Вы тут

Цікавыя фільмы на беларускім тэлебачанні



Што: містычная драма «Дзікае паляванне караля Стаха»

Калі і дзе: «Беларусь 3», 25 ліпеня, 21.57.

Фільм Валерыя Рубінчыка паводле аднайменнай аповесці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча — адзін з першых і, бадай, адзін з лепшых савецкіх містычных трылераў, дзе шчыльна перапляліся і жахлівая готыка, і глыбокая драма, і дэтэктыў.

— Канец ХІХ стагоддзя. Малады этнограф Андрэй Беларэцкі прыбывае ў маёнтак Балотныя Яліны ў беларускім Палессі, каб вывучыць мясцовыя легенды і паданні. Толькі хто ж ведаў, што прывіды даўно мінулых дзён не проста жывыя, а страшныя і, больш за тое, смяротна небяспечныя?.. Зрэшты, пераказваць змест гіпнатычнага «Дзікага палявання...» — справа бессэнсоўная і няўдзячная, яго трэба адзін раз убачыць. Лепш пасадзіце перад экранам тых, хто аповесць ніколі не чытаў і наогул лічыць беларускую літаратуру несучаснай і нецікавай. Іх чакае як мінімум культурны шок, а ў перспектыве — нырэц з галавой у сусвет літаратуры, бо «Дзікае паляванне караля Стаха» — адзін з тых фільмаў, пасля прагляду якіх людзі пачынаюць чытаць.


Што: драма «Рам і Лакхан»

Калі і дзе: «МІР», 27 ліпеня, 6.20 і 23.45

Не запамінайце імёнаў акцёраў, якія зняліся ў гэтым музычна-драматычным прыгодніцкім баевіку (калі толькі вы не сапраўдны фанат індыйскага кіно). Аднак не — на адно імя ўсё ж звярніце ўвагу. Амрыш Лал Пуры — не толькі адзін з самых вядомых акцёраў індыйскага кінематографа (ён здымаўся больш як 30 гадоў і сыграў, паводле розных крыніц, прыкладна ў 350-400 фільмах!), але і адзін з галоўных «ліхадзеяў» Балівуда.

Два браты, Рам і Лакхан (добра сыграны ў некалькіх стужках дуэт Джэкі Шроф — Аніл Капур), якіх разам з маці-ўдавой нягоднікі са стану наркамафіі пазбавілі роднага дома, праз 20 гадоў нечакана сталі паліцэйскімі і, так бы мовіць, сумясцілі карыснае з прыемным — высакародную справу лоўлі злачынцаў і цалкам зразумелае жаданне адпомсціць. І што б вы думалі, спадарства — дабро ў асобах двух братоў усё ж пазбегла ўсіх расстаўленых зламыснікамі пастак і перамагло, як водзіцца, з песнямі і танцамі, абдымкамі сваякоў ды іншымі абавязковымі атрыбутамі старога добрага індыйскага кіно.


Што: трылер «Скура, у якой я жыву»

Калі і дзе: «ТБ-3», 29 ліпеня, 0.30

Кінастужка славутага іспанскага рэжысёра Педра Альмадовара — гэта фантастычная экранізацыя бульварнай аповесці жахаў (уявіце сабе, у кіно такое бывае). Сусветна вядомы хірург Робет Ледгард вынаходзіць спосаб стварэння штучнай чалавечай скуры. Ён эксперыментуе, як лічаць калегі, на мышах, але насамрэч у маёнтку хірурга ў якасці аб'екта эксперыментаў таемна ўтрымліваецца маладая жанчына Вера... Паглядзець да канца гэту жахлівую гісторыю пра генія-псіхапата ад пластычнай хірургіі варта не толькі дзякуючы акцёрскаму тандэму магнетычнага Антоніа Бандэраса і прыгажуні Алены Аная, але і дзеля таго, каб зразумець, дзе заканчваецца наш вонкавы ахоўны бар'ер і пачынаецца чалавечае «я».


 

Загаловак у газеце: Ад Беларусі да Індыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.