Вы тут

З якімі праблемамі сутыкаюцца мамы-школьніцы?


«Бабуля глядзела ўнучку да абеда. Потым я прыходзіла са школы і сядзела з дзіцем, а яна ішла на работу». Ангеліне ЛАПЦЭВІЧ, якая расказвае гэту гісторыю, 17 гадоў. Прыгожая бландзінка жыве ў невялікай вёсцы Пухавіцкага раёна. Яе дачцэ Каралінцы хутка споўніцца два гады. Уся ў ружовым, з пухнатымі шчочкамі і светлымі валасамі, малая падобна на анёлка. Пакуль Караліна бавіць час у кампаніі плюшавых звяроў, мы з Ангелінай гутарым пра асабістае. З якімі праблемамі сутыкаюцца раннія мамы? І чаму асуджэнне — тупіковы шлях?


 «На плёткі не звяртала ўвагі»

З Каралінкіным татам Ангеліна пазнаёмілася па інтэрнеце. Збіралася з сяброўкай у санаторый, шукала водгукі пра яго, а Коля там ужо быў. Сталі перапісвацца, сябраваць. А пасля — бегаць на спатканні. На сустрэчы часта хадзілі пешшу: Коля жыў у суседняй вёсцы, за 12 кіламетраў.

Ангеліне было 14, калі яна зацяжарала. Будучаму тату — 17. «Усё неяк па-дзіцячы... Па сваёй, напэўна, наіўнасці», — іншага тлумачэння, чаму так адбылося, дзяўчына не знаходзіць.

Прызнаецца: першае, што адчула, — спалох.

— Трэба ж бацькам сказаць... Але мама з дзяцінства нас запэўнівала: «Калі што, я падтрымаю». Тлумачыла, што аборты нельга рабіць, тым больш пры першай цяжарнасці, што гэта небяспечна.

— Як твае бацькі адрэагавалі на навіну?

— Сказалі: «Нічога, падымем». Сварыцца не сталі, бо ўжо нельга было (усміхаецца).

— Хлопец застаўся з табой?

— У нас заўсёды былі трапяткія адносіны, таму аб расставанні размова не ішла. Ён з мамай рос, выхоўваў маленькую сястру, калі вучыўся ў школе...

Плёткі па вёсцы разышліся хутка. У вочы Ангеліне нічога не казалі — проста праводзілі позіркамі.

Дзяўчына старалася не ўдзяляць гэтаму шмат увагі: пагавораць і забудуць. Тым больш потым зацяжарала іншая школьніца, і вяскоўцы пераключыліся на новую гісторыю.

...Аднакласніцы — а дзяўчат да 11 класа засталося ўсяго пяць — ставіліся да наваспечанай мамы нармальна. Настаўнікі — па-рознаму. На ўроках Ангеліна была не кожны дзень: штосьці даводзілася прапускаць, бо яе мама не заўсёды магла сядзець з дзіцем. Але школу дзяўчына скончыла паспяхова — сярэдні бал у атэстаце вышэй за 9.

Самым складаным для Ангеліны быў пачатак цяжарнасці.

— Бяссонныя ночы, прывыкаеш да таго, што ты ўжо нясеш адказнасць за іншага чалавека. А потым... Дачка расце, з ёй менш клопатаў. Увогуле, у мяне мама — фельчар па прафесіі, таму з усімі пытаннямі звярталася да яе.

З Колем дзяўчына распісалася. Цяпер маладая сям'я жыве ў бацькоўскім доме, разам з бацькам, маці і малодшай сястрой Ангеліны. Хлопец працуе ў Мінску. Па вясковых мерках зарабляе нядрэнна.

Ангеліна сёлета паступіла ў эканамічны ўніверсітэт, на спецыяльнасць «Фінансы і крэдыт». «Хоць некаторыя кажуць, што эканамісты цяпер не запатрабаваныя, у нас у Мар'інай Горцы пастаянна вісяць аб'явы, што патрабуецца спецыяліст з вышэйшай адукацыяй».

Маладая мама выглядае шчаслівай.

— Каралінка ў нас любіміца, хоць і незапланаванае дзіця, — абдымае Ангеліна дачку. — А калі фінансавыя праблемы нейкія будуць — вырашым, сям'я ж вялікая...

Зразумець ролю дзяўчат як маці

«Сама яшчэ дзіця, а ўжо нарадзіла», «Думаць трэба было», «Куды бацькі глядзелі»... Школьніцы, якія становяцца мамамі, часта чуюць у свой адрас шмат негатыву. Але праз асуджэнне нічога не вырашыш, упэўнена каардынатар праектаў грамадскага аб'яднання «Здаровы выбар» Таццяна ПІМКОВА.

