Вы тут

Старажытны Емен не можа выкараскацца з крывавай багны вайны


У Емене не спыняецца жорсткае супрацьстаянне паміж урадавымі сіламі і паўстанцамі. Яно пачалося два гады таму, у жніўні 2014-га, аднак у найбольш актыўную фазу канфлікт перайшоў з пачаткам умяшання летась у сакавіку так званай Аравійскай кааліцыі. Па звестках ААН, у выніку баявых дзеянняў загінулі каля 10 тысяч чалавек, звыш 30 тысяч пацярпелі. Каля трох мільёнаў сталі вымушанымі бежанцамі, 7,8 млн пакутуюць ад вострай нястачы ежы і вады. Страшныя лічбы сталі падставай для азначэння супрацьстаяння ў Емене як аднаго з чатырох найбольш небяспечных узброеных канфліктаў у свеце. Які лёс напаткае старажытную краіну — адну з сапраўдных жамчужын Блізкага Усходу?


Зямля царыцы Саўскай

Як справядліва лічаць гісторыкі, Емен — адзін з найстаражытнейшых ачагоў цывілізацыі. У спіс гістарычнай спадчыны ЮНЕСКА ў гэтай краіне ўваходзяць чатыры вялікія аб'екты — гарады Шыбам і Забід, архіпелаг Сакотра, а таксама стары горад сталіцы Емена Саны. Калі пачынаеш пералічваць факты, быццам насамрэч па дарогах гісторыі крочыш. Мяркуйце самі: з гэтых земляў, паводле легендаў, паходзіць царыца Саўская, якая наведала ў Іерусаліме цара Саламона. Тут існавалі такія дзяржавы, як Саба і Хадрамаут, што таксама згадваюцца ў Бібліі. Як сведчаць паданні, многія арабскія плямёны пайшлі ад Іактана, сына Эвера, продка ізраільцян, адзінага нашчадка Сіма, які не ўдзельнічаў у будаўніцтве Вавілонскай вежы. У Іактана было 13 сыноў, якія і сталі прабацькамі плямёнаў на поўдні Аравіі. Іактаніды сапернічалі з нашчадкамі Ізмаіла (сына Абрагама і Агары), які стаў прабацькам бедуінаў. Таксама доўгі час Мека і Сана спрачаліся, каму быць сапраўднай сталіцай Аравіі, і толькі ў VІ стагоддзі, неўзабаве да з'яўлення прарока Мухамеда, барацьба скончылася на карысць Мекі.

Емену належыць і востраў Сакотра, захоплены ў свой час войскамі Аляксандра Македонскага. Тут пачыналася «дарога благавонняў», а мясцовыя грэкі прынялі хрысціянства з рук апостала Фамы, які пацярпеў караблекрушэнне на ўзбярэжжы Сакотры. А пра яго жыхароў Марка Пола пісаў як пра лепшых у свеце чарадзеяў. Тут таксама існавала наймагутная іўдзейская абшчына. У V стагоддзі кароль Емена, апошні кіраўнік царства Хім'яр, Ду Нуваз прыняў іўдаізм, а разам з ім і большасць яго падданых. Пасля ўступлення на пасад у 518 годзе ён узяў сабе імя Ёсеф. Аднак ужо ў 525-м Еменскае яўрэйскае царства было знішчана візантыйскім і абісінскім войскамі. Гэтыя землі ўваходзілі ў склад Аксумскага царства, Персіі, Арабскага халіфата, Асманскай імперыі.

