Вы тут

Учора адкрыліся ўчасткі для датэрміновага галасавання


Ужо ўчора адкрыліся ўчасткі для датэрміновага галасавання. Выканаць свой грамадзянскі абавязак прыходзілі не толькі пенсіянеры, але і студэнты, маладыя мамы, людзі сярэдняга ўзросту. Як правіла, прагаласаваць раней вырашылі з вельмі простай прычыны — каб вызваліць выхадныя для іншых спраў і планаў. Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на самых розных выбарчых участках і даведаліся, наколькі актыўна праходзіў першы дзень датэрміновага галасавання.


Сярэбраны прызёр Алімпіяды ў Рыа Іван Ціхан прагаласаваў у Гродзенска-Занёманскай  выбарчай акрузе №49.

Галоўнае — узрост і адукацыя

Учора а 10-й гадзіне раніцы адкрыліся ўчасткі для датэрміновага галасавання. Ужо праз некалькі хвілін на сталічным участку № 549, у адным з корпусаў БНТУ, з'явіліся першыя выбаршчыкі. Калі практычна на кожным пашпарце ёсць вясёлая вокладка, значыць, галасаваць прыйшлі студэнты.

На ўчастку для галасавання спакойна. Раз на некалькі хвілін прыходзіць па 2-3 чалавекі, якія ўжо вызначыліся, за каго аддадуць свой голас.

Дзяўчаты Настасся і Лізавета да выбару падышлі сур'ёзна — вывучылі перадвыбарчыя праграмы ўсіх кандыдатаў. Яны сыходзяцца ў думцы, што галоўнае — гэта ўзрост, ён павінен быць у кандыдата сярэднім, каб той мог разумець усіх. Таксама важная партыйная прыналежнасць: як можна галасаваць за таго, хто з'яўляецца прадстаўніком партыі, аб існаванні якой ты ні разу нават не чуў? А вось зарплата значэння не мае, таму што яна нічога не гаворыць аб асабістых якасцях кандыдата. Студэнткам хацелася б, каб выбраны дэпутат заняўся распрацоўкай рэформы адукацыі, праблемамі парковак, якасці дарог, капітальных рамонтаў у дамах.

Два цёзкі, Артуры, вучацца на трэцім курсе, аднак ужо задумваюцца аб тым, што б яны самі маглі прапанаваць выбаршчыкам. «Студэнта можна назваць універсальным грамадзянінам: мы прыслухоўваемся да думак нашых бацькоў, а таксама добра ведаем пазіцыю моладзі і разбіраемся ў сучасных тэндэнцыях. Гэта дазваляе прадстаўляць інтарэсы шырокага кола», — разважаюць хлопцы. Пакуль жа сярод кандыдатаў аддаюць перавагу тым, у каго вышэйшая адукацыя і вопыт працы на кіруючых пасадах.

Датэрмінова прагаласаваць, каб планаў не мяняць

А дзясятай гадзіне раніцы перад дзвярыма ўчастка для галасавання №28, што ў вёсцы Копішча Мінскага раёна, пачалі збірацца ахвотныя выканаць свой грамадзянскі абавязак. Звычайна першымі прыходзяць на ўчасткі пенсіянеры. Але на гэты раз іх апярэдзілі 30-40-гадовыя выбаршчыкі.

— Гэта і зразумела. У новым мікрараёне, які тут вырас за апошнія гады, жыве шмат маладых сем'яў, — тлумачыць старшыня ўчастка Таццяна Маскалік. — Наогул, у нас самы вялікі ўчастак на тэрыторыі Бараўлянскага сельскага Савета — каля 3 тыс. выбаршчыкаў. Сорак юнакоў і дзяўчат сёлета будуць галасаваць упершыню. Ім уручым віншавальныя паштоўкі з подпісам старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай.

Таццяна і Іван прыйшлі аддаць свой голас за кандыдата, які ім імпануе, разам з дачушкай.

— Няхай малая прывыкае. Яна ж таксама некалі будзе галасаваць, — жартуе тата. — Непасрэдна ў дзень выбараў нас не будзе дома, на выхадныя збіраемся да бацькоў: трэба дапамагчы сабраць яблыкі. Вось і галасуем датэрмінова, каб планаў не мяняць. А паколькі лічым, што ўдзел у гэтай важнай кампаніі абавязковы, то прыйшлі выканаць свой грамадзянскі абавязак.

Мы нядаўна перабраліся ў гэты мікрараён, тут нам падабаецца. І мы спадзяёмся, што кандыдат, за якога прагаласавалі, зробіць усё, каб наш мікрараён быў яшчэ больш утульным, прыгожым, зручным для пражывання.

