Вы тут

Магілёў рыхтуецца прыняць два культурныя форумы


У хуткім часе, з розніцай у некалькі тыдняў, Магілёў стане пляцоўкай для дзвюх значных культурных падзей — трэцяга Нацыянальнага форуму «Музеі Беларусі» і пятага міжнароднага форуму «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства». Каб гэтыя праекты прайшлі на высокім узроўні, у Магілёве абмеркавалі ўсе нюансы, звязаныя з іх падрыхтоўкай і правядзеннем. У пасяджэнні прыняў удзел намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік.


— Такія 2 вялікія мерапрыемствы не выпадкова праходзяць у Магілёве, таму што вобласць апошнія 3 гады была пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва на найлепшае культурнае абслугоўванне насельніцтва, — падкрэсліў ён.

На ўдзел у форуме «Музеі Беларусі» ўжо заяўлена больш за 100 дзяржаўных, ведамасных, школьных музеяў. На пасаду старшыні аргкамітэта запрошана генеральны дырэктар Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі Зельфіра Трэгулава. У Магілёў прыедуць эксперты з Расіі, Украіны, Польшчы, Швецыі. У межах форуму пройдуць прэзентацыі, музейныя праграмы, выставы. Запланавана вялікая дзелавая частка, падчас якой музейшчыкі змогуць знайсці для сябе шмат новага і карыснага.

Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў паведаміў, што вельмі важна паказаць тыя набыткі, якіх дасягнулі нашы музеі за апошнія 2-3 гады. «Сёння музеі цесна працуюць з наведвальнікамі, выходзяць за сцены сваіх устаноў, рыхтуюць інтэрактыўныя праграмы, — кажа ён. — Мы актыўна супрацоўнічаем з музеямі Еўропы. Нядаўна закрылася наша выстава праваслаўных і каталіцкіх ікон у Ватыкане».

Месцам правядзення маштабнага музейнага форуму ў Магілёве стане спартыўны комплекс «Алімпіец». Тут будзе ўнікальная магчымасць здзейсніць захапляльнае падарожжа адразу па ўсіх музеях Беларусі.

— Для мяне як для музейшчыка вельмі цікава паглядзець навінкі, наватарскія прыёмы, якія прымяняюць мае калегі ў афармленні самой пляцоўкі, — кажа загадчыца аддзела этнаграфіі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Святлана Рыбакова. — Музей мае задачу прадставіць сябе мінімальнымі сродкамі на мінімальнай плошчы. Гэта ўнікальная магчымасць атрымаць вопыт, падзівіцца таму, як працуе фантазія, як вырашаюцца складаныя праблемы. Кожны музей імкнецца прывезці інтэрактыў, гульні з наведвальнікамі — забаўляльныя, сур'ёзныя, павучальныя, жартаўлівыя. Убачыць у зрэзе ўсе музеі Беларусі — гэта цікава.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Усе музеі пад адным дахам

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.