Вы тут

У Александрыі адсвяткавалі Купалле


На Купальскім свяце ў Александрыі адчувалася, як шмат звязвае нас з брацкімі народамі.

Нават праліўныя ліўні і навальніцы, якія ў мінулыя выхадныя пракаціліся амаль па ўсёй краіне, не прымусілі прыхільнікаў свята застацца дома. Той, хто не спужаўся непагадзі, ні кроплі потым не пашкадаваў. Бо Купалле атрымалася настолькі душэўным і цёплым, што гэта адчувалася нават фізічна. Беларусы, рускія, украінцы, літоўцы — святкавалі сапраўднае свята сяброўства і не пераставалі здзіўляцца, як шмат у іх агульнага. Пра гэта казаў з галоўнай купальскай сцэны і Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.


Нацыянальны характар

— Сакрэт міралюбнасці беларусаў — у беражлівым захоўванні скарбаў мінулага, — падкрэсліў кіраўнік нашай дзяржавы. — Паважаць не толькі сваю культуру, але і творчыя дасягненні іншых народаў — гэта рыса беларускага нацыянальнага характару. Думаю, у гэтым сакрэт міралюбнасці і ўзаемаразумення, якімі славяцца беларусы. За кароткі тэрмін сціплая сустрэча землякоў на беразе Дняпра паступова ператварылася ў маштабны фестываль народнай культуры.

«Сёлета да нас далучыліся прадстаўнікі суседняй Літвы, дзе ў канцы чэрвеня адзначаюць Янаў дзень. Спадзяюся, цяперашні прыезд літоўскіх гасцей пакладзе пачатак новай традыцыі — запрашаць на наша свята прадстаўнікоў іншых краін, у якіх ёсць сваё Купалле. Гэта стане ўкладам Беларусі ў захаванне творчай разнастайнасці народаў планеты, умацаванне дружбы паміж народамі. Папулярнасць фестывалю ў Александрыі год ад году расце, мы павінны зрабіць усё, каб гэтае свята з кожным годам было ярчэй і ярчэй», — дадаў Прэзідэнт.

Пра адсутнасць межаў паміж культурамі, думкамі і адносінамі розных народаў сведчыла ўсё. Вялікі Александрыйскі карагод сяброў  аб'яднаў прадстаўнікоў 4 нацыянальнасцяў. На купальскі кірмаш прыехалі майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці са Смаленскай, Калужскай, Ліпецкай, Чарнігаўскай, Івана-Франкоўскай, іншых абласцей Расіі і Украіны, а таксама Літвы. Вышыванкі, купальскія вянкі, нават песні мелі шмат чаго агульнага. «Расія побач, Літва — направа, а Украіна — злева за ракой», — неслася з дынамікаў.

Павіншаваць удзельнікаў і гасцей свята прыехалі намеснікі прэм'ер-міністра Беларусі Наталля Качанава (яна ж старшыня аргкамітэта свята) і Міхаіл Русы, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі, міністр культуры Барыс Святлоў і міністр інфармацыі Лілія Ананіч, міністр гандлю Уладзімір Калтовіч, памочнік Прэзідэнта, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі Леанід Марыніч.

— Сёння гэта свята можна параўнаць з паўнаводнай ракой Днепр, якая аб'ядноўвае ўсё больш людзей вакол сябе, — адзначыў у сваёй прамове кіраўнік вобласці Уладзімір Даманеўскі.

— Чарговы раз александрыйская зямля прымае яркае, знакавае свята Купалле, якое стала нацыянальным здабыткам. Тут сустракаюцца людзі розных пакаленняў, краін, нацыянальнасцяў. У кожнага ёсць магчымасць падзяліцца сваёй творчасцю, вопытам, дакрануцца да вытокаў культуры, якая аб'ядноўвае нашы славянскія народы. Дзякуючы дзяржаўнай палітыцы, якая праводзіцца пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі, гэта свята стала нацыянальным культурным сімвалам, які накіраваны на развіццё і захаванне нашых традыцый і культуры. Вельмі важна, каб яны перадаваліся маладому пакаленню. Толькі пры гэтай умове мы зможам упэўнена глядзець у будучае, — гэтымі словамі Наталля Качанава на правах гаспадыні аб'явіла адкрыццё свята.

За паўгадзіны да гэтага намеснік прэм'ер-міністра, з якой мы сутыкнуліся на парозе Александрыйскай школы, прызналася: ехала і перажывала, што дождж усё сапсуе. Прыехала, а тут сонейка. І столькі прыгожых шчаслівых твараў. Нават надвор'е нам спрыяе.

На свяце ўпершыню прымаў гасцей «Друкарскі двор» з кніжнай прадукцыяй  і дэманстрацыяй працэсу кнігадрукавання.