За свайго кандыдата

Яўгенія Ігнатаўна Кузуб прыйшла на ўчастак для галасавання ў ліку першых выбаршчыкаў.

— Чаму ж не прагаласаваць, калі ўчастак знаходзіцца побач з домам? Па дарозе на рынак вырашылі з сынам зайсці і выканаць свой грамадзянскі абавязак, — ахвотна тлумачыла суразмоўца.

— А сын чаму галасуе датэрмінова? — пытаюся ў Валерыя Аляксандравіча.

— Хто ж мяне тады на машыне павязе ў Бярозу? — весела пытаннем на пытанне адказала за сына маці.

Яўгенія Кузуб, паводле яе слоў, 37 гадоў адпрацавала на вядомым брэсцкім прадпрыемстве «Брэстгазаапарат». Сказала, што і на вытворчасці заўсёды вызначалася актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, не памяняла сваіх поглядаў і на пенсіі. Тым больш што адна з кандыдатаў у дэпутаты па гэтай акрузе добра знаёмая ветэрану працы, нейкі час яны побач працавалі на прадпрыемстве. Таму са сваім голасам выбаршчыца вызначылася даўно.

— Нашы выбаршчыкі ў асноўным сталыя людзі, — расказвае старшыня камісіі выбарчага ўчастка №23 Брэсцкай-Заходняй выбарчай акругі №1 Ларыса КРУПТА. — Гэта старая забудова Брэста. Адразу пасля таго, як ў 9.55 мы апячаталі скрыню для галасавання і падрыхтавалі неабходныя дакументы, на ўчастак завіталі адна за адной дзве пенсіянеркі. Не скажу, што ў першыя часы першага дня датэрміновага галасавання грамадзяне праяўляюць высокую актыўнасць, але, самі бачыце, пакрысе людзі ідуць.

У спісы ўключана 1640 чалавек. Гэта сярэдні па гарадскіх памерах участак, удакладняе Ларыса Уладзіміраўна. На галасаванне па месцы жыхарства ўжо запісаліся 70 чалавек. Думаю, што названы спіс яшчэ значна папоўніцца. У асноўным яго складаюць людзі 1929—1932 гадоў нараджэння. Праўда, ёсць адна 84-гадовая пенсіянерка (пра яе калегі расказвалі), якая шмат гадоў прыходзіць у асноўны дзень выбараў. Жанчына прыходзіць з букетам астраў са сваёй дачы, каб павіншаваць усіх прысутных з важнай палітычнай падзеяй. Кветкі ўвесь дзень упрыгожваюць адзін са сталоў участка.

— На мінулых выбарах я ездзіла па кватэрах з урнай, — уступае ў размову член участковай камісіі Кацярына Налівайка. — Абсалютная большасць з ліку старых нямоглых людзей сустракае камісію ў святочным адзенні, яны імкнуцца пагаварыць, нават стараюцца запрасіць на чай. Людзі пажылыя, хворыя, успрымаюць такія візіты як знак увагі да сябе. Таму да выездаў рыхтуемся адказна.

«Працаваць адказна, з душой»

Такое пажаданне выказаў дэпутатам парламента ветэран Вялікай Айчыннай вайны Яўген ДАЛІДОВІЧ, які ўчора зрабіў свой выбар на выбарчым участку №15 Гродзенскай-Цэнтральнай акругі №51.

Гэты ўчастак, які размешчаны ў галоўным корпусе ГрДУ імя Янкі Купалы, адзін з 686 на Гродзеншчыне. Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Андрэй ГЕЦЭВІЧ зазначае, што яе члены ўжо правялі даволі значную работу. Па-першае, выверылі ўсе спісы выбаршчыкаў. Па-другое, абышлі каля 700 кватэр і перадалі інфармацыю пра кожнага з пяці прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат.

— Добра, што цяпер у нас ёсць такая магчымасць пазнаёміць выбаршчыкаў з кандыдатамі ў дэпутаты, незалежна ад таго, маюць яны фінансавыя сродкі для агітацыі альбо не маюць, — лічыць Андрэй Гецэвіч. — Безумоўна, гэта на карысць людзям, якія будуць галасаваць.

— Ці былі нейкія заўвагі ад назіральнікаў?

— Назіральнікі (пад імі я разумею і саміх кандыдатаў у дэпутаты, і іх давераных асоб, і цяперашніх дэпутатаў рознага ўзроўню) наведваюцца на наш участак на працягу апошняга тыдня. Учора былі назіральнікі ад доўгатэрміновай місіі АБСЕ, а таксама прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый. На сённяшні момант якіх-небудзь заўваг не маем.

