Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў павіншаваў першых «тысячнікаў» жніва. У Докшыцкім раёне на адным полі больш за 1000 тон збожжа намалацілі адразу два экіпажы.
Героямі ўрачыстасці сталі два экіпажы Докшыцкага райаграсэрвіса. Самы вопытны сярод сёлетніх «тысячнікаў» — Уладзімір Лаўцэвіч.
— Для мяне гэта ўжо дваццаць сёмае жніво, — гаворыць Уладзімір Пятровіч. — Дванаццаць разоў мой актыўны ўдзел ва ўборцы быў адзначаны на рэспубліканскіх «Дажынках». Там двойчы з дасягненнямі павіншаваў асабіста Прэзідэнт. Мой уласны рэкорд — 2860 тон, якія намалаціў гадоў шэсць таму. Сёлета працуем у экіпажы з Уладзімірам Ваховічам і мяркуем, што жніво завершым у самыя кароткія тэрміны і, безумоўна, з добрай якасцю.
Маладыя «тысячнікі» — Віктар Суднік і Сяргей Каляга — адсталі ў той дзень ад экіпажа Лаўцэвіча толькі на 32 тоны.
— Прачынаемся ў 5.30, а восьмай гадзіне раніцы ўжо ў кабіне камбайна. У сярэднім у дзень намалот пад 70 тон. У лепшыя дні бывае і па 100. Тэхніка надзейная. Асабліва праблемных паломак няма, — расказвае старшы камбайнер Віктар Суднік.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў уручыў «тысячнікам» плазменныя тэлевізары і мультываркі. А старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук — грашовыя прэміі. Губернатар пажадаў камбайнерам моцнага здароўя, добрага настрою і сіл выехаць у камандзіроўкі ў праблемныя раёны, бо амаль палова збожжавых у паўночным рэгіёне яшчэ не абмалочана.
Падчас гутаркі з кіраўніцтвам раёна і гаспадаркі губернатар адзначыў, што сёлета пераменлівае надвор'е перашкаджае. Вясна была вельмі цяжкая. Губернатар не раз падкрэсліваў, што гарантыя добрых вынікаў — прытрымліванне тэхналогій на ўсіх этапах работы на зямлі.
Карэспандэнт «Звязды» папрасіў удакладніць: што ж трэба зрабіць, каб тэхналогіі прымяняліся паўсюль?
— Каб выконваць тэхналогію, трэба ўсё мець: тэхніку і сельгасмашыны, угнаенні, сродкі хімічнай абароны. Спецыялісты ведаюць, як і што рабіць. Але не хапае тэхнічнага забеспячэння. Перш за ўсё трэба тэхнічна пераўзброіцца. Другі момант: вобласць — зона рызыкоўнага земляробства з абмежаваным перыядам вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Таму за вельмі кароткі час павінны зрабіць усё, што патрабуецца ад тэхналогіі, — разважае старшыня аблвыканкама.
Ён адзначыў, што летась машынны парк папоўнілі 850 трактароў айчыннай вытворчасці. Гэта добрая падтрымка механізатарам.
Сёлета абласныя «Дажынкі» на Віцебшчыне пройдуць у Сенненскім раёне.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Докшыцкі раён
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?