Вы тут

На бяду многа не трэба


Толькі нядаўна пахавалі ў Брэсце хлопчыка, які выпаў з акна восьмага паверха, у Мастах — дзяўчынку, якая загінула ад удару бетоннага слупа пад Баранавічамі, а ў Бярозаўскім раёне — малога, што ўпаў у каналізацыйны люк, як на стужках з'явілася новае паведамленне — у Пружанскім раёне патанула чатырохгадовае дзіця.


Такія трагедыі, на жаль, здараліся заўсёды. Але цяпер іх становіцца надта многа. Рассеянасць, няўважлівасць, нервознасць бацькоў, якая перадаецца ледзь не з малаком маці дзецям, становяцца прыкметамі нашага часу. Гэта, відаць, яшчэ адно наступства ўсеагульнай камп'ютарызацыі і інфарматызацыі чалавецтва. Цяпер дзеці паяўляюцца ў пакалення людзей, якія ўжо выраслі з камп'ютарамі. Нехта скажа: ну, пачалося бурчанне старой грымзы. Не самы горшы варыянт, каб гэта было так. І я пасмейвалася, калі мая знаёмая ўпотай кантралявала нявестку, якая, гадуючы малое дзіця, гадзінамі завісала ў сацыяльных сетках.

Цяпер думаю, можа, мела рацыю свякроў той маладзіцы. Хоць апошняя і скардзілася мужу на залішнюю цікаўнасць маці, але той самы кантроль адчувала, таму і ведала меру. Дзякуй Богу, дзіця падрасло, ходзіць у садок, маладая матуля ўладкавалася на працу. Невялікія непаразуменні ў сям'і прызабыліся і паступова сышлі на нішто.

Ні ў якім разе не хачу сказаць, што бацькі дзяцей, якія выпадалі з вокнаў альбо танулі, сядзелі ў той час у інтэрнэце. Зусім не. Але на бяду многа і не трэба. Ужо вядома, што брэсцкая няшчасная маці на кухні гатавала ежу, хутчэй за ўсё для таго ж хлопчыка. Ды і ўсе мы, хто гадаваў дзяцей, паспявалі гатаваць, мыць бялізну і рабіць усе іншыя хатнія справы, пакуль муж на працы. Немагчыма сядзець каля малога ўвесь час альбо трымаць яго пры сабе, калі ён ужо навучыўся хадзіць.

Малыя двух-трох гадоў надзвычай цікаўныя, а крыху старэйшыя за іх яшчэ і надта рухавыя. Спецыялісты нават адзначаюць павелічэнне актыўнасці дзяцей. Яны, цяперашнія, шмат чым адрозніваюцца ад ранейшых. Тыя, што амаль ад нараджэння пачынаюць гуляць на тэлефонах і планшэтах, страчваюць пэўную частку ўмення засяроджвацца, у іх прытупляецца пачуццё бяспекі, яны жыццё пачынаюць успрымаць крыху як камп'ютарную гульню. Апошняе датычыць не толькі самых малых, але і падлеткаў, і нават дарослых. Нядаўна давялося чытаць гісторыю аднаго чалавека, што спрабаваў здзейсніць суіцыд, але яго ўратавалі. Ён казаў, што ў глыбіні душы не хацеў памерці назусім: як бы хацеў «выключыць» гэта жыццё — у спадзяванні, што ўключыцца нейкае іншае. І гэта дарослы! Што ўжо казаць пра дзяцей, якія бачаць штодня на экранах неверагодныя метамарфозы і выкрунтасы чалавечага цела, ад якіх жывы індывідыум павінен сто разоў памерці, а ён застаецца жывым. Дзеці менш сталі баяцца ўсялякай невядомасці. І гэта трэба ўлічваць. Значыць, варта больш уважліва сачыць за малымі, ды і самім мамам не выпадае доўга сядзець у розных «ВКонтактах».

Хоць, як кажуць, каб ведаў, дзе ўпадзеш... У адной з вёсак Бярозаўскага раёна трохгадовы хлопчык упаў у адчынены люк каналізацыйнай сістэмы побач з домам. Бабуля малога, 47-гадовая вясковая жанчына, пайшла ў хлеў па гаспадарчых справах. Унук гуляў з суседскім хлопчыкам. Ніхто ж не ведаў, што той злашчасны калодзеж акажацца адкрытым. І вады ў ім было прыкладна на метр. У нейкі момант малы нахіліўся, з яго зляцела шапачка, дзіця пацягнулася за ёй, не ўтрымалася, упала. Другі хлопчык паклікаў бабулю, яна выцягнула ўнука сама, але выратаваць яго не ўдалося. 24-гадовая маці дзіцяці ў гэты час была на працы. Нармальная, працавітая сям'я, дзіця любілі і даглядалі. Нехта панясе пакаранне за парушэнне тэхнікі бяспекі, за люк, у якім жалезная крышка з'явілася адразу пасля трагедыі. А маладая жанчына і яе маці век будуць сябе дакараць, што не дагледзелі, не паспелі: каб не выпусцілі яго ў той дзень з двара, усё магло б быць інакш. Але ў той злашчасны калодзеж магло б зваліцца іншае дзіця...

Ва ўсіх гэтых гісторыях агульнае — бацькоўскае гора. Гэты боль ім насіць у сабе да апошняга дня. Толькі вось кожны раз, калі чытаю паведамленне аб падобных трагедыях, можа, не да месца ўспамінаю гісторыю інвалідаў з Івацэвічаў, у якіх летась хацелі забраць дзіця. Галоўны аргумент прадстаўнікоў улады быў такі: інвалідам першай групы цяжка даглядаць малога. І хто адкажа, калі з ім нешта здарыцца? Але ж ад гэтага не застрахаваны ніхто. Апошнія трагічныя здарэнні сведчаннем таму. Выходзіць, што, мы, здаровыя, пакідаем сабе правы і на шчасце, і на гора. А ў іх, хворых, гэта права адбіраем. Што, згадзіцеся, зусім несправядліва. І радасць, і боль людзі адчуваюць аднолькава: інваліды і здаровыя. Таму ўсім аднолькава трэба берагчы дзяцей, вучыць іх бяспецы.

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.