Вы тут

Марыя Мамашук: «Тых, у каго можна было б лёгка выйграць, няма ўвогуле»


Марыя Мамашук гаворыць, што дагэтуль да канца не ўсведамляе каштоўнасць сваёй сярэбранай перамогі на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра.


— Чым больш абдымаюць, віншуюць і жадаюць разам сфатаграфавацца, тым больш асэнсоўваю, што ў мяне ёсць медаль і ён чагосьці варты, — кажа цяпер яна.

...Маша была нацэлена толькі на «золата». І «серабро» палічыла паражэннем. Таму на ўсіх здымках са сталіцы сёлетняй Алімпіяды яна такая сумная. Але ж суайчыннікі разумеюць сапраўдную вагу сярэбранага медаля на галоўных сусветных спартыўных спаборніцтвах. Наша Маша — самая лепшая, самая моцная і самая ўпартая, упэўнены беларусы. Пакуль мы разам ідзём у Гомельскі абласны драматычны тэатр, у памяшканні якога будзем гутарыць з Марыяй, яе пазнаюць, усміхаюцца, кідаюцца насустрач і просяць аўтографы. Яна не адмаўляе нікому.

— З самага першага класа я любіла ўрокі фізкультуры. Бегала хутчэй за ўсіх. Калі вучылася ў пятым класе, да нас прыйшоў Паўлавіч (так Маша называе свайго першага трэнера Пятра Бабея). Мы разам з адной дзяўчынкай выпадкова пайшлі на барацьбу. Гэта была самая вялікая секцыя ў нашай Зябраўцы. Спачатку ўзнік такі ажыятаж і займацца прыйшло вельмі шмат народу, а праз тыдзень засталася я і некалькі хлопчыкаў. Да гэтага што толькі не цікавіла: і на разьбу па дрэве хадзіла, маляваць спрабавала, займалася шахматамі... Усюды была, а на барацьбе нейкім чынам засталася. Спачатку трэніроўкі былі толькі тры разы на тыдзень. Паўлавіч з намі праводзіў розныя новыя гульні. Да таго ж я з хлопчыкамі любіла гуляць, хоць і ў лялькі таксама. Трэнер нас нават шакаладкамі заахвочваў. Ён мяне і цяпер падтрымлівае. У мяне ж бацькі няма. Магчыма, ён мне даў тую бацькоўскую любоў, якой не хапала. І цяпер я для яго — як дачка.

— Барацьба, здаецца, траўматычны від спорту?

— Неяк абышлося ў дзяцінстве. Не памятаю асаблівых траўмаў. Толькі нейкія драпіны. Але ж гэта дзіцячы ўзрост, і ты на многае не звяртаеш увагу. На ровары катаешся, абдзярэш каленкі ці локці. Не зацыкліваешся на гэтым. Я ў школе магла пабіцца і з дзяўчынкамі, і з хлопчыкамі. Аднойчы прыйшла дадому з адарваным рукавом у курткі. Калі б не спорт, з маёй энергіяй можна было б трапіць не ў тую кампанію. Хоць матуля выхоўвала заўсёды правільна.

— Напэўна, вы шмат разоў чулі, што займаецеся нежаночым відам спорту...

— Маці год-паўтара была супраць: гэта ж толькі для хлочыкаў. Дый я спачатку ёй казала, што застаюся на дадатковыя заняткі ў школе, а сама бегла ў секцыю. А потым яна пагутарыла з трэнерам, і ён яе пераканаў. Сказаў: у вас такая добрая дзяўчынка, яна вельмі перспектыўная, упартая, з яе павінна нешта атрымацца. Пасля гэтай размовы маці змірылася. Яшчэ трэнер казаў, што я валявая. Я гэта чула, і мне таксама спадабалася такая ацэнка. Нічога сабе, думаю, я такая малайчына!

— А ў дзяцінстве кім марылі быць?

— Кім я толькі не марыла! Адзінае, што мне і цяпер падабаецца, — медыцына. Я, магчыма, хірургам паспрабавала б стаць. Але ж закончыла ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, факультэт фізвыхавання і засталася там у магістратуры. Буду спецыялістам па лячэбнай фізкультуры.

— Марыя, калі адбылася вызначальная перамога, якая адназначна паказала, чаму прысвяціць жыццё?

