Вы тут

Літаратурны музей Максіма Багдановіча заснаваны ў Мінску 35 гадоў таму


35 гадоў таму, 23 ліпеня 1981 года, у Мінску рашэннем Мінскага гарвыканкама заснаваны Літаратурны музей Максіма Багдановіча.


Фота: museums.by

Адкрыты для наведвальнікаў 8 снежня 1991 года да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта Максіма Адамавіча Багдановіча. Размяшчаецца ў будынку Траецкага прадмесця - помніка гарадской архітэктуры XIX стагоддзя.

Музей з'яўляецца цэнтрам збору, захоўвання, вывучэння, папулярызацыі творчай спадчыны класіка беларускай літаратуры. Экспазіцыя сінтэзуе жыццёвы шлях Максіма Багдановіча і яго духоўны свет. Унутранае ўбранне музея выканана ў стылі "мадэрн". Элементы гэтага мастацкага напрамку канца XIX - пачатку ХХ стагоддзя прысутнічаюць у афармленні столі, рамак у экспазіцыйных нішах, у складаным пластычным рысунку вырабаў з саломкі, у рытмічным чаргаванні модуляў мэблевых канструкцый і вітражах.

Уся экспазіцыя пабудавана на глыбокім сімвалізме і адлюстроўвае пэўны перыяд жыцця паэта, цесна звязана з асобнай тэмай яго творчасці і пераклікаецца з цыкламі вершаў зборніка "Вянок".

Першая зала знаёміць з дзяцінствам і юнацтвам Максіма Багдановіча. Прадстаўленыя матэрыялы расказваюць пра бацькоў будучага паэта, яго продкаў, раскрываюць вытокі яго таленту і шматграннасць асобы.

Экспанаты 2-й залы адлюстроўваюць працэс станаўлення творчай індывідуальнасці Багдановіча: яго літаратурны дэбют у 1907 годзе ў беларускай газеце "Наша ніва" - апавяданне "Музыка". Кампазіцыйным ядром залы з'яўляецца своеасаблівы "іканастас" - у першым радзе 12 графічных партрэтаў дзеячаў беларускай культуры, у другім - фотапартрэты беларускіх пісьменнікаў канца XIX - пачатку XX стагоддзя.

Экспазіцыя 3-й залы прысвечана тэме росквіту творчага таленту Максіма Багдановіча. Дамінанты яе - паэтычны зборнік вершаў "Вянок" і экспанаты, з дапамогай якіх раскрываецца творчае крэда "песняра чыстае красы". Максім Багдановіч паўстае як таленавіты паэт, празаік, крытык, публіцыст і журналіст.

Зала "Мадонны" адрозніваецца ад іншых увядзеннем асаблівых прыёмаў падачы экспанатаў. Мадонна - адзін з цэнтральных вобразаў у творчасці Максіма Багдановіча.

Самая вялікая калекцыя музея - кнігі. Сярод іх 5 экзэмпляраў адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча "Вянок", кнігі кола чытання паэта, літаратура аб яго жыцці і творчасці, кнігі беларускіх паэтаў і празаікаў канца XIX - пачатку ХХ стагоддзя, пераклады і прысвячэнні. Значную калекцыю ўтвараюць рукапісы, у тым ліку рукапісны зборнік Багдановіча "Зеленя", аўтографы вершаў "Я вспоминаю дом старинный" і "Я, больной и бескрылый поэт...", а таксама ўспаміны пра паэта, рукапісы родных і знаёмых, аўтографы беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва.

У раздзеле аўдыявізуальных помнікаў сабрана каля 6 тыс. фатаздымкаў і негатываў Максіма Багдановіча, яго родных, знаёмых і сяброў, даследчыкаў яго творчасці, а таксама мясцін, звязаных з жыццём і імем паэта. Зберагаюцца ў фондах кінастужкі пра паэта, відэафільм, грампласцінкі, дыскі і запісы вершаў, песень і музычных кампазіцый на словы Багдановіча, магнітафонныя запісы ўрачыстых мерапрыемстваў і ўспамінаў.

Вобраз класіка беларускай літаратуры і тэмы яго творчасці натхнілі мастакоў на стварэнне шматлікіх твораў мастацтва. У фондах музея захоўваюцца карціны, скульптуры і графічныя творы. Больш за тысячу прадметаў этнаграфіі і побыту, мэблі, ткацтва, адзення даюць магчымасць ствараць экспазіцыі і выстаўкі, якія перадаюць умовы жыцця і побыту канца XIX - пачатку XX стагоддзя.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча мае два філіялы - "Беларуская хатка" ў Мінску і "Фальварак Ракуцёўшчына" ў вёсцы Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна.

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.