У перакладзе з арабскага «Емен» гучыць сімвалічна — «правы бок», «шчасце», «дабрабыт». Аднак сучасная гісторыя, якая бярэ свой адлік у XІX стагоддзі, мае зусім іншы сэнс — гэта гісторыя расколу. У 1839 годзе англічане захапілі ў Асманскай імперыі порт у Індыйскім акіяне — Адэн. А налета ўвесь поўдзень Емена апынуўся пад брытанскім пратэктаратам. У 1914 годзе паміж Турцыяй і Вялікабрытаніяй была падпісана канвенцыя, згодна з якой былі размежаваны іх уладанні ў Емене. Краіна аказалася падзеленай на Поўнач і Поўдзень. Да 1918-га Паўднёвы Емен з'яўляўся брытанскім пратэктаратам, а Паўночны — правінцыяй Асманскай імперыі ў форме імамату. Пасля распаду Асманскай імперыі лідар Поўначы імам зейдзітаў (адзін з кірункаў сярод мусульман-шыітаў) Ях'я да сярэдзіны 1920-х гадоў аб'яднаў плямёны Паўночнага Емена ў дзяржаву са сталіцай у горадзе Сане.

26 верасня 1962 года менавіта тут адбылася антыманархічная рэвалюцыя, вынікам якой стала абвяшчэнне Еменскай Арабскай Рэспублікі (ЕАР). Паўднёвы Емен са сталіцай у горадзе Адэн здабыў незалежнасць у 1967-м. У адпаведнасці з канстытуцыяй, якая ўступіла ў дзеянне 30 лістапада 1970 года, была прынятая новая назва краіны — Народная Дэмакратычная Рэспубліка Емен (НДРЕ). Кіраўніцтва НДРЕ абвясціла аб сваім развіцці па шляху сацыялізму. У 1967—1972 і 1979 гадах адбываліся ўзброеныя сутыкненні на мяжы ЕАР і НДРЕ. Дасягнутае ў 1972-м пагадненне аб паступовым аб'яднанні засталося нерэалізаваным.

22 мая 1990 года абедзве часткі аб'ядналіся ў Еменскую Рэспубліку, на чале якой стаў прэзідэнт ЕАР Алі Абдала Салех. Непаразуменні, якія захоўваліся паміж кіраўнікамі былых частак Емена, прывялі ў маі 1994-га да грамадзянскай вайны, у якой Сана атрымала перамогу. Унутрыпалітычнае становішча ў краіне заставалася напружаным. Краіну захліснулі акты гвалту з боку радыкальных ісламісцкіх груповак, звязаных з «Аль-Каідай», пачасціліся выпадкі выкрадання замежных турыстаў. У кастрычніку 2000 года група тэрарыстаў напала на эсмінец ВМС ЗША Cole, які стаяў у гавані Адэна (былі забіты 17 амерыканскіх маракоў). У кастрычніку 2002-га ля ўзбярэжжа Емена быў узарваны французскі танкер Lіmburg. Пасля чаго краіну ўключылі ў антытэрарыстычную аперацыю ЗША «Нязломная свабода — Афрыканскі Рог». Яна праводзіцца галоўным чынам у Самалі і раёне Адэнскага заліва, перш за ўсё ў Емене і яго акваторыі.

На хвалі «арабскай вясны»

У лютым 2011 года на хвалі «арабскай вясны» ў Емене пачаліся масавыя антыўрадавыя выступленні з патрабаваннямі адстаўкі прэзідэнта Алі Абдалы Салеха і правядзення дэмакратычных рэформаў. Хваляванні хутка перараслі ў жорсткае супрацьстаянне ўладаў і апазіцыі. Захоўваўся высокі ўзровень беспрацоўя сярод моладзі, якая і стала каталізатарам рэвалюцыйных падзей. У выніку масавых антыўрадавых выступленняў тагачасны прэзідэнт Алі Абдала Салех склаў з сябе паўнамоцтвы і з'ехаў за мяжу.

Актыўныя баявыя дзеянні пачаліся крыху пазней. Справа ў тым, што «пострэвалюцыйны» ўрад у Емене так і не здолеў правесці неабходныя рэформы ў краіне. У большасці сваёй ён складаўся з функцыянераў старога рэжыму. Узначаліў яго даўні паплечнік Салеха — Абд Рабу Мансур Хадзі. Нягледзячы на тое, што гэты ўрад падавалі пад соусам «жыць па-новаму», ён не адпавядаў патрабаванням грамадства. Сацыяльна-палітычная сітуацыя ў Емене толькі абвастрылася. Некалькі мірных ініцыятыў, накіраваных на яднанне і мір у краіне, праваліліся, а шыіты яшчэ больш загаварылі пра ціск і пераследаванні. Часткова іх антыўрадавую кампанію падсілкоўваў Іран, які хацеў бачыць у сталіцы менавіта шыіцкі антысаудаўскі ўрад.

