Вы тут

А ваша дзіця гатовае да школы?


Аддаць дзіця ў школу ці чакаць яшчэ год — часам бацькам даволі скаладана вырашыць гэтае пытанне. І справа нават не ў інтэлектуальным развіцці — з гэтым у сучасных дзяцей, як правіла, усё ў парадку. Хвалюе хутчэй: ці не надакучыць уся гэтая навука вашаму малому прыблізна дні праз тры, ці будзе ў стане ваш пястун і гарэза рабіць тое, што яму не вельмі хочацца, а трэба? Каб пазбавіцца ўласных трывог і аб'ектыўна ацаніць патэнцыйнага школьніка, можна прайсці тэсціраванне на падрыхтаванасць да школы ў псіхолага.


Калі шэсць гадоў вашаму дзіцяці ўжо ёсць, тэсціраванне можна прайсці ў любы час. Калі ж шосты дзень нараджэння малеча святкуе бліжэй да верасня, праводзіць тэсты раней чым увесну не мэтазгодна.

— Справа ў тым, што дыягностыка ўключае не толькі інтэлектуальнае развіццё, а яшчэ і развіццё адвольнай увагі, матывацыі, маторыкі рукі, якія ва ўзросце пяці гадоў могуць быць проста не сфарміраваныя, — расказвае дзіцячы і сямейны псіхолаг Святлана ДЗЯДОВА. — Шмат уменняў прыходзіць проста з узростам, а не таму, што дзіця вучылі-вучылі і нарэшце навучылі.

Вядома, найперш вызначаецца інтэлектуальная падрыхтаванасць дашкольніка: ці дастаткова развітая ў яго памяць, увага, працэсы мыслення. Пра сур'ёзныя адхіленні дзіцяці бацькі звычайна даведваюцца ў больш раннім узросце. Калі па выніках тэсту ўзровень крыху не дацягвае да нормы, то трэба займацца з малым і чакаць, калі падрасце. А вось як ставіцца да інфармацыі пра высокі інтэлектуальны ўзровень дзіцяці?

— З адоранасцю бывае такая «засада»: калі бачаць, што дзіця адоранае, яго пачынаюць пічкаць дадатковымі гурткамі, перагружаць, а псіхіка ўсё ж дзіцячая, і адораныя дзеці стамляюцца гэтаксама, як усе іншыя,— папярэджвае Святлана. — Тут важна даваць ім больш якасны матэрыял, чым браць колькасцю. Гэта мусяць быць заданні, дзе дзеці даследуюць, вырашаюць праблемныя задачы, дзе ім не даюцца гатовыя адказы. І памятайце, што далёка не ўсе адораныя дзеці бываюць выдатнікамі.

Добра выяўляецца на тэсціраванні матываванасць дзіцяці.

— Матывацыя бывае розная. Найбольш непрыдатная — гульнявая, калі дзеці ідуць у школу, цягнучы ў партфелях свае цацкі. Можа быць матывацыя знешняя: мама сказала, што трэба ісці ў школу, значыць, мы ідзём. Ёсць такая матывацыя, калі дзіцяці хочацца пасталець, мець свой партфельчык, пісьмовы стол. Яна не на доўгі час, але, каб пайсці ў першы клас, ужо дастаткова. Потым ужо ў школе фарміруецца вучэбная матывацыя: мне цікава вучыцца. Але ў ёй таксама ёсць невялічкі «мінус» — цікава вучыцца, але як толькі нецікава, то я ўжо не вучуся. Таму найлепшай з'яўляецца сацыяльная матывацыя — навучанне ў школе дапаможа яму стаць тым, кім ён захоча.

Не менш важная і камунікатыўная развітасць дашкольніка. Наколькі дзіця можа падтрымліваць вучэбныя і пазавучэбныя стасункі з іншымі, вызначаюць не тэсты, а самі бацькі. Звярніце ўвагу, ці можа ваша дзіця без праблем запытацца пра нешта ў дарослага, высветліць пытанне, не звязанае з гульнёй, у аднагодка, штосьці пазычыць. Калі з гэтым праблем няма, яно гатовае да школы.

Правяраецца з дапамогай тэстаў і зрокава-маторная каардынацыя: здольнасць дзіцяці бачыць, што напісана альбо намалявана, і ўменне гэта сваёй рукой паўтарыць. Бацькі могуць папрасіць намаляваць дакладна такую ж кветку, як на малюнку, і зразумець, ці добра дзіцё суадносіць тое, што бачыць, і тое, што піша.

— Адзін з самых важных паказчыкаў — ці ў стане дзіця зрабіць тое, што не вельмі хочацца,— расказвае Святлана.— Вельмі важнае ўменне — нешта выконваць па інструкцыях дарослага. Школ без правілаў у нас проста не існуе. Калі гэта не дастаткова развіта, дзецям будзе цяжка вучыцца, нават калі яны вельмі разумныя.

Нечакана, але каб вызначыць, ці гатовае дзіця да школы, псіхолагі звяртаюць увагу і на дзіцячую самаацэнку.

— Самаацэнка нашых дашкольнікаў у норме павінна быць завышанай, — тлумачыць псіхолаг. — Калі дзіця дашкольнага ўзросту прыбяжыць апошнім і скажа бацькам, што бегла лепш за ўсіх — гэта нармальна. А потым адбываецца крызіс сямі гадоў, і дзіця пачынае сябе трошкі крытычна аналізаваць. У норме, калі гэты крызіс адбыўся, бо пасля яго малы можа ацэньваць сам сябе: «Тут я лепей зрабіў, а тут горш» — і гэта вельмі важна для навучання. Бо калі дзіця ідзе ў школу з уяўленнем, што яно найлепшае, яму будзе цяжка вучыцца (як бы яно ні зрабіла — яно ж найлепшае, што яму яшчэ тут вучыць?).

Алена ХУРС

Загаловак у газеце: Бывай, дзіцячы сад...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.