Вы тут

Упершыню за апошнія 6 гадоў у Беларусі зафіксавалі невялікую дэфляцыю


На самой справе памяншэнне цэннікаў у асноўным тлумачыцца сезонным характарам, але ў апошнія гады падобнага не назіралася ўвогуле. А тут маем факт патаннення, бо... Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, індэкс спажывецкіх цэн за тавары і паслугі ў жніўні ў параўнанні з ліпенем склаў 99,9%. Атрымліваецца, што ў жніўні ў сярэднім у нас адбылося патанненне прыкладна на 0,1%.


У лідарах — гародніна

Зразумела, што ў апошні месяц лета ўсе мы чакаем зніжэння цэн на прадукты харчавання. І сёлета нам пашанцавала. Істотней за ўсё ў жніўні апусціўся цэннік на гародніну, якая толькі за месяц патаннела амаль на траціну. Напрыклад, салодкі перац, морква і капуста пачалі прадавацца на 31% танней, буракі на 29%, а памідоры — увогуле на 56%. Таксама было зафіксавана зніжэнне цэн і на садавіну (мінус 4,6%). Напрыклад, бананы патаннелі больш як на 10%, а яблыкі — амаль на 6%. Аднак існуюць у нашай табліцы прадуктаў харчавання і «парушальнікі спакою». Так, за мінулы месяц ажно на 11% падаражэлі апельсіны і лімоны, на 5% — цукар і на 2% — распушчальная кава. Прыкладна на 0,7% павялічыліся цэны на малако і малочныя прадукты, а на мяса — ужо на 1%. Практычна не змяніліся агульныя цэны на паслугі (плюс 0,01%), а тарыфы ў жыллёва-камунальным сектары нават на 0,02% знізіліся.

Мінусуе летні асартымент

А вось з нехарчовымі таварамі сітуацыя крыху іншая. Тут за жнівень было адзначана невялікае падаражанне (плюс 0,3%). Мацней за ўсё прыбавіў цэмент (плюс 3,6%), халадзільнікі (плюс 3,5%) і аконнае шкло (плюс 2,4%). Па гэтай катэгорыі тавараў таксама не ўсё так кепска. Ужо ў жніўні пачаў сур'ёзна таннець менавіта летні асартымент. За мінулы месяц мацней усяго былі падкарэктаваны цэны на мужчынскія басаножкі (мінус 5,7%), летнія падлеткавыя (мінус 4%) і жаночыя (мінус 6,4%) туфлі і купальнікі (мінус 2,6%). Гэта таксама паказчык, але рэальнаму пакупніку — як хваробе кашаль. Мне здаецца, што купальнікі і басаножкі восенню будзе купляць толькі сапраўды экстравагантны кліент.

Былі на максімуме?

Наконт гэтага фінансавыя аналітыкі ад бізнесу адзначаюць, што цэны на агародніну знізіліся так істотна, бо наша вялікая суседка ўжо не купляе ў нас гэтыя прадукты ў неабмежаванай колькасці па максімальных цэнах. А на сваім рынку насельніцтва пачало больш эканоміць, бо даходы ў апошні час не павялічваліся. Пэўную ролю тут адыгрывае і памяншэнне інфляцыйных чаканняў як на ўзроўні айчынных вытворцаў, так і сярод фермераў і індывідуальных прадпрымальнікаў.

А яшчэ ёсць погляд, што цэны ўжо і так папярэдне дасягнулі сваёй верхняй мяжы. А цяпер, каб прывабіць масавага пакупніка, буйныя кампаніі былі вымушаны зніжаць свае апетыты і, адпаведна, цэны.

Пад адміністрацыйным кантролем

Існуе ў Белстата і яшчэ адзін цікавы паказчык. Гэта базавы індэкс спажывецкіх цэн (БІСЦ). Ён ужо выключае змяненне цэн на асобныя тавары і паслугі, схільныя трапіць пад уплыў фактараў адміністрацыйнага і сезоннага характару. А такі БІСЦ у жніўні ў параўнанні з ліпенем не паменшыўся, а склаў 100,5%.

Сяр­гей КУР­КАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Цэны — назад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.

Эканоміка

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Новыя жыллёвыя ўмовы. Абараніць уласнікаў, спажыўцоў і пастаўшчыкоў паслуг

Пра новаўвядзенні, якія дэпутаты мусяць разгледзець на вясновай сесіі.