Варта патлумачць. Хаусіты (якіх больш правільна называць зейдзітамі) — адна з шыіцкіх сектаў, якая налічвае каля дзесяці мільёнаў паслядоўнікаў па ўсім свеце і складае крыху больш за траціну насельніцтва Емена. Хаусітамі войскі зейдзітаў пачалі называць у 2004 годзе, калі яны паднялі паўстанне з мэтай пакончыць з рэспублікай і зацвердзіць у якасці кіраўніка дзяржавы караля-імама Хусейна аль-Хоус. Яго імем яны і назваліся, калі меркаванага шыіцкага караля, які так і не ўзышоў на трон, забілі.

Такім чынам, няздольнасць урада правесці рэформы, адсутнасць уплыву цэнтральнай улады ў аддаленых рэгіёнах, у тым ліку шыіцкіх, адсутнасць камунікацыі паміж уладай і рэлігійнымі і палітычнымі меншасцямі, эканамічны спад, рост беспрацоўя, узмацненне міжрэлігійнай варожасці і рэгіянальнага супрацьстаяння паміж Іранам і Саудаўскай Аравіяй прывялі да вайны. У сакавіку 2015 года шыіты захапілі сталіцу — горад Сана. Адбываўся і раскол арміі. Адна яе частка, лаяльная экс-прэзідэнту Салеху, негалосна падтрымала шыітаў (адкрыта яна пачала ваяваць разам з імі пасля ўварвання Саудаўскай Аравіі), а другая выступіла ў абарону дзейнага ўрада Хадзі.

Традыцыйныя рознагалоссі паміж плямёнамі наклаліся на геапалітычныя інтарэсы Саудаўскай Аравіі і Ірана, а таксама агульны хаос на Блізкім Усходзе. Па розных ацэнках, у Емене пражывае ад 50 да 65% мусульман, якія належаць да шафііцскага мазхабу (адна з прававых школ сярод сунітаў) і ад 35 да 47% — да зейдзіцкага мазхабу (шыіты). Парадокс у тым, што Салех — суніт, але стаў на бок шыіцкіх атрадаў. Ім кіравалі меркантыльныя інтарэсы — у першую чаргу гэта было выступленне супраць Саудаўскай Аравіі і яе ўварвання ў Емен. Таму, сцвярджаюць эксперты, рэлігія ў гэтым канфлікце толькі фон, перш за ўсё варта казаць менавіта аб рэгіянальным супрацьстаянні.

«Ключы» ад акіяна

Такой разнастайнай палітычнай палітры, як у Емене, дакладна няма ні ў адной арабскай краіне, а мабыць, і ні ў адной краіне свету. Толькі ў цяперашняй грамадзянскай вайне актыўна ўдзельнічаюць як мінімум шэсць сур'ёзных «груп па інтарэсах», якія прэтэндуюць на ўладу ва ўсёй краіне ці хоць бы ў яе частцы, перманентна ваююць адна з адной або «сябруюць» супраць агульных ворагаў. Тутэйшы «вінегрэт» вырашылі заправіць сваім удзелам войскі краін Лігі арабскіх дзяржаў. Галоўная роля адведзена авіяцыі Саудаўскай Аравіі (яна ўжо выдаткавала на вайну ў Емене каля $180 млрд.) і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Таксама гэта паветраныя сілы і абмежаваны ваенны кантынгент у складзе Бахрэйна, Кувейта, Катара, Марока, Егіпта, Іарданіі, Судана і Сенегала. Акрамя вышэйназваных краін, у наземнай аперацыі ўдзельнічаюць і асобныя атрады замежных наймітаў з Калумбіі, Самалі, Джыбуці, Амана і прыватных ваенных кампаній.

