кантэйнер шматлітровую пластыкавую бутлю. А наконт таза — будзем думаць, што з гэтым рабіць...

Мы ўвесь час шукаем нейкія новыя шляхі, формы падачы для грамадзян. У інтэрнэце дзейнічае сайт арганізацыі, старонкі ў сацыяльных сетках, розныя форумы, якія дазваляюць у вольным доступе выказваць не толькі негатыў, але і свой пункт гледжання, свае прапановы. Гэта таксама актыўны анлайн-кантакт са спажыўцамі. Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі сумесна з «Аператарам другасных матэрыяльных рэсурсаў» прыдумалі цікавы комікс пра барацьбу Экамэна і Містэра Звалкі, разлічаны перш за ўсё на падрастаючае пакаленне. Выпускаюцца постары, канцтавары з цікавай і карыснай інфармацыяй, аб'яўляюцца конкурсы сярод школьнікаў. Неабходная інфармацыя размяшчаецца і на еўракантэйнерах для асобнага збору смецця.

У папулярызацыі раздзельнага збору адходаў аддаю перавагу рэкламе, у якой раскрываецца канкрэтны вобраз дзеяння. Так, мы зрабілі некалькі ролікаў пра пластык, шкло і макулатуру. У іх можна прасачыць увесь ланцужок — ад набыцця тавару ў краме да яго пераўтварэння ў адходы і далейшую перапрацоўку. Гледачы бачаць увесь працэс ад пачатку да канца. Мне думаецца, аргументацыя — навошта трэба сартаваць адходы — вельмі важная, асабліва калі не паўсюль можна прымяніць фінансавую матывацыю насельніцтва.


Дзіцячае асяроддзе — спрыяльная глеба для экаадукацыі

«Звязда»: Атрымліваецца, пачынаць экалагічную адукацыю — выкарыстоўваць тыя ж ролікі, коміксы, рабіць падручнікі — трэба са школы.

Д.Ч.: Напрацовак хапае, але іх цяжка выкарыстоўваць, бо няма адпаведнай дзяржаўнай праграмы.

Н.З.: Настаўнікі павінны быць энтузіястамі, сваім асабістым прыкладам паказваць дзецям, як трэба рабіць. Мы прывыклі ўсяго чакаць ад дзяржавы, але чым больш будзе грамадскіх арганізацый ці такіх актыўных настаўнікаў, тым лепш.

Т.Д.: Пра экалагічную культуру гавораць у дзіцячых садах, школах сталіцы. У нас наладжана добрае супрацоўніцтва з камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама: мы праводзім конкурсы малюнкаў, дэфіле ў касцюмах з другаснай сыравіны — такія мерапрыемствы адбываюцца на працягу года. Але гэта ўсё несістэмна. Немагчыма абавязаць кожную школу ці дашкольную ўстанову займацца такімі мерапрыемствамі. Гэта мусіць быць замацавана на заканадаўчым узроўні ў якасці абавязковага складніка адукацыі.

Калі я была дзіцем, мне ніхто не расказваў пра сартаванне адходаў. Тады я здавала толькі бутэлькі, але гэта адбывалася хутчэй не з экалагічнай, а з фінансавай прычыны. І я лічу, что фінансавы складнік павінен быць адным з матыватараў, рухавікоў экалагічнага руху. Калі стварыць умовы для асобнага збору адходаў і адначасова тлумачыць людзям, што такім спосабам чалавек атрымае і фінансавую льготу ці заахвочванне, справа пойдзе хутчэй. Такі стымул будзе выдатна працаваць у дачыненні да пакалення, якое не было выгадавана з нараджэння ў экалагічным плане.

«Звязда»: Матэрыяльны аспект, несумненна, важны. Але, калі казаць менавіта пра захаванне навакольнага асяроддзя, тут не менш важны аспект маральны, духоўны. Цікавы вопыт дзеяння ў экалагічным напрамку ўжо ёсць у Беларускай Праваслаўнай Царквы...

