18 Верасень, аўторак

Вы тут

Умовы карыстання сямейным капіталам не зменяцца


А заробкі бюджэтнікам неўзабаве будуць налічваць па-іншаму.

Акцыя «Дзень з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны» праводзіцца з 2012 года. За гэты час прававую дапамогу ў рамках мерапрыемства атрымалі больш за тысячу грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Днямі спецыялісты ведамства наведалі Слуцк. «Звязда» далучылася да «выязной прыёмнай» міністэрства і сабрала адказы на самыя актуальныя пытанні.


Траціць капітал толькі праз 18 гадоў

На сустрэчы ў райвыканкаме случане дзяліліся надзённым. Старшыню раённага аб'яднання прафсаюзаў Алу Русак хвалявала, ці ўдалося нарэшце спыніць апераджальны рост заробкаў над прадукцыйнасцю працы.

— На жаль, да 2014 года суадносіны павелічэння прадукцыйнасці і ўзроўню аплаты працы складалі 0,98. Грошы зарабляліся, але дзейнасць прадпрыемстваў пры гэтым не была эфектыўнай. Пасля прыняцця пастановы №744 на 2015 год мы ўжо атрымалі каэфіцыент 1,03. І ў сёлетнім паўгоддзі ў нас станоўчая дынаміка — каэфіцыент 1,08. Можа, яшчэ і раней трэба было прымаць такую пастанову, бо эфект ёсць, і мы ў лічбах гэта бачым, — пракаментаваў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ.

Кіраўнік аддзела ЖКГ Слуцкага райвыканкама Людміла Папчэня хацела даведацца, ці будуць зменены ўмовы карыстання мацярынскім капіталам. «Сёлета ў Слуцку будуецца шматкватэрны жылы дом па дзяржаўным заказе. Як правіла, кожная шматдзетная сям'я, якой мы прапануем пакупку кватэры, цікавіцца магчымасцю разлічыцца за кошт сямейнага капіталу», — тлумачыць актуальнасць гэтага пытання спецыяліст.

— Шчыра скажу, што змена тэрмінаў выкарыстання сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў шматдзетных сем'яў не разглядаецца. Капітал увялі, каб бацькі маглі ў будучыні патраціць грошы на дзяцей, напрыклад на іх адукацыю, а не цяпер на саміх сябе.

Таму мы не бачым неабходнасці павялічваць пералік кірункаў, на якія можна выкарыстоўваць гэтыя сродкі датэрмінова, — лічыць першы намеснік міністра.

Усё ў руках наймальніка

Размова ішла і пра аплату працы ў бюджэтным сектары. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступнае пяцігоддзе прадугледжвае ўтрымліваць заробкі работнікаў дзяржустаноў не ніжэйшымі за 80 працэнтаў да сярэдняга заробку па краіне. Ці ўдасца выканаць гэты паказчык?

— Сёлета ў нас суадносіны — амаль 79 працэнтаў. І з года ў год плануем павышаць планку. На 2017-ты, напрыклад, атрымаць 82 працэнты, а да 2020 года давесці да 88 працэнтаў, — акрэсліў перспектыву Андрэй Лабовіч.

Пры гэтым, адзначыў першы намеснік міністра, педагогі атрымліваюць больш, чым асноўная частка бюджэтнікаў. Заробкі выкладчыкаў складаюць каля 90 працэнтаў да сярэдняга заробку па краіне. Гэтай катэгорыі, як і медыкам, апошнім часам надавалася дастаткова шмат увагі. Устаноўлены розныя даплаты і надбаўкі, каб падняць прэстыж прафесій настаўніка і ўрача.

Цяпер міністэрства рыхтуе рэформу аплаты працы ў бюджэтным сектары. Праект указа ўжо разасланы іншым рэспубліканскім органам на ўзгадненне. «Калі ёсць стаўка першага разраду, каэфіцыенты, аклад, а да яго яшчэ 5-10 стымулюючых і кампенсавальных выплат, то ў кіраўніка галава кругам ідзе. Часам маладым спецыялістам, якія прыходзяць на месцы бухгалтараў, патрэбна паўгода, каб зразумець, каму, за што і колькі налічыць», — тлумачаць неабходнасць змен у міністэрстве.

Па-першае, рэформа будзе мець на ўвазе спрашчэнне парадку разліку заработнай платы. Па-другое, дасць большую магчымасць кіраўнікам самім вызначаць памеры стымулюючых і кампенсавальных выплат персаналу. Так, будзе нейкая тарыфная частка, якую работнік атрымае ў любым выпадку, але за кошт дадатковых выплат наймальнік сам адзначыць рублём тых, хто працуе лепш.

— Вы павінны разумець, што ніякага зніжэння заробку пры ўкараненні гэтай сістэмы не адбудзецца. Мы ўсё пралічваем, — запэўніў Андрэй Лабовіч.

Службы занятасці каледжам не канкурэнты

Праблемы ўзгаднення рынку працы і рынку адукацыйных паслуг спецыялісты міністэрства абмеркавалі разам з кіраўнікамі навучальных устаноў Случчыны. У ведамстве разумеюць: той дзяржаўны заказ, які ёсць сёння, свае функцыі не выконвае. Трэба яго пераглядаць.

— Як гэта вырашаецца ў Заходняй Еўропе? Пастаянна апытваюцца наймальнікі: што будзе ў іх у наступным годзе, праз пяць гадоў. Мы спрабавалі даведацца пра план развіцця на нашых прадпрыемствах, але яны даволі закрытыя. Беларускія наймальнікі не дзеляцца інфармацыяй, кажуць, гэта камерцыйная тайна, — заўважаюць у міністэрстве.

А пакуль ведамства праводзіць двойчы на год маніторынг попыту і прапановы на рынку. Гэтыя звесткі выкарыстоўваюцца ў тым ліку і для таго, каб скарэктаваць набор у адукацыйныя ўстановы.

Дырэктар Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Сяргей Шыловіч акрэслівае яшчэ адну праблему: выпускнікі школ сёння не хочуць паступаць у каледжы, бо атрымаць прафесію могуць за пару месяцаў на курсах пры цэнтрах занятасці.

Тым больш адпрацоўкі па размеркаванні пасля іх няма. Пры гэтым не запоўнены бюджэтныя месцы ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

У міністэрстве тлумачаць: іх задача — дапамагчы беспрацоўнаму знайсці работу, няважна, выпускнік ён ці не. Але службы занятасці не спрабуюць быць канкурэнтамі сістэме адукацыі. Падлеткаў да апошняга арыентуюць ісці па дыплом у каледж ці ВНУ.

Ёсць складанасці і з уладкаваннем выпускнікоў з інваліднасцю. «Яны хочуць працаваць, хочуць вучыцца. Але гэтых дзяцей не гатовы браць на работу, хоць у іх ёсць спецыяльнасць: мы рыхтуем будаўнікоў, агароднікаў. Так мы прыйдзем да таго, што ўсе навучальныя ўстановы адмовяцца ад набору такіх дзяцей, бо іх немагчыма ўладкаваць», — дзеліцца набалелым Сяргей Шыловіч.

— Тут ёсць праблема, — згодны спецыялісты ведамства. — Цяпер разглядаецца пытанне аб тым, каб студэнтам з інваліднасцю браніраваць працоўныя месцы. Да 2006 года, дарэчы, так і было. Хутчэй за ўсё, мы вернемся да гэтай сістэмы; магчыма, у наступным годзе.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Мінск — Слуцк — Мінск

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.

Эканоміка

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ад спантаннай пакупкі са «зніжкай па-беларуску» можна не толькі не атрымаць якой-небудзь эканоміі, але і пераплаціць за яе.

Культура

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

Выстаўка адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Грамадства

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

З Літвой у нас агульнае гістарычнае мінулае, і зараз яна – наша бліжэйшая суседка ў Еўрасаюзе.