Што, уласна кажучы, прымусіла саўдзітаў і іх саюзнікаў увязацца ў гэтую вайну? На гэта ёсць дзве прычыны. Першая — суніцкія рэжымы манархій Аравійскага паўвострава імкнуцца стрымаць уплыў шыіцкага Ірана. Ён у той ці іншай ступені ўжо паставіў пад свой кантроль урады Сірыі, Лівана і збольшага Ірака. А цяпер метадам падтрымкі хаусітаў атрымае ўплыў на Емен. Саўдзітаў таксама вельмі бянтэжыць, што ўсе іх нафтавыя свідравіны знаходзяцца на поўдні і засяляюць гэтыя рэгіёны ў значнай ступені шыіты, якраз туды з Емена можа перакінуцца агонь паўстання.

Па аб'ёме валавога ўнутранага прадукту ў разліку на душу насельніцтва Емен — відавочны аўтсайдар арабскага свету. У 2009 годзе ВУП складаў 2 266 долараў, што ў 3,3 раза менш, чым у сярэднім па ўсім арабскім свеце ($7 517), у 4,2 раза менш за сярэднесусветны паказчык ($9 527). Гэты ўзровень у 2,3 раза меншы, чым у Егіпце ($5 363) і, нарэшце, у 10,6 раза — чым у Амане ($24 226). Эканамічную сітуацыю ў краіне абвастраюць праблемы з вадой. Даступныя запасы пітной вады складаюць 186 кубаметраў на чалавека ў год, гэта значна менш за ўстаноўленую ААН мяжу «воднай беднасці» — 1000 «кубоў». Прычым аб'ёмы падземных вод скарачаюцца імкліва.

Разбурана эканоміка, знішчана каля 400 тысяч жылых дамоў, 130 тысяч мячэцяў, інфраструктура. Акрамя таго, краіна аказалася ў марской і паветранай блакадзе. Тут востра адчуваецца недахоп ежы, вады і лекаў. Для таго, каб пракарміць 25-мільённае насельніцтва, імпартуецца больш за 90% харчавання. Цяперашнюю сітуацыю ў Емене характарызуюць не інакш як гуманітарную катастрофу — насамрэч «краіна-прывід».

Варыянтаў развіцця падзей вельмі шмат, але адно здаецца відавочным: Эр-Рыяд працягне «цягаць каштаны з агню» для Вашынгтона. Як сцвярджаюць аналітыкі, Блізкі Усход застаецца галоўнай канфліктнай пляцоўкай Еўразіі. Тут «паказваюць мускулы» вялікія дзяржавы і транснацыянальныя карпарацыі, ваенізаваныя групоўкі і рэлігійныя плыні, якія прыцягваюць сваімі пропаведзямі мусульманскую моладзь з усяго свету. Грамадзянская вайна ў Емене, нароўні з аналагічнымі гібрыднымі канфліктамі ў Лівіі, Сірыі і Іраку, фарміруе новы міжнародны кантэкст, на фоне якога рыхтуецца будучая палітычная карта планеты.

І яшчэ адзін, на мой погляд, ключавы момант. Емен нічога з сябе не ўяўляе ў плане нафтавых радовішчаў. Але чаго ў краіны не адняць, дык гэта вельмі выгаднага геаграфічнага становішча. Той, хто кантралюе Емен, кантралюе Адэнскі заліў — вароты ў Чырвонае і Аравійскае моры, Індыйскі акіян. А гэта найважнейшы гандлёвы шлях. Менавіта праз Баб-эль-Мандэбскі праліў экспартуецца вялікая частка ўсёй блізкаўсходняй нафты, штогод праходзіць да 20 тысяч суднаў. Прэзідэнт Емена Мансур Хадзі з гэтай нагоды неяк заўважыў, што «калі Іран возьме пад свой кантроль Баб-эль-Мандэбскі праліў, то яму ўжо не трэба будзе мець атамную бомбу». Думаю, усе каментарыі тут залішнія.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Краіна-прывід

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.