Вы тут

Камерцыйныя арганізацыі змогуць набываць у лізінг жыллё


У прыватнасці, аб гэтым гаворыцца ў пастанове Нацбанка № 432З, дзе прапісаны змены ў правілах лізінгавай дзейнасці, а апошняе дазволіць павялічыць прысутнасць фізічных асоб на рынку лізінгу. Начальнік аддзела рэгулявання лізінгавай дзейнасці Нацбанка Аляксандр Дзядкоў адзначыў, што гэты дакумент дазволіць больш дакладна абараняць правы лізінгаатрымальнікаў і павысіць адказнасць лізінгадаўцаў, каб інструмент лізінгу стаў больш эфектыўным і зразумелым менавіта для фізічных асоб.


Ён паведаміў, што заканадаўства ў сферы абароны правоў спажыўцоў сёння распаўсюджваецца і на лізінг з фізічнымі асобамі. Напрыклад, у пастанове распрацоўшчыкі прадугледзелі, што ў выпадку скасавання дагавора лізінгу па віне лізінгадаўца, лізінгаатрымальніку вяртаюцца сумы лізінгавых плацяжоў, у тым ліку выплачанага ім авансу. Раней гэтай нормы не было.

Дакладныя ўмовы «гульні»

Аляксандр Дзядкоў таксама адзначыў, што цяпер вызначаны парадак узгаднення бакамі цвёрдага ці прыблізнага каштарысу або калькуляцыі лізінгавых плацяжоў (у якасці яго можа выступаць адпаведны графік). Ад гэтага будзе залежаць магчымасць або немагчымасць змены гэтага графіка ў будучыні. Часта бываюць выпадкі, калі лізінгавыя плацяжы могуць мяняцца ў залежнасці ад таго, якія выдаткі нясе лізінгадавец па крэдыце, які ён узяў у банку, каб купіць прадмет лізінгу. Калі стаўка па гэтым крэдыце расце, лізінгавыя плацяжы таксама растуць. Але калі будзе ўстаноўлена, што графік з'яўляецца цвёрдым, то ён не падлягае перагляду. Калі ж графік прыблізны, то ў дагаворы павінна быць прапісана, на падставе якіх дакументаў будуць ажыццяўляцца змяненні графіка і магчымыя наступствы для лізінгаатрымальніка, калі ён не згодны з імі. Акрамя таго, паводле слоў спецыяліста, асобная ўвага ў пастанове нададзена асаблівасцям заключэння і выканання дагавораў фінансавай арэнды (лізінгу), лізінгаатрымальнікамі па якіх з'яўляюцца фізічныя асобы.

Прынятым дакументам нацыянальны рэгулятар абавязвае ўсіх лізінгадаўцаў, якія заключаюць дагаворы з фізічнымі асобамі, прадастаўляць ім на подпіс інфармацыю пра тое, якія будуць умовы канкрэтнай здзелкі. У гэтай паперы будзе прапісана ўся інфармацыя па канкрэтным прадмеце лізінгу, дзе будуць удакладняцца ўсе нюансы магчымай рызыкі, якую кліент нясе ў рамках гэтай здзелкі. «Падобнае дазволіць фізічным асобам прымаць абдуманыя і ўзважаныя рашэнні адносна эфектыўнасці і магчымых рызык заключэння прапанаваных ім дагавароў», — удакладніў пазіцыю Нацбанка Аляксандр Дзядкоў.

Не толькі для прадпрымальніцтва

А яшчэ лізінгам цяпер дазволілі займацца сектару некамерцыйных арганізацый. «Раней такія арганізацыі не маглі набываць у лізінг маёмасць, але цяпер ім гэта права прадастаўлена. Акрамя таго, дзяржаўныя органы цяпер могуць за кошт сродкаў, якія выдзяляюцца з бюджэту, набываць маёмасць у лізінг. Напрыклад, не купляць адразу нейкі будынак, а разнесці гэтыя выдаткі па часе. У іншых краінах гэта называецца муніцыпальным лізінгам, такая магчымасць з'явілася і ў нас», — паведаміў спецыяліст.

Самай слушнай навацыяй прынятай пастановы з'яўляецца тое, што камерцыйныя арганізацыі цяпер могуць набываць маёмасць у лізінг не толькі для выкарыстання ў прадпрымальніцкай дзейнасці, але і на іншыя мэты. Напрыклад, на жыллё для сваіх супрацоўнікаў.

Арэнда па лізінгу

Начальнік аддзела Нацбанка паведаміў, што прыняты дакумент будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці лізінгу ў якасці гнуткага інструмента фінансавання. Напрыклад, пастановай вызначаюцца магчымасць і ўмовы перадачы лізінгаатрымальніку атрыманай ў лізінг маёмасці ў арэнду або бязвыплатнае карыстанне трэцім асобам. Гэта дазволіць юрыдычным асобам атрымліваць у лізінг аўтамабілі для наступнай неаднаразовай перадачы іх трэцім асобам у часовае валоданне і карыстанне па дагаворах арэнды транспартных сродкаў

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Жыллё ў лізінг

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.