Вы тут

Матчына — раднейшая!


...Старэйшая сястра жыве ў сталіцы. Адна. Ужо немаладая. Хварэе. Таму, пачынаючы з вясны, амаль штотыдзень з Віцебска езджу ў Мінск. Цяжка фізічна, яшчэ больш — маральна: сэрца баліць за роднага чалавека.


Чарговы прыезд да яго выпаў на сярэдзіну ліпеня. Чым магла, дапамагла, што паспела, зрабіла, — кірую да вакзала.

Трохі часу да адходу цягніка як быццам ёсць, таму з вуліцы Валадарскага пехам іду да Чырвонага касцёла. Там — плошча Незалежнасці, там прыгажосць... У памяці — адразу ж — віды Прагі, Варшавы...

Праз падземны пераход выходжу да галоўнага корпуса Белдзяржуніверсітэта. За ім — будынак медыцынскага, непадалёк, з другога боку плошчы, гмах педагагічнага... Заканчваецца ўступная кампанія ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, таму побач сапраўдны маладзёжны мурашнік. Хлопцы і дзяўчаты — хто ўзрушана, хто засяроджана — чакаюць інфармацыі аб выніках залічэння. А значыць, абвестак аб уласным далейшым лёсе, аб будучыні...

На выхадзе з падземнага перахода, што бліжэй да вакзала, насустрач мне кідаецца сярэдняга веку жанчына (інтэлігентная, зграбная, у квяцістай сукенцы, у белым пінжачку) і просіць:

— Скажыце, калі ласка, як найхутчэй мне выйсці на Кірава?

Ну, зразумела ж: бяжыць, каб разам са сваім сынком ці дачушкай даведацца вынікі іспытаў...

І так мне сагрэла душу вось гэтае матульчына жаданне быць побач, што я не адразу і сцяміла, што ж зачапіла яшчэ?

Потым дайшло: жанчына, забыўшыся на, так бы мовіць, «прынятую» ў вялікіх гарадах рускамоўнасць, на ўсе гэтыя «извините, как мне пройти...» загаварыла са мной на раднейшай, на бліжэйшай, на матчынай мове...

Таму і я ёй адказала:

— Бяжы просценька, мілая, бяжы — якраз паспееш! Шчаслівай будучыні тваёй крывіначцы!

Наталля Каліноўская,

г. Віцебск

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.