— Трэнер вазіў нас на розныя дзіцячыя спаборніцтвы. Памятаю, у нас былі абласныя прафсаюзныя спаборніцтвы і тады я выйграла ў дзяўчынкі, якая вучылася ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Гэта для мяне было прэстыжна, і значна, і дзівосна. Памятаю свой першы медаль на рэспубліцы. Такая радасць! А потым сама паступіла ў вучылішча алімпійскага рэзерву...

— ...і шлях быў наканаваны...

— Калі два гады займалася барацьбой, ужо нават думкі не прыходзілі, што можна прыпыніцца і заняцца нечым іншым. Барацьба і толькі барацьба. У вучылішчы алімпійскага рэзерву маім другім трэнерам стаў Георгій Джангіраў. Але там я адвучылася толькі адзін курс — потым здарылася сур'ёзная траўма калена. Тады я выбыла надоўга. Толькі праз 7-8 месяцаў трапіла зноў на дыван.

— Ці быў у той час момант, калі здавалася, што ўсё, з вялікім спортам трэба завязваць?

— Не. Мне зрабілі аперацыю, а потым быў доўгі перыяд аднаўлення калена. Трэба было распрацоўваць нагу. Было цяжка, але ж у мяне нават думак не было, каб спорт пакінуць. Калі паступіла завочна ва ўніверсітэт, тады ў Гомелі пачаў працаваць Сяргей Мікалаевіч Смаль. Ён мяне ўжо ведаў. Ён нават памятаў, як мяне з яшчэ адным хлопчыкам прывялі ў вучылішча алімпійскага рэзерву — мы былі маленькімі такімі карапузікамі. Потым я яго спытала: Мікалаевіч, будзеце са мной працаваць? Ён пагадзіўся, і мы цяпер з ім працуем. Мы разам дасягнулі такога выніку, і я вельмі ўдзячная яму за ўсё. Гэта яго вялікая заслуга.

— Чым для вас запомнілася Алімпіяда ў Рыа-дэ-Жанэйра?

— Мы былі амаль суткі ў дарозе: увогуле 12 гадзін у паветры, яшчэ 6 гадзін у аэрапорце чакалі перасадку на другі самалёт. Стаміліся. Калі ты «ганяеш вагу», у цябе няма асабліва сіл і трэба эканоміць тую энергію, якая засталася да ўзважвання. 16-га раніцай прыляцелі, а 17-га ў нас узважванне. Да нашага прыезду падрыхтаваліся. Таму пакоі былі добрыя і нават кветкі стаялі — прыемна. Гэта тыя, хто першым прыехаў, пабачылі і пыл будаўнічы, і бруд. У працэсе спаборніцтваў было многа скаргаў, але потым быт спартсменаў наладзілі. На шчасце, беларусаў абышлі бокам непрыемныя прыгоды, якія здарыліся з іншымі. 18-га з раніцы мы ад'ехалі з гатэля і вярнуліся з залы толькі позна вечарам. Яшчэ пробу на допінг здавалі і на наступны дзень ад'ехалі. Таму горад я бачыла толькі з акна аўтобуса. У тым ліку фавэлы. Гэта такія трушчобы, дзе жывуць бедныя людзі.

— Для спартсмена важныя і ўмовы, дзе праходзяць спаборніцтвы...

— Яны былі нядрэнныя. Не супер, але дастаткова прыемныя. Чатыры разміначныя дываны, раздзявальні для кожнай краіны. Было дзе перакусіць. У трэніровачнай зале мелася 14 дываноў, дастаткова неабходных трэнажораў. Саўна з усім неабходным была. Праўда, без душа, і гэта мінус. Нам пашанцавала, што спартыўная арэна і трэніровачная зала знаходзіліся за 10 хвілін язды ад алімпійскай вёскі. Бо здараліся выпадкі, як з Аляксандрай Герасіменяй — калі кіроўцы не ведалі маршрутаў і не туды завозілі спартсменаў. Я ўжо ўсіх суперніц ведала, амаль з усімі даводзілася змагацца на іншых спаборніцтвах. Магчыма, толькі з дзвюма дзяўчатамі ніколі на дыване не сустракалася.

— Каго бачылі сваімі асноўнымі саперніцамі?

— У нас такі від спорту, што тых, у каго можна было б лёгка выйграць, няма ўвогуле. Кожны хоча цябе «парваць». Саперніка нельга недаацэньваць. Дзесьці расслабіўся і ўсё — цябе пакаралі. Казахстанская спартсменка Кацярына Ларыёнава ў першай схватцы мяне перавярнула так, што ледзь не палажыла. Я магла прайграць. У мяне ў галаве толькі было: так не можа ўсё закончыцца. Я сюды не дзеля гэтага прыехала. Гэта мне і дапамагло. Са шведкай Хеннай Юхансан змагалася — таксама ў яе выйграла. За выхад у фінал змагалася з амерыканкай Аленай Піражковай — я ёй раней прайгравала. Выйграла за кошт таго, што не спынялася і змагалася да канца. А фінал для мяне — пакуль балючая тэма.

— Гэта тое, што, відаць, трэба аналізаваць на халодную галаву.

— Калі з'явяцца здымкі спаборніцтваў у інтэрнэце, паглядзім, прааналізуем. Магчыма, тактычна яна лепш выглядала, чым я.

— Якія якасці вашай саперніцы вы ацанілі ўжо зараз?

— Яна была хутчэйшая, чым я. Толькі пачынаю да яе падбірацца, а яна апярэджвае мяне. Больш нічога.

— І ўсё ж спадзяюся, што вы высока ацэньваеце і гэты свой медаль. Ну і ёсць да чаго надалей імкнуцца.

— Гэты сярэбраны медаль мне гаворыць пра тое, што не трэба спыняцца. Трэба браць золата на наступнай алімпіядзе ў Токіа.

— Ваша саперніца Рысака Каваі таксама там будзе.

— Думаю, за наступныя чатыры гады мы з ёй не раз будзем сустракацца на спаборніцтвах. Магчыма, з'явяцца і іншыя моцныя спартсмены.

— Маша, ці прыходзілася ў бытавых сітуацыях прымяняць свае навыкі барца?

— Не, не прыходзілася. Напэўна, калі б трэба было, змагла б нешта зрабіць — нехта пацярпеў бы дакладна. Калі сутыкаюся з хамствам, тым жа манерам не адказваю. Трэба спакойна гаварыць з такім чалавекам. Напэўна, імкнуся не звяртаць увагу.

— Вас вучылі нейкім псіхалагічным прыёмам пры рабоце з сапернікам?

— Псіхалогія вельмі многа адыгрывае. У спорце важна ўсё. Не толькі тое, у якой ты фізічнай форме знаходзішся. Усё ад галавы ідзе. Як ты сябе настроіш, якія мэты маеш, так усё і будзе. І тады не мае значэння, хто выходзіць супраць цябе. Псіхолагі нам дапамагаюць, але ж галоўны псіхолаг для мяне — трэнер.

— Якая матывацыя вас асабіста вяла да перамогі?

— Канешне, ты хочаш сабе забяспечыць далейшае жыццё, хоць бы на пэўны перыяд часу. Хочаш, каб тваё імя працавала ўрэшце на цябе. Але ж у першую чаргу не гэта важна. Алімпійскія гульні для любога спартсмена — гэта найвышэйшая вяршыня, якую ён можа дасягнуць. Усе хочуць «золата». Гэта максімум з таго, што ты можаш зрабіць у спорце. Хоць, канешне, матэрыяльны бок важны. Тым больш што ў мяне няма свайго жылля. Зразумела, хачу прыходзіць дадому, а не ў інтэрнат. Таму, верагодна, для мяне ўсё важна ў сукупнасці. Ехала на Алімпіяду, каб дастойна выступіць, каб выйграць. Ехала па медаль.

— Давайце пра наша, пра жаночае, пагаворым. У вашым гардэробе ёсць месца сукенкам?

— Іх я надзяваю вельмі рэдка. Для мяне, каб надзець сукенку і абцасы, павінен быць нейкі асаблівы, значны дзень. У асноўным джынсы і сарочкі... Нават калі ты не на зборах, усё роўна дзве трэніроўкі ў дзень. І на іх не пойдзеш у сукенцы. Трэба надзяваць тое, што зручна.

— Ці ёсць у вас любімая ежа?

— Я ўсё ем. Мяса вельмі люблю, агародніну і садавіну таксама. Морапрадукты. Пасты ўсякія. Бліны маміны люблю. Увогуле ж не перабіраю.

— Салодкае?

— Салодкае вельмі люблю. Відаць, гэтак жа, як і мяса. Шакалад і марожанае люблю. Але ж трэба трымаць сябе ў форме, таму імкнуся кантраляваць. Пасля спаборніцтваў можна некалькі расслабіцца, а потым зноў нічога лішняга.

— Многія мужчыны глядзяць на вас не толькі як на спартсменку, але і як на прывабную жанчыну. Як рэагуеце?

— У мяне ёсць малады чалавек, ён таксама барэц. Мы даўно разам. Усё сур'ёзна. Можа, таму я не звяртаю ўвагі на мужчынскія погляды ў мой бок. Я проста іншых не заўважаю.

— Паміж алімпіядамі не збіраецеся стварыць сям'ю і нарадзіць дзіця, як некаторыя нашы вядомыя спартсменкі?

— Увогуле як Бог дасць. Каб планаваць... Пакуль, напэўна, не. У нашым відзе спорту як здароўе дазваляе, так і выступаюць жанчыны. Японкі, якія выступалі ў Рыа-дэ-Жанэйра — ім па 34—36 гадоў. У нас многа ўзроставых спартсменаў. Ты можаш доўга змагацца, але калі ў цябе пачынаюць выйграваць маладыя — гэта не вельмі прыемна.

— Што, акрамя спорту, ёсць у вашым жыцці?

— Асабліва часу няма, самі разумееце. Я маму бачу раз у месяц... Вольны час імкнуся ўдзяліць ёй, сябрам і крыху адпачыць. Паміж трэніроўкамі кніжкі чытаю. Зусім нядаўна на зборах прачытала «Жыццё ў пазыку» Рэмарка, «Да сустрэчы з табой» Джоджа Моеса, «Шантарам» Грэгары Дэвіда Робертса... Больш чытаю папяровыя кнігі, хоць ёсць і электронная. Люблю хадзіць у кіно, пасядзець у кавярні і нават проста «пабалбатаць» з сябрамі. З нядаўніх моцных уражанняў — грузінскі балет Сухішвілі. Я даўно хацела яго пабачыць, купіла ў інтэрнэце апошні квіток. Мне вельмі спадабалася — гэта вельмі крута! З задавальненнем хадзіла б кудысьці часцей. Напрыклад, у Гомельскі драматычны тэатр.

У гэтым месцы прэс-сакратар Гомельскага драматычнага тэатра Уладзімір Ступінскі, які паралельна рабіў фотаздымкі, уручыў Марыі запрашальныя білеты на дваіх на любыя спектаклі ў новым сезоне. Ну, а ў мяне засталося толькі адно пытанне.

— Маша, у вас ёсць нейкае крэда?

— Часта кажу сабе: бачу мэту — упэўнена ў поспеху.


Марыя Мамашук. Майстар спорту міжнароднага класа па вольнай барацьбе. Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка Еўропы, чэмпіёнка Еўропы сярод моладзі, бронзавы прызёр Еўрапейскіх гульняў.

Другое месца на Алімпійскіх гульнях — 2016 у вагавай катэгорыі да 63 кг.

BYN10 тысяч ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Марыя пералічыла для выхавання новага пакалення таленавітых майстроў барацьбы ў СДЮШАР першаснай арганізацыі прафсаюзаў Гомельскага вагонабудаўнічага завода. Менавіта ў ёй яна рабіла свае першыя крокі да сярэбранага алімпійскага медаля.


Наша славутая Маша Мамашук сёння, 31 жніўня, адзначае свой дзень нараджэння. Асноўны падарунак да яго яна сабе ўжо зрабіла. Сярэбраны алімпійскі медаль насамрэч зроблены з серабра і важыць каля паўкілаграма. Мы нашай зорачцы жадаем упэўненасці, упартасці і хуткасці. А яшчэ шчырых усмешак родных людзей, якія яе падтрымаюць у любым выпадку!

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа

Фота Уладзіміра СТУПІНСКАГА

Загаловак у газеце: Ёсць мэта — будзе поспех

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.