Са жніўня мінулага года Таццяна курыруе праект «Непаўналетнія і маладыя адзінокія мамы», які рэалізуецца пры падтрымцы шведскай арганізацыі «Форум Сюд», і хоча прыцягнуць увагу спецыялістаў і шырокай грамадскасці да гэтай тэмы.

— Мы не збіраемся трансляваць пазіцыю, што нараджаць у 16 гадоў — гэта добра. Але, калі так здарылася, трэба падтрымаць дзяўчат. Што тычыцца спецыялістаў, то ў сістэме абароны дзяцінства дакладна не прапісана, хто павінен аказваць дапамогу гэтай катэгорыі. Таму праз наш праект мы нейкім чынам уплываем на ўдасканаленне работы па падтрымцы юных мам.

У праекце (а ён разлічаны да снежня гэтага года) удзельнічае каля 30 дзяўчат з Пухавіцкага, Валожынскага і Мінскага раёнаў. Для іх арганізуюцца сустрэчы з юрыстамі, педыятрамі, псіхолагамі, сацыяльнымі работнікамі, касметолагамі. Усё, каб навучыць карысным навыкам і надаць упэўненасці. «Юныя мамы няўстойлівыя псіхалагічна, ім не хапае жыццёвага вопыту. Нават элементарных прававых ведаў, каб сабраць пакет дакументаў і аформіць дзіця ў дашкольную ўстанову», — тлумачыць неабходнасць такіх семінараў Таццяна Пімкова.

Сярод праблем, якія спецыяліст заўважыла ў мам-школьніц, — замкнёнасць (прычым часта ад грамадскасці іх закрываюць бацькі), боязь не справіцца з роляй маці. Дзяўчаты не ўпэўнены, што змогуць забяспечыць дзіцяці належны догляд і правільна яго выхаваць. У адносінах з мужам у школьніц праз няўменне кантактаваць з супрацьлеглым полам таксама ўзнікаюць канфлікты. Седзячы ўвесь дзень з дзіцем, яны пачынаюць раўнаваць хлопцаў аж да таго, што патрабуюць не хадзіць на работу і быць з імі дома.

Інтымныя пытанні без адказаў

Чаму дзяўчаты становяцца мамамі ў 15? Прычыны розныя. У кагосьці гэта асаблівасці сямейнай сітуацыі, напрыклад, ранняя цяжарнасць была ў бабулі ці ў мамы. Іншыя проста не мелі перад сабой належнай мадэлі сям'і: выпадкі, калі маці пастаянна мяняла сужыцеляў ці дзяўчына засталася сіратой.

— Важна сваім асабістым прыкладам паказваць, якой можа быць жанчына, — тлумачыць Таццяна. — Нават дзяўчынка трох гадоў спрабуе капіраваць маму: як яна апранаецца, фарбуецца. І гэта не проста гульня, усё нашмат больш глыбока і знаходзіць адлюстраванне потым у падлеткавым узросце.

Яшчэ адзін важны фактар — гэта адсутнасць палавога выхавання. У некаторых сям'ях тэма адносін мужчын і жанчын пад строгай забаронай. Бацькі часцяком саромеюцца размаўляць з дзецьмі на інтымныя пытанні, пра элементарныя фізіялагічныя змены, якія адбываюцца з хлопчыкам ці дзяўчынкай у падлеткавым узросце. Сыходзяць ад адказу, мяняюць тэму.

На думку спецыяліста, палавое выхаванне павінна давацца комплексна. Школе таксама варта падключацца да гэтай работы і праводзіць урокі, відэа-лекцыі, трэнінгі на тэму сацыяльных роляў дзяўчат і хлопцаў.

Факты

У Беларусі з тысячы непаўналетніх дзяўчат 45 становяцца мамамі. Амаль у кожнай пятай з іх (у 19 працэнтаў) цяжарнасць наступае ў выніку першага ў іх жыцці палавога акта.

У вялікіх сем'ях (з шасці і больш чалавек), у якіх ёсць прадстаўнікі старэйшага пакалення — бабулі і дзядулі, непаўналетнія маці сустракаюцца вельмі рэдка.

Юнымі мамамі часцей становяцца адзіныя ці старэйшыя дочкі. На долю самых малодшых прыпадае толькі 4,3 працэнта выпадкаў.

Непаўналетнія дзяўчаты з дзецьмі, як правіла, вучаніцы школ. Вельмі рэдка гэта студэнткі каледжаў ці ліцэяў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Мінск — Пухавіцкі раён — Мінск

Фота Ганны Волкавай

Загаловак у газеце: Калі мама — школьніца

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.