Д.Ч.: Рэлігійная супольнасць — гэта вельмі моцны каталізатар, які ўзаемадзейнічае з насельніцтвам. ЦЭР зрабіў некалькі сумесных праектаў з царквой. Напрыклад, у сталічным мікрараёне Каменная Горка на тэрыторыі прыхода ў гонар свяціцеля Мікалая Японскага мы адкрылі экалагічную сцежку. У гэтым мікрараёне, па сутнасці, няма «зялёных» зон, цудам захаваўся кавалак прыроднага асяроддзя. На экасцежцы ўстаноўлены стэнды, якія расказваюць пра дружалюбны да прыроды лад жыцця, сартаванне адходаў, флору і фаўну мясцовасці. У гэтым выпадку мы звяртаемся не да фінансавых выгод, а да чалавечай маралі, бо яна мае не меншае значэнне, чым фінансы. Грашыма можна заахвоціць дарослых. Але важна памятаць і пра падрастаючае пакаленне, якое трэба падтрымліваць іншымі, нефінансавымі сродкамі. Вынікам супрацоўніцтва эколагаў і царквы стала пагадненне аб супрацоўніцтве, якое падпісалі кіраўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя...

Т.Д.: Тут, што датычыцца экалагічнага выхавання, варта сказаць яшчэ вось пра што. Важна, каб экалагічнасць не перарасла ў злоўжыванне ярлыкамі «эка», «бія», «натуральнае». Часам такія моманты здараюцца. Я звяртаю ўвагу, што на ўпакоўцы стаіць значок перапрацоўкі, але ў нашай краіне гэтай тэхналогіі няма. А кошт такога прадукту ўжо даражэйшы.

Д.Ч.: З іншага боку, гэта добры індыкатар таго, што экалагічнае становіцца важным. Калі рынак рэагуе на неабходнасць і патрэбу спажыўца набываць нешта экалагічнае, гэта значыць, што працэс запушчаны. Нават нягледзячы на тое, што ў большасці выпадкаў гэта не «эка», а грынвошынг...


Вучыцца на памылках лідараў

«Звязда»: Што датычыцца экалагічнай культуры, наша грамадства за некалькі гадоў намагаецца прайсці той шлях, які прайшла цывілізаваная Еўропа за дзесяцігоддзі. Гэта падобна на тое, як першакласнік хоча паступіць ва ўніверсітэт. Мы разумеем, што нам гэта трэба. Але ў той жа час мы знаходзімся на такой стадыі развіцця, калі людзям трэба тлумачыць, ці трэба выкідваць корак ад бутэлькі.

Н.З.: Паглядзіце, як за апошнія гады змянілася разуменне паняцця «якасць жыцця». Сёння людзі ўключаюць у яго не толькі матэрыяльны дастатак, але і якасць навакольнага асяроддзя, у якім яны жывуць і працуюць. Яны звяртаюць увагу на зялёныя насаджэнні ў горадзе, заўважаюць, што іх мала. Людзям не хочацца жыць у некамфортных умовах, і экалагічныя патрэбы паступова заяўляюць пра сябе.

Іншая справа, што эканоміка знаходзіцца ў рэчышчы індустрыяльнай парадыгмы. Калі пераарыентаваць яе на чалавека, многія пытанні, магчыма, і знікнуць. Кожны можа далучыцца да гэтых пытанняў. І, на мой погляд, пачынаць са смецця — вельмі правамерна. З іншага боку, паглядзі, што ты набываеш, чаму, як скараціць гэтае спажыванне. Калі чалавеку важны здароўе і будучыня прыроды, трэба падумаць аб тым, што ты робіш сёння. Практыка паўсядзённасці якраз адлюстроўвае, якая ў нас свядомасць, з кім мы сябе атаясамліваем.

