Вы тут

Легенда сучаснай паэзіі Кітая: Ван Гачжэнь


У Выдавецкім доме "Звязда" ўжо не першы год ідзе масштабная работа па раскрыццю агромністага патэнцыялу кітайскай паэзіі ў перакладзе на беларускую мову. Пачатак быў даволі сціплы. "Полымя" надрукавала рэцэнзію на кнігу перакладаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна "Гуканне паэзіі з Усходу". Аўтар рэцэнзіі – Павел Гаспадыніч. Затым у часопісе сталі з’яўляцца пераклады кітайскай паэзіі, зробленыя Міколам Мятліцкім. Следам выйшла анталогія аднаго перакладчыка "Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая". Кніга адзначаана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі. Затым у "Звяздзе" адна за другой пабачылі свет кнігі серыі "Светлыя знакі. Паэты Кітая". Назву для серыі прыдумала вопытны кніжны рэдактар Вольга Аляксеева. Ужо выдадзена пяць зборнікаў у гэтай серыі – вершы Ду Фу, Ван Вэя, Лі Бо, Ай Ціна, Лі Хэ. Падрыхтавана да друку кніга Лі Цынчжаа. Да работы над праектам спрычынілася шмат цікавых людзей. Пра выхад зборнікаў кітайскай паэзіі па-беларуску ведаюць і ў Кітаі.


Зараз беларускія перакладчыкі пачынаюць засваенне новага імя, новай паэтычнай планеты. Размова пра творчасць Ван Гачжэня. Яркі лірык і адначасова паэт эпічнага мышлення, прадстае надзіва прыцягальным філосафам, мастаком, які заварожвае, магнетызуе чытача...

Ван Гачжэнь – паэт, якога зараз у велізарным Кітаі ведаюць літаральна ўсе. Такім магутным быў яго ўзлёт у 1990-ыя гады. На жаль, ён рана і з жыцця пайшоў.

21 мая 1990 года (бачыце, нават дзень дакладна вядомы – 21 мая. Такое, пагадзіцеся, бывае не так часта ў гісторыі літаратуры, кнігавыдання) выйшла ў свет першая паэтычная кніга Ван Гачжэня "Хваляванні маладосці". З гэтага ж часу і пачалося ўзвышэнне яркага, самабытнага паэта. Літаральна за некалькі гадоў тыраж перавыданняў кнігі дасягнуў 150 тысяч (!) экзэмпляраў. Уражліва, пагадзіцеся?!. Дзе, у якой краіне вы бачылі такія тыражы для паэтычных кніг?!. У кастрычніку 1990 года – новая кніга: "Норавы маладосці". Дарэчы, і тыраж яе перавыданняў не меней уражлівы – 140 тысяч экзэмпляраў. З часам кітайскага чытача захопіць цэлы праект Ван Гачжэня – дзевяцітомная серыя "Паэзія Ван Гачжэня", якая з’явілася ў свет дзякуючы намаганням выдавецтва "Юі". Сёння творы паэта друкуюцца ў ЗША, Аўстраліі, Францыі, на Філіпінах, у Ганконгу і Сінгапуры, Італіі і Японіі. 10 жніўня – да першай беларускай публікацыі Ван Гачжэня. У газеце "Звязда". Так, да чытача прыходзіць першы пераклад верша Ван Гачжэня "***Крык – як маўчання сон…". Перакладчыца – таленавіты беларускі паэт Таццяна Сівец, якая мае багаты вопыт перастварэння паэтычных адкрыццяў іншых народаў, іншых краін. Між іншым, Таццяна Сівец – з тых перакладчыкаў, што шмат зрабілі ў апошні час для развіцця перакладаў кіатйскай паэзіі. Ды і ўвогуле паэтэса шмат працуе ў галіне мастацкага перакладу. Дзякуючы намаганням Таццяны Сівец выдадзена па-беларуску кніга Лейлы Аліевай – цудоўнай азербайджанскай паэтэсы, якая піша па-руску. А яшчэ – вершы калмыцкіх, украінскіх, рускіх, азербайджанскіх і, канешне ж, кітайскіх паэтаў.

Плёну серыі "Светлыя знакі. Паэты Кітая", плёну ўваходжанню вершам Ван Гачжэня ў беларускую мастацкую і чытацкую прастору!

Вераніка КАРЛЮКЕВІЧ


Ван Гачжэнь

Крык – як маўчання сон.

Ціша – як немы крык.

Я не крычу – прывык.

Перапрашу – за ўсё.

За далягляд іду –

Горы не для слабых.

Не прыпыню хады,

Нат калі ногі збіў.

Сонца на сцежцы ўсцяж –

З болем іду далей.

З леташняга лісця –

Сёлетні квет лілей.

Шлях мой – на крок даўжэй

За найдаўжэйшы век.

Ад усіх гор вышэй –

Чалавек.

З кітайскай. Пераклад Таццяны СІВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.