Свята пачынаецца... са школы

Александрыйская школа — мясцовая славутасць, якую наведвальнікі тутэйшых мясцін імкнуцца пабачыць у першую чаргу. Побач з сучасным двухпавярховым будынкам знаходзіцца аднапавярховы драўляны. Тут калісьці сядзеў за партай кіраўнік нашай краіны. У будынку школы ёсць некалькі музейных пакояў, адзін з якіх цалкам прысвечаны Аляксандру Лукашэнку. Анатоль Казлоўскі, дырэктар школы, кажа, што падчас Купалля толькі за адну гадзіну з экспанатамі знаёмілася каля 40 чалавек. У музеі 6 экспазіцый, якія адлюстроўваюць усю гісторыю гэтага краю. Самы каштоўны экспанат — пячатка Аляксандра Хаткевіча, заснавальніка вёскі.

На час Купалля Александрыйская школа становіцца не толькі месцам паломніцтва турыстаў, але і добрай базай для падрыхтоўкі артыстаў да канцэрта. Ад яе да месца падзей усяго некалькі сот метраў. Сёлета ў школе рыхтавалі грымёрку для Таісіі Павалій. У мінулыя гады тут прыводзіла сябе ў парадак Вера Брэжнева.

Ад бразготкі да махотачкі

Ад той колькасці самабытнага і аўтэнтычнага, што было прадстаўлена на фэсце, вочы разбягаліся.

— Мы прывезлі на свята цацкі, кераміку, карціны, вышыўку, — рэкламавала сябе і сваіх калег народная майстрыха з Хмяльніцкай вобласці Украіны Галіна Шуміла.

Галіна з мужам займаюцца адраджэннем старадаўніх яварыўскіх цацак у выглядзе птушачак, конікаў, зайчыкаў, куранятак, робяць свістулькі і ляскоткі, якія сваімі гукамі адганяюць злых духаў. У Беларусі Галіна ўпершыню, хаця са сваімі вырабамі ўжо аб'ехала ўсю Украіну і Польшчу. Вельмі хацела б пабываць на Славянскім базары ў Віцебску. Сёлета ёй не пашчасціла. Ахвотных трапіць на фестываль у Віцебску зашмат, трэба было падаваць заяўку за некалькі месяцаў. Але Галіна спадзяецца, што ёй пашчасціць у наступным годзе. Ёй ёсць што паказаць. У яе калекцыі шмат цацак, якія зараз не прадаюцца. «Яны сонечныя, прыгожыя, без хіміі і лакаў», — запэўнівае майстрыха.

Майстар па ганчарным мастацтве Пётр Касмакоў з горада Лебядзянь Ліпецкай вобласці Расіі таксама ўпершыню на Купаллі ў Александрыі.

— У тутэйшага свята ёсць нешта агульнае з нашымі, але тут крыху незвычайная абстаноўка — больш памяркоўная, — прызнаўся ён. — І праграма фестывалю цікавая. Наогул, я вельмі крануты цёплым прыёмам і гасціннасцю беларусаў.

Майстар займаецца вырабам прадметаў быту па старадаўніх тэхналогіях. Свае збанкі і гладышы ён параўноўвае з людзьмі. Гаршчочак па–ягонаму мае мужчынскі пачатак, там гатуецца каша, мяса. А калі махотачку ўзяць (або па нашаму гладыш), у яе жаночыя формы — вузкая талія, шырокія сцёгны. Майстар бярэ ў рукі свістульку ў выглядзе парсюка. «У носік дзьмеш, пузіка чэшаш, ён песеньку спявае», — усміхаецца ён. А пра невялічкія ладанкі кажа, што яны прыносяць шчасце.

Бард-рыбалка як частка Купалля

Купалле — мультыкультурная падзея, і на ім былі прадстаўлены шматлікія фестывалі, якімі багаты Магілёўскі рэгіён. Адным з арганізатараў пляцоўкі «Маладзёжная» стаў Сяргей Кулягін, які прадстаўляў міжнароднае музычна-спартыўнае свята Вялікая бард-рыбалка. Яно, дарэчы, адбудзецца зусім хутка, у апошнія выхадныя ліпеня. Прыхільнікі песень пад гітару і пасядзелак каля вогнішча разбілі міні-турыстычны лагер, арганізавалі мабільную лазню. Яшчэ адна, перасовачная, — эксперыментальны варыянт якой зроблены ў Шклове на шасі ЗІЛа, працавала побач. За 20 новых рублёў можна было ад душы папарыцца і памыцца.

Наогул, Александрыйскае свята было багата на розныя конкурсы, прэзентацыі, майстар-класы. Была магчымасць паглядзець на ўзоры лепшых дасягненняў у галіне жывёлагадоўлі і раслінаводства. Шмат уражанняў выклікалі паказальныя выступленні коннаспартыўнай школы і дэманстрацыйныя палёты самалётаў ДТСААФ.

Галоўнай падзеяй першага дня двухдзённага свята стаў вялікі гала-канцэрт «Купальская казка», на якім прысутнічаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Пасля феерычнага шоу неба над Александрыяй расквеціў шыкоўны феерверк і далёка ўгару ўзнялося полымя самага вялікага купальскага вогнішча. А хвалі Дняпра яшчэ доўга потым неслі гукі купальскага свята разам са святочнымі вянкамі на шмат кіламетраў па цячэнні.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Моцныя каранямі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.