Т.Д.: На мой погляд, сёння жыллёва-камунальныя службы робяць вялікую працу і куды больш якасна, чым пяць гадоў таму. Калі раней у двор прыязджаў вялікі смеццявоз і загружаў усе адходы разам, мне было незразумела, чаму так адбываецца. Датычна экалагічнай свядомасці наша грамадства моцна адрозніваецца: гэта альбо людзі-ідэалісты, якія ў курсе апошніх экалагічных тэндэнцый, альбо тыя, хто нават не разумее, што пластыкавую бутэльку трэба выкінуць у спецыяльны кантэйнер. А ўсё ад таго, што мы сапраўды спрабуем пераскочыць і дагнаць тое, што не так хутка робіцца. Для стварэння эфектыўнай сістэмы збору і перапрацоўкі адходаў еўрапейскім краінам спатрэбіліся дзесяцігоддзі.

Д.Ч.: Затое мы знаходзімся ў выйгрышы, бо можам навучыцца на памылках, зробленых краінамі-першапраходцамі, і не дапусціць іх. У беларусаў насамрэч ёсць неблагія экалагічныя традыцыі, такія як рамонт рэчаў, перадача адзення людзям, якія маюць у ім патрэбу. Ужо крыху забытая традыцыя здаваць тару. Я ўпэўнена, што, калі гэтая традыцыя вернецца, беларусы з задавальненнем будуць яе здаваць.


Пакаранне ці пакаянне?

Т.Д.: Для Мінска сартаванне адходаў становіцца сталай практыкай, але ў правінцыйных гарадах яшчэ ёсць над чым працаваць. Застаецца праблемным пытанне экалогіі на дачах.

Н.З.: Гэта парадаксальна: чалавек вырас у прыродным асяроддзі, аднак яго цікавіць парадак толькі на ўласным падворку.

«Звязда»: І вось жа парадокс: калі калі на дачу прыязджае гарадскі жыхар, ён, замест таго, каб падцягваць сялян да свайго экалагічнага ўзроўню (ужо маючы досвед паасобнага збору смецця, напрыклад) пачынае сам везці смецце ў лес ці на рэчку...

Н.З.: У дачнікаў нізкая экалагічная свядомасць да ўсяго, што выходзіць за межы іх участка. Яны выкопваюць урадлівую глебу з-пад каранёў сасны, пасля чаго дрэва сохне. Альбо закопваюць адходы ў зямлю...

«Звязда»: Вяскоўцы тут нічым асабліва не адрозніваюцца ад гараджан. Ім таксама трэба ствараць умовы. Як толькі ў вёсках жыллёва-камунальныя службы паставілі кантэйнеры для смецця, а мясцовыя ўлады ліквідавалі міні-палігоны — стыхійных звалак вакол вёсак стала значна менш.

Н.З.: Калі гаварыць пра суадносіны перакананняў і штрафаў (маралі і права), то філасофія разглядае іх як прыступкі адной лесвіцы. Пры гэтым узровень права больш эфектыўны і дзейнічае раней. Але, калі мы не будзем апеляваць да свядомасці, на гэтым узроўні будуць усялякія спробы ўхіліцца ад пакарання. Людзям патрэбна гаварыць не толькі, што іх учынкі каштуюць грошай, але і што такое сорамна рабіць.

Т.Д.: Карацей, трэба інфармаваць насельніцтва і ствараць усе ўмовы для рэалізацыі жадання людзей быць экалагічна свядомымі. І варта не толькі штрафаваць, а намагацца заахвочваць.

Н.З.: Мне здаецца, што маральны фактар вельмі важны ў гэтай справе. Даследаванні па славянскай цывілізацыі і культуры паказваюць, што для славяніна сумленне і сорам нават важнейшыя за адказнасць, пакаранне. У беларусаў ёсць традыцыі любові і паважлівага стаўлення да сваёй зямлі і малой радзімы. Аднак яны затушаваны мысленнем грамадства спажывання. Адраджаць гэтыя традыцыі магчыма праз няспынную працу па экалагічнай адукацыі, асветніцтве, праз тэматычныя фестывалі і форумы. І, вядома ж, праз рэальныя дзеянні.

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.