Вы тут

Нашы праекты


“Што цікавага ў гэтых вашых музеях?” – можаш запытацца ты, дружа, перад чарговай школьнай экскурсіяй. А мы адкажам табе: шмат чаго, калі на такую экскурсію ты пойдзеш разам з “Бярозкай”. Шукай у “Бярозцы” рубрыку “Незапыленае”.

 

Як у цябе справы з беллітам? Пакутуеш ад таго, што ніяк не можаш прачытаць зададзены твор? Ці ад таго, што лепшы сябар не здольны абмяркоўваць з табой унутраны свет герояў? У любым выпадку рубрыка “Бел.літ.” будзе табе карыснай! Поўны, дасканалы, а галоўнае — нестандартны разбор, здавалася б, нецікавых праграмных твораў, дапаможа табе яскрава ўбачыць сюжэты, звярнуць увагу на дэталі і стаць сапраўдным профі ў сачыненнях па літаратуры!

 

“Я сардэчка Беларусь”: што заўгодна, самыя розныя па фармату, зместу і настрою матэрыялы па геаграфіі, гісторыі і радзімазнаўству. Можаш сачыніць паданне пра сваю вёску або рэчку, можаш даследаваць старую сядзібу ці млын, а можаш правесці лінгвістычны аналіз назваў вакольных вёсак. 

 

Калі ты, дарагі дружа, засынаеш з марамі аб журфаку і актыўных буднях у рэдакцыі якога-небудзь выдання, а прачынаешся з новым артыкулам, то рубрыка “Школа журналістыкі” — дакладна для цябе! Хочаш задаць некалькі пытанняў дырэктару школы, заўважыў нешта цікавае на звычайным уроку і напісаў рэпартаж? Пазнаёміўся з цікавым чалавекам і хочаш усім пра яго распавесці? Пішы і дасылай напісанае нам!

 

Табе цікава, што абмяркоўваюць настаўнікі, калі думаюць, што іх не чуюць? Сакрэтныя агенты (вучні і нават – толькі нікому не кажы – настаўнікі) па ўсіх школах працуюць дзеля цябе і здабываюць самую цікавую інфармацыю з самых розных настаўніцкіх. Хочаш стаць нашым агентам-карэспандэнтам? Пішы для рубрыкі “Настаўніцкая на праслушцы”.

 

Уяві сабе, пасля таго, як супрацоўнікі часопіса пакідаюць працоўныя месцы, сваю рэдактарскую змену пачынае самы сапраўдны… прывід. Піша ён так класна, што мы ўзялі яго ў штат і нават адвялі яму цэлую старонку! Ён распавядае розныя містычныя гісторыі для самых смелых чытачоў. Ага-а-а! Зацікавіўся, дружа?! Шукай 13-ю старонку!

 

Пільна сочыш за біяграфіямі маладых і паспяховых? Марыш з часам сам з’яўляцца на вокладках часопісаў і даваць інтэрв’ю газетам як заваёўнік якой-небудзь вяршыні? Сваімі сакрэтамі поспеху дзеляцца лепшыя з сучаснікаў — артысты, журналісты, маладыя навукоўцы, пісьменнікі і паэты. Чытай, запамінай, карыстайся! Хто ведае, мо героем рубрыкі “Гісторыя поспеху” ў хуткім часе станеш і ты?

 

Калі ты ўжо вырашыў, што будзеш пісьменнікам, зазірні на старонку “Практыкум”. Тут самыя таленавітыя і дасведчаныя пісьменнікі і журналісты дадуць табе парады, як накіраваць свой літаратурны талент у правільнае рэчышча.

 

Што рабіць на перапынку, калі батарэя ў тэлефоне “села”, а ўсе навіны ўжо абмеркаваны? Лепшыя гульні і забаўкі, для якіх не патрэбны ніякія гаджэты, – у рубрыцы “Перапынак”. А як ты бавіш час? Дасылай апісанне сваіх любімых гульняў — і атрымаеш прыз ад рэдакцыі!

 

Стасункі з сабою, блізкімі, навакольным светам — справа складаная, асабліва ў тваім узросце, ці не так? Бацькі, сябры, аднакласнікі, настаўнікі… Часам проста немагчыма зразумець, як з усімі імі стасавацца. Псіхолагі, размова з якімі чакае цябе ў рубрыцы “Псі-факторыя”, абавязкова дапамогуць разабрацца! А распавесці пра свае праблемы больш падрабязна, або, наадварот, даць параду ты можаш на старонках рубрыкі “Сітуацыя-плюс”.

 

“Гатавальня” вучыць гатаваць. Весела, смачна і тое, што гатавалі або елі героі мастацкіх твораў. “А вось пампушкі з часнаком”, — частуе пан Дубатоўк Андрэя Беларэцкага ў “Дзікім паляванні караля Стаха”. “Хіба зацірку з салам зварыць?” — кумекае Аўдоцця ў “Хаме” Элізы Ажэшкі. А як пан падлоўчы з коласаўскай “На ростанях” любіць літоўскія калдуны, памятаеце? “І гэтых калдуноў, як запэўняў пан падлоўчы, ён з’еў аднойчы сто сорак штук”. Кулінарная рубрыка з літаратурным падтэкстам? З рэцэптам пад тэкстам!

 

У кожным нумары — “Літаратурныя старонкі”: паэзія і проза вядомых беларускіх пісьменнікаў, прызначаная спецыяльна для падлеткаў. Канечне, гэта новыя творы, якія нідзе дагэтуль не друкаваліся. Магчыма, менавіта ты, дружа, самы першы чытач гэтых твораў.

 

У рубрыцы “Верасок” змяшчаюцца паэтычныя і празаічныя “спробы пяра” школьнікаў. Магчыма, не ўсё тут дасканала, але не гэта галоўнае. Галоўнае, што ёсць пляцоўка, дзе юныя паэты могуць упершыню гучна заявіць аб сабе. І хто ведае, магчыма праз N гадоў той ці іншы знакаміты паэт з гонарам адзначыць: “Мой творчы шлях пачаўся з “Бярозкі”. У рубрыцы “Верасок: проза” змяшчаюцца празаічныя замалёўкі вучняў, а ў спецыяльных рубрыках “Верасок: заяўка на Парнас” і “Верасок: казкі школьнага ранца” наш часопіс друкуе нават самыя сапраўдныя апавяданні і казкі юных аўтараў.

 

 

“Зярняткі веры” — праваслаўны адукацыйна-выхаваўчы праект, які складаецца з некалькіх матэрыялаў з “прывязкай” да блізкага рэлігійнага свята. Вучыць быць сапраўднымі, слухаць сэрца і верыць у самае добрае.

 

“Табе навука” — пра любую навуку. Калі ты любіш фізіку, захапляешся біялогіяй, маеш поспехі ў вывучэнні хіміі, паважаеш гісторыю, фанацееш ад астраноміі — напішы нам што-небудзь пра гэтыя навукі або папрасі свайго настаўніка напісаць для нашых чытачоў. Ну, або выдай вынікі ўласных эксперыментаў. Будзем вельмі гэтаму рады!

 

Level 80 — агляд кампьютарных гульняў.  “Кнігаўка” — пра цудоўныя кнігі. “Дамашні кінатэатр” — пра кіно і герояў.

 

“Смешная старонка” прапануе анекдоцікі, пытанні для знаходлівых і гумарыстычныя замалёўкі.

 

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.