Вы тут

Філалогія і дэмагогія


Фельетон

У невялiкiм пакойчыку суда заслухоўвалася справа аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi па артыкуле «Паклёп». Спачатку суддзя зачытаў уступнае слова, асаблiвасцi справы. Затым прапанаваў выступiць пацярпелай Кулiковай.

— Добры дзень, мяне завуць Зiнаiда Пятроўна. Я фiлолаг, — з гонарам у голасе пачала яна даваць паказаннi. — Мы з сястрой Анжэлай жывём па суседстве ў прыватным сектары недалёка ад Мiнска. Вечарам дваццатага мая я нiяк не магла выбраць кнiгу. Душа мiтусiлася памiж эпiсталярнай спадчынай Дастаеўскага i творчасцю паэтаў Мадагаскара. Тут прыбягае мой сын Жэня, усхваляваны i напалоханы. Аказваецца, Анжэла абразiла хлопчыка, i цяпер ён стаiць на парозе анарэксii, цураецца аднагодкаў. Мне няёмка казаць, але яна параўнала маю крывiнку з чартапалохам. Як вядома, у «Слоўнiку сiмвалаў» Джэка Трэсiдара гэтая раслiна згадваецца як эмблема пакутнiцтва. Атрымлiваецца, што сын — пакаранне для мяне?

Суддзя здзiўлена лыпаў вачыма i нiчога не разумеў. Ён, праўда, заўсёды падазраваў, што ёсць асаблiвы вiд логiкi — суб'ектыўная, якая iснуе толькi ва ўяўленнi яе ўладальнiка. Але зараз на прыкладзе Кулiковай упэўнiўся ў гэтай думцы. А Зiнаiда Пятроўна працягвала сваю прамову:

— Акрамя таго, сястра параўнала майго сына з малпай. Гэта сiмвал заганы i злачынных намераў! А майму Жэньку толькi дванаццаць гадоў! — Кулiкова лiхаманкава перабiрала раздрукаваныя старонкi. — Яшчэ Анжэла сказала, што мой сын — свiння! Яна ж асацыюецца з тыранiяй! Вы толькi падумайце, якая абраза!

Зiнаiда Пятроўна з горда ўзнятай галавой скончыла сваё выступленне i ўселася на месца. Далей слова далi Анжэле. Тая паднялася i, сарамлiва гледзячы ў падлогу, пачала апраўдвацца:

— Паважаны суддзя, я сказала Жэнi, што ён учэплiвы, як лопух, i адмовiлася даваць грошы, якiя падлетак забягае прасiць у мяне па некалькi разоў на тыдзень. Мне, вядома, не шкада, але ж пляменнiк у нейкi момант пачаў успрымаць гэта як належнае, нават не дзякаваў. Вось я i сказала, каб ён перастаў паводзiць сябе па-свiнску. Жэня ж у адказ пачаў крыўляцца. У мяне i вырвалася, што ён паводзiць сябе, як малпа.

Кулiкова закруцiлася на сваiм месцы. З аднаго боку, яна абуралася, што сын перастаў выглядаць ахвярай цёткi, а з другога — радавалася, бо яе словы пацвярджалiся. Калi Анжэла села на месца, то Зiнаiда Пятроўна iмгненна падхапiлася i выкрыкнула:

— Звярнiце ўвагу, таварыш суддзя, мая сястра яшчэ параўнала Жэню з клоўнам. А яны ўвасабляюць чалавечыя няўдачы, паказваюць, як сур'ёзнасць пераўтвараецца ў фарс. Тым самым мая сястра намякнула, што я пацярпела няўдачу ў выхаваннi сына! Вы ўяўляеце адчуваннi Жэнi, калi ён чуў такiя несправядлiвыя абразы?

— Я не гэта мела на ўвазе, Зiна! Чаго ты да слоў чапляешся? Мы ж дзве крывiнкi, а тут на пустым месцы... — ледзь не плачучы, казала Анжэла.

У пакойчыку загаманiлi прысутныя, суддзi спатрэбiлася некалькi хвiлiн, каб усталяваць цiшыню.

Далей былi выступленнi сведак, якiя блыталiся ў паказаннях. Шматлiкiя выпады Кулiковай, калi ход працэсу не адпавядаў яе ўяўленням пра справядлiвасць. I стомлены позiрк суддзi, якi яшчэ раз пераканаўся, што няма межаў чалавечай дурасцi...

Алена КЕДА

г. Мiнск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.