Дыхтоўнае выданне на 200 старонках прысвечана творчаму і жыццёваму шляху вядомых журналістаў вобласці, пра якіх на працягу 5 гадоў пісала ў сваім праекце «Прафесія — журналіст» абласная газета «Магілёўскія ведамасці». Ідэя аформіць каштоўны матэрыял у кнігу належыць галоўнаму рэдактару інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці» Святлане Шутавай. Ініцыятыву падтрымала галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.
— Кніга ўнікальная ўжо тым, што моладзь, якая сёння прыходзіць да нас працаваць, зможа даведацца, наколькі адданыя людзі служаць гэтай прафесіі, — кажа Святлана Шутава. — Нашы калегі, прозвішча якіх мы чытаем пад матэрыяламі тых ці іншых выданняў, тут самі расказваюць пра сябе. Уладзімір Капуза, акрамя таго, што ён рэдактар абласной сельскагаспадарчай газеты «Зямля і людзі», а ў былым радыйшчык, яшчэ і выдатны лірычны паэт. Тут жа ёсць інтэрв'ю з Рыгорам Кісялём, які быў першым рэдактарам газеты «Магілёўскія ведамасці», а ў 1994 годзе ўзначаліў новаствораную нацыянальную дзяржтэлерадыёкампанію Беларусі.
Слова на старонках кнігі атрымалі 30 таленавітых газетчыкаў і радыйшчыкаў. Цяпер, калі скончылася эпоха праваднога радыё, асабліва цікава даведацца, чым яно жыло, пазнаёміцца з тымі, чыімі галасамі гаварыла. Гэта своеасаблівы дапаможнік для будучых журналістаў, бо лепшай базы для напісання курсавых і дыпломных пра журналістыку Магілёўшчыны не знайсці.
— Гэта вартае падвядзенне творчага праекта, які доўжыўся 5 гадоў, і наогул унікальнае выданне ў цэлым для краіны, — лічыць намеснік начальніка галоўнага упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алена ДЗІВАКОВА. — Журналісты пішуць гісторыю нашай Айчыны, але за рэпартажамі, тэле- і радыёсюжэтамі не відаць саміх аўтараў. Кніга дае добрую магчымасць даведацца пра іх жыццё. Гэты праект абавязкова трэба працягваць, бо таленавітых журналістаў на Магілёўшчыне значна больш.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.