Вы тут

«Славянскія акцэнты» Гроса


Чатыры гады таму гэты юнак трапіў у прадзюсарскі цэнтр «Спамаш», дзе і сёння займаецца пабудовай сольнай кар'еры артыста. А пачынаў ён свой шлях на эстраду яшчэ ў родным Салігорску. Загартоўваў сябе на розных конкурсах, фестывалях. І вось цяпер рыхтуецца да пакарэння новай вяршыні. Аляксей Грос прадставіць нашу краіну на XXV міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2016», які пройдзе ў рамках фестывалю «Славянскі базар». Сустрэўшыся са спеваком, мы даведаліся, як ён ацэньвае сваю гатоўнасць, і чым будзе радаваць прыхільнікаў песні.


— Як падрыхтоўка да такога адказнага мерапрыемства адбіваецца на вашым рытме жыцця?

— Я з тых артыстаў, якім не прывыкаць да няспыннага тэмпу ў працы, хоць цяпер ён значна паскорыўся. Перакананы ў адным: настойлівая праца заўсёды дае вынік.

У працэсе падрыхтоўкі да «Славянскага базару» са мной працуюць найлепшыя прафесіяналы. З Дзінай Тыцюк мы займаемся тэхнікай маўлення, з Людмілай Куц адточваем вакал. Дзмітрый Забалотны дапамагае ў пытаннях стылю. З Максімам Пугачовым, Віталікам Вячэрскім з гурта «Радыёхваля» мы працавалі над аранжыроўкамі да конкурсных кампазіцый. Леанід Шырын на час конкурсу выступае маім музыкальным прадзюсарам, а курыруе ўсю падрыхтоўку да фестывалю Сяргей Адрыянаў. Таксама кантактуем і з шэрагам іншых людзей. Напрыклад, сустракаліся з Валерыем Дайнекам (ён выконваў выбраную мной песню «Ой, дожджык ідзе» ў 1978 годзе) і Пятром Ялфімавым (буду выконваць яго рок-баладу «Я хачу»), раіліся, цікавіліся іх думкамі адносна нашага бачання іх песень.

— Чула, вы рыхтуеце цікавую промапрадукцыю ў нацыянальным стылі...

— Памятныя падарункі канкурсантам будуць у выглядзе вышыванак. Нам хочацца, каб у людзей, якія прыедуць у нашу краіну, засталося нешта цёплае на ўспамін аб паездцы. Такія ж майкі мы рыхтуем для сям'і Алы Пугачовай, якая вяртаецца сюды праз 15 гадоў. Менавіта тады на «Славянскім базары» Ала Барысаўна пазнаёмілася з Максімам Галкіным. Таксама для спявачкі ў нас будзе асаблівы падарунак — генеалагічнае дрэва яе роду. Ён у часы царскай Расіі пачаўся з Магілёўскай губерні. Таксама ў нацыянальным стылі будзе і ўніформа для ўсёй маёй каманды.

— Перад адборам на «Славянскі базар» у вас быў фінал нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне». Калі параўнаць два гэтыя перыяды, то які з іх патрабуе больш высілкаў?

— Усюды неабходна напоўніцу выкладвацца, і ты адчуваеш вялікую адказнасць. Але з-за таго, што конкурсы адрозніваюцца, то і фарматы падрыхтоўкі зусім не падобныя. У любым выпадку патрабуецца грунтоўная праца над сабой. «Еўрабачанне» — гэта, перш за ўсё, падрыхтоўка канкрэтнай песні, плюс думаеш над нумарам, сцэнаграфіяй. А «Славянскі базар» — конкурс вакалістаў, і там ужо зусім іншыя акцэнты. Выбраць трэба тры творы, і пажадана, каб усе яны былі разнапланавымі, бо тады ёсць больш магчымасцяў паказаць сябе.

Напрыклад, сёлета, выбіраючы кампазіцыю на беларускай мове, мы аб'явілі конкурс, у рамках якога кожны мог прапанаваць сваю кампазіцыю. Атрымалі 72 пасланні з песнямі пра каханне, пра любоў да роднай зямлі.

Аказваецца, у нас вельмі многія ў вольны час займаюцца музыкай. Нам здалася цікавай прапанова Таццяны Каваленкі з Гомеля, якая згадала пра кампазіцыю «Ой, дожджык ідзе». Спадабалася, што гэты матэрыял мала дзе гучаў. І мы вырашылі зрабіць сваю інтэрпрэтацыю. Падключылі да напісання аранжыроўкі Максіма Пугачова, потым запісалі жывыя інструменты, а вось у выкананні спрабавалі максімальна захаваць першапачатковую форму. Потым знайшлі песню Пятра Ялфімава «Я хачу» і пачалі працаваць над ёй. А замежным хітом будзе «Іts my lіfe» Бон Джові.

Най­леп­шая маг­чы­масць  па­ка­заць ся­бе  для ар­тыс­та —  гэ­та сцэ­на.

— Успамінаю вашу сёлетнюю відэавізітоўку на «Еўрабачанне», дзе вы прадстаяце ў вобразе каваля, якому пакараецца і метал, і агонь. Вас гэта характарызуе як артыста?

— Мне складана ацэньваць самога сябе. Але здаецца, што я ўпарты і працавіты чалавек. І цалкам згодны з думкай, што артыст павінен быць кавалём свайго шчасця.

— Падчас нашага першага інтэрв'ю тры гады таму вы ўспаміналі, што свае першыя апладысменты зарабілі на ўроку літаратуры. Як з той пары складваюцца вашы ўзаемаадносіны з кнігамі?

— Часу чытаць цяпер, на жаль, няма. І ўвогуле жаданне ўзяць у рукі тую ці іншую кнігу ў мяне ўзнікае спантанна. Бо часцей усё ж ты вяртаешся дадому з чарговага канцэрта і марыш элементарна паспаць... Але ў свой час я пяць разоў перачытваў раман «Дванаццаць крэслаў». Таксама люблю іншым разам прачытаць нейкі твор, каб параўнаць яго з фільмам. Так, напрыклад, было, калі мне падарылі кнігу «Байцоўскі клуб».

Пос­пе­хаў на «Сла­вян­скім ба­за­ры»  Аляк­сею па­жа­да­ла пры су­стрэ­чы спя­вач­ка Ані Ло­рак.

— Ваш малодшы брат таксама цікавіцца музыкай. Наколькі часта тэма творчасці прысутнічае ў вашых размовах?

— Яны ў нашай сям'і вядуцца пастаянна, яшчэ з самага дзяцінства. Таму лагічна, што мой брат, як і я, вырашыў прафесійна займацца музыкай. Сёлета ён плануе паступаць у каледж імя Глінкі, дзе хоча вучыцца па класе «Эстрадна-джазавае фартапіяна». Часам тэлефануе мне, каб параіцца. Нядаўна нават напісаў першую аранжыроўку да песні Рэя Чарльза «A Song for You», яе я планаваў выконваць на конкурсе ў Віцебску. Мой брат вельмі адказны і працавіты, і гэта пераконвае мяне ў тым, што ён абавязкова даб'ецца сваёй мэты. Што тычыцца маёй творчасці, то бывае, яго парады мне дапамагаюць. А месцамі можа нават і пакрытыкаваць мяне. Мы ў прынцыпе ўсёй сям'ёй абмяркоўваем нейкія моманты майго творчага жыцця, любім іграць разам, калі сустракаемся. Напрыклад, бацька, ён у мінулым таксама музыкант, год таму на дзень нараджэння падарыў мне гітару. Цяпер я вучуся іграць на гэтым інструменце, а пры сустрэчы мы можам і нейкую вакальна-інструментальную імправізацыю зладзіць.

— Дарэчы, што тычыцца падарункаў, то чым у гэтым плане здзіўляюць вас прыхільнікі?

— У мяне два сабакі, аднаго з якіх мне падарыла паклонніца.

Я адказны чалавек і спачатку, перажываючы, што не змагу належным чынам клапаціцца пра новага сябра, думаў ёрка перадарыць некаму. А потым прывык і пачаў называць яго Гросікам-малодшым.

А ўвогуле падарункі бываюць самыя розныя. Хтосьці дасылае свае песні, іншыя — вершы. Дзяўчаты перыядычна прапануюць сустрэцца і пасябраваць. Але ж у мяне зусім няма на гэта часу...

— А бацькі не намякаюць пра ўнукаў?

— Бацька і маці разумеюць, што я выбраў такі шлях, дзе спачатку мне хочацца нечага дасягнуць, а потым ужо думаць пра астатняе... Вось атрымаю Грэмі (смяецца), і калі з'явіцца жаданне змяніць прыярытэты, то буду дзейнічаць у гэтым напрамку.

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.