Не было заўваг і ў назіральнікаў ад рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь» і кампаніі «Права выбару», якія ў першы дзень датэрміновага галасавання знаходзіліся на выбарчым участку.

Бюлетэні паляцелі

Гамяльчане маці з сынам Галіна і Яўген Ашыхміны на свой выбарчы ўчастак прыйшлі аднымі з першых. Кажуць, збіраюцца ад'ехаць з горада на выхадныя, таму скарысталіся сваім правам прагаласаваць датэрмінова.

— Гэта проста натуральна для мяне, — кажа Галіна. — Ну як не прыйсці і не прагаласаваць за сваю будучыню? Мы ж усе зацікаўлены жыць лепш. І таму я глядзела біяграфіі кандыдатаў у дэпутаты, іх праграмы. Важна ведаць, што кожны з іх зможа для нас зрабіць. Я галасавала за таго чалавека, які будзе сапраўды паляпшаць наша жыццё.

— Як можна галасаваць за таго, каго не ведаеш? — працягвае размову сын Яўген. — Мы ў сям'і абмяркоўвалі кандыдатуры. Параіліся і аднагалосна вырашылі, за каго аддадзім свае галасы на гэтых выбарах.

Дарэчы, участак №15, дзе мы гутарым, знаходзіцца ў інтэрнаце па вуліцы Хмяльніцкага, 108, корпус 3. Па інерцыі людзі называюць інтэрнат «хімзаводскім». Аднак не так даўно будынкі, раней замацаваныя за вядомым прадпрыемствам, перададзены на баланс гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Сакратар выбарчай камісіі Ніна Бондзікава гаворыць, што месца галасавання для жыхароў традыцыйнае. Усе ведаюць, куды ісці, каб вызначыць сваю грамадзянскую пазіцыю. Тым не менш тут загадзя ўсё пераправерылі і падрыхтаваліся:

— Вось глядзіце самі: празрыстая урна ў нас апячатаная. Тут кабінка для папярэдняга галасавання, тут інфармацыя пра кандыдатаў, тут месца для назіральнікаў.

Назіральнікі, два маладыя мужчыны, прадстаўляюць грамадскія арганізацыі: БРСМ і «Белую Русь». Дзмітрый Тамашэнка адначае, што ўсё ідзе будзённа, без ажыятажу — што і добра.

На гэтым участку чакаюць трохі больш за дзве тысячы выбаршчыкаў. Сярод іх шмат супрацоўнікаў хімзавода, якія жывуць у гэтым і суседнім інтэрнацкіх будынках.

— Мы прайшлі па ўсіх пакоях у інтэрнаце — кожнаму ўручылі паведамленне пра выбары, — расказвае сакратар выбарчай камісіі Ніна Бондзікава. — Людзі цікавіліся біяграфіямі кандыдатаў у дэпутаты. Паралельна жыхары інтэрнатаў задаюць і іншыя пытанні, якія іх хвалююць. У асноўным яны звязаны з бытавымі ўмовамі пражывання ў інтэрнатах. Калі гэтыя пабудовы належалі хімзаводу, тут быў штат людзей, якія ўсё абслугоўвалі. Цяпер інтэрнаты перададзены ў сістэму ЖКГ, і ў людзей узнікаюць пэўныя пытанні ў сувязі з гэтым. Напрыклад, дзесьці трубу прарвала, дзесьці лямпачка не гарыць.

Між тым у пакой, дзе мы гутарым, заходзіць старшыня выбарчай камісіі Дзмітрый Чарнякоў. Ён член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, выбраны ад Гомельскай вобласці. Дзмітрый Уладзіміравіч тры гады кіруе Гомельскім хімічным заводам і пытанні перадачы інтэрнатаў з усімі іх праблемамі ведае як ніхто:

— Тут жа ўсё роўна працягваюць жыць нашы людзі. Нават калі перадавалі інтэрнаты гораду, імкнуліся па максімуме, нават наперад нешта зрабіць, каб у жыхароў як мага даўжэй не ўзнікала ніякіх праблем, звязаных з іх станам. І цяпер працягваем вырашаць многія праблемы. Трэба пакасіць — пакасілі. Нешта замяніць — замянілі.

Дар'я КАСКО, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Святлана ЯСКЕВІЧ, Барыс ПРАКОПЧЫК, Надзея ЮШКЕВІЧ, Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: З выбарам